Туберкулёз не выбірае па статусе. Эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе ў Ляхавіцкім раёне застаецца напружанай

Эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе ў Ляхавіцкім раёне застаецца напружанай. У 2020 годзе ў раёне выяўлена пяць новых выпадкаў туберкулёзу органаў дыхання.
Туберкулёз – сацыяльна небяспечнае інфекцыйнае захворванне, лячэнне якога прадаўжаецца даволі доўга. Яно можа паражаць розныя органы і тканкі арганізма чалавека, але найбольш часта лёгкія.
Туберкулёз перадаецца аэрагенным шляхам ад хворага, які выдзяляе мікабактэрыі туберкулёзу. Асноўнай крыніцай інфекцыі з’яўляецца макрота хворага, найдрабнейшыя кропелькі якой, інфіцыраваныя мікабактэрыямі, пры кашлі, чханні, размове, смеху трапляюць у паветра, адкуль з патокам паветра – у лёгкія здаровых людзей і выклікаюць туберкулёз. Інфіцыравацца туберкулёзам можна ў перапоўненым памяшканні, што дрэнна праветрываецца, грамадскім транспарце, калі ў ім знаходзіцца хворы з бактэрыявыдзяленнем.
Хто можа захварэць туберкулёзам?
Туберкулёзам можа захварэць кожны чалавек, незалежна ад сацыяльнага статусу і матэрыяльнага становішча. Аднак часцей за ўсё захворваюць людзі, якія знаходзяцца ў пастаянным кантакце з хворым заразнай формай туберкулёзу лёгкіх; людзі з аслабленым імунітэтам; людзі, якія пакутуюць алкагольнай, наркатычнай і тытунёвай залежнасцю; людзі з ВІЧ, а таксама хворыя цукровым дыябетам, хранічнымі неспецыфічнымі захворваннямі лёгкіх.
Мікабактэрыі туберкулёзу разбураюць тканку лёгкіх, што становіцца прычынай смерці або цяжкай інваліднасці. Захворванне можа доўгі час працякаць скрыта, і, калі чалавек не прывык звяртаць увагу на сваё недамаганне, ён можа звярнуцца за медыцынскай дапамогай вельмі позна, калі для лячэння спатрэбіцца значна больш намаганняў і часу.
Частым сімптомам туберкулёзу лёгкіх з’яўляецца кашаль, што прадаўжаецца больш за тры тыдні. Ён можа суправаджацца выдзяленнем макроты з прожылкамі крыві. Іншыя найбольш частыя прыкметы захворвання: павышэнне тэмпературы, начная патлівасць, страта апетыту, стамляльнасць, страта масы цела пры звычайным харчаванні.
Туберкулёз на пачатковых стадыях можа працякаць бессімптомна. Некаторыя ўказаныя прыкметы туберкулёзу могуць назірацца і пры іншых захворваннях, таму пры ўзнікненні такіх сімптомаў абавязкова неабходна звярнуцца да ўрача агульнай практыкі або ўрача-фтызіятра для правядзення больш дакладнай дыягностыкі.
Выяўленне падазрэння на туберкулёз ажыццяўляецца пры рэнтгенафлюараграфічным скрынінгу. Удакладненне і пастаноўка дыягназу праводзіцца на падставе бактэрыялагічнага даследавання біялагічнага матэрыялу, часцей макроты.
Што будзе, калі не лячыцца?
Калі зусім не звяртацца за меддапамогай, у некаторых выпадках туберкулёз можа развіцца вельмі хутка, што прывядзе да смерці хворага. Пры прыёме супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў паляпшэнне стану адбываецца хутка, але пры адмове ад лячэння хвароба можа вярнуцца ў больш цяжкай форме.
Таццяна МАЛЯР,
урач-фтызіятр Брэсцкага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера.

