Побач і разам. 2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

«У бягучай міжнароднай сітуацыі, на фоне напружанай абстаноўкі перш за ўсё на заходніх рубяжах нам жыццёва неабходна развіваць адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Маскве на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, 26 лютага 2026 года.
30 гадоў назад 2 красавіка 1996 года Прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб утварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі, які заклаў фундамент развіцця Саюзнай дзяржавы. Асноўныя прынцыпы будаўніцтва новага міждзяржаўнага ўтварэння – суверэнітэт і роўнасць.
У Беларусі і Расіі 2 красавіка дзяржаўнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, якое абапіраецца на памяць і вопыт мінулых пакаленняў народаў абедзвюх краін, на стваральнае жыццё сёння і з’яўляецца сімвалам таго, што нашы братэрскія народы
і ў далейшым будуць разам.
Сімвал братэрства
Саюз Беларусі і Расіі наканаваны лёсам. Каб гэта зразумець і ўсвядоміць, варта перагарнуць старонкі гісторыі, якая засведчыць, што ў нашых народаў заўжды было, ёсць і, безумоўна, будзе шмат агульнага.
І ў ХХІ стагоддзі прадаўжаецца сумесная гісторыя народаў Расіі і Беларусі: мы разам будуем Саюзную дзяржаву. Нашы краіны захоўваюць цесныя сувязі ў прамысловасці, гандлі, сельскай гаспадарцы, адукацыі і культуры, спорце і навуцы, асваенні космасу, энергетыцы, інфармацыйных тэхналогіях. І з кожным годам гэтыя сувязі мацнеюць. Паміж суверэннымі Расіяй і Беларуссю ёсць геаграфічная мяжа, але беларусы і расіяне перасякаюць дзяржаўныя межы без візы. А на захадзе Беларусь надзейна стаіць на варце не толькі сваёй мяжы, але і міру і спакою Саюзнай дзяржавы.
Яшчэ адзін важны аспект – у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Прынцыповым момантам у супрацоўніцтве дзвюх краін з’яўляецца забеспячэнне сацыяльнай роўнасці іх грамадзян, што занатавана ў Дагаворы аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года. Забяспечаны роўныя правы ў сферах працоўнай дзейнасці, прызнання працоўнага стажу і аховы працы.
Урэгуляваны пытанні пенсійнага забеспячэння і сацстрахавання. Умовы роўмінгу для тэлефонных абанентаў сталі больш камфортнымі. Усім грамадзянам пры неабходнасці аказваецца хуткая і неадкладная медыцынская дапамога. А яшчэ прадастаўлена магчымасць удзелу ў выбарах на мясцовым узроўні.
І зараз, калі ў свеце так неспакойна, калі ваенная напружанасць узрастае і каля межаў Саюзнай дзяржавы, Беларусі і Расіі трэба быць адзінай сям’ёй, дзе народы гатовы падтрымаць адзін аднаго, прыйсці на дапамогу і разам радавацца дасягненням і супрацьстаяць
перашкодам. Мы разам і ў плане бяспекі.
Размяшчэнне ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» таму пацвярджэнне. «Арэшнік» з’яўляецца прадуктам Саюзнай дзяржавы, і яго размяшчэнне ў Беларусі прадугледжана прынятым дагаворам
аб гарантыях бяспекі ў рамках СД.
Ляхавічы – Расія. Нашу прадукцыю ведаюць!
Свой уклад у добрасуседскае супрацоўніцтва ўносіць і Ляхавіцкі раён. Сярод замежных краін менавіта Расійская Федэрацыя была і застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Ляхавіччыны.
– У мінулым годзе тавараабарот паміж нашым раёнам і Расіяй вырас. Разам з тым прадпрыемствы Ляхавіччыны з улікам вытворчых магчымасцей, маркетынгавай і цэнавай палітыкі пастаянна прапрацоўваюць магчымасці нарошчвання аб’ёмаў і дыверсіфікацыю экспарту тавараў у рэгіёны Расійскай Федэрацыі, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Леснік.
Асноўнымі экспарцёрамі з’яўляюцца СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» (масла сметанковае), ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» (пладова-ягадныя і агароднінныя кансервы), ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» (тарфяныя брыкеты), ТАА «Фермент» (кармавыя дабаўкі, ферментныя прэпараты), ТАА «ЮстаПласт» (вырабы з палімерных матэрыялаў),
ТАА «Трансэлектракамплект» (электратэхнічная прадукцыя).
– Найбольш паспяхова і актыўна прадпрыемствы Ляхавіччыны рознай формы ўласнасці супрацоўнічаюць з наступнымі расійскімі рэгіёнамі: Масква і Маскоўская вобласць, Санкт-Пецярбург і Ленінградская вобласць, Бранская, Смаленская, Белгародская вобласці. Прадукцыя ляхавіцкіх вытворцаў адпраўляецца таксама ў Краснадарскі край, Татарстан, Удмурцію, Забайкальскі край, Растоўскую і Омскую вобласці, – падкрэсліла Алена Леснік.
У аддзеле эканомікі падкрэслілі, што ва ўмовах змянення знешняй кан’юнктуры прадпрыемствы раёна праводзяць пераарыентацыю экспартных патокаў з рынкаў заходніх і прыбалтыйскіх краін на рынак Расійскай Федэрацыі. Напрыклад, у мінулым годзе на расійскі рынак са сваёй фірменнай прадукцыяй – каркасна-панэльнымі і модульнымі дамамі – выйшла ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». І цяпер жылыя дамы ляхавіцкай вытворчасці «абжываюцца» ў Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу.
Што датычыць імпарту, мы набываем у Расіі прадукцыю фармацэўтычнай і хімічнай прамысловасці (фарбы і лакі), фота- і кінатавары, пластмасу і вырабы з яе, паперу, абсталяванне, механічныя і электратэхнічныя прыстасаванні.

