Капітальныя планы з увагай да людзей. У Ляхавіцкім раёне працягваецца добраўпарадкаванне райцэнтра і населеных пунктаў

У Ляхавіцкім раёне працягваецца добраўпарадкаванне райцэнтра і населеных пунктаў. Зроблена нямала, перспектывы – каласальныя. Першы намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй акрэслівае планы на 2026 год. У прадпрыемства – маштабныя задачы, якія закрануць не адзін населены пункт і закліканы палепшыць якасць жыцця многіх людзей.

Так, у сакавіку ў вёсцы Літве стартаваў маштабны праект, падобных на які ў раёне не было больш за 15 гадоў, – будаўніцтва новага квартала жылой забудовы з усёй неабходнай інжынернай інфраструктурай. У Коньках капітальна адрамантуюць водаправодныя сеткі – гэтых змен з-за дрэннай якасці пітной вады вельмі чакалі мясцовыя жыхары. У Падлессі плануецца ўзвядзенне цэнтральнага водаправода. А ў Ляхавічах у квартале жылой забудовы «Патапавіцкі» вядзецца будаўніцтва сетак водаадвядзення. Але пра ўсё па парадку.

Новае жыццё на новых участках
Яшчэ з дарогі Ляхавічы – Баранавічы відаць тэхніка, задзейнічаная на будаўніцтве новага квартала ў вёсцы Літве. Згодна з праектам, тут з’явіцца вулічна-дарожная сетка, а таксама будуць пракладзены лініі электра-, газа- і водазабеспячэння. У квартале размесціцца і дзіцячая гульнёвая пляцоўка. Аб’ект уключаны ў інвестыцыйную праграму Брэсцкай вобласці, і гэта яшчэ адзін крок у развіцці інфраструктуры сельскай тэрыторыі. Сродкі на правядзенне работ прадугледжаны з абласнога бюджэту ў памеры 2,5 мільёна рублёў. Новы квартал індыві-дуальнай жылой забудовы з’явіўся ў выніку шматлікіх просьбаў насельніцтва і зваротаў у розныя інстанцыі. На даны момант ідуць пракладка водаправода, укладка тратуарнай пліткі і ўладкаванне дарожнага палатна (на здымках).

Работы вядуцца з улікам сучасных стандартаў, з выкарыстаннем якасных матэрыялаў, адзначае прараб ДРБУ-101 Віктар Харкевіч. Так, пракладваюцца поліэтыленавыя трубы – яны і служаць доўга, і не акісляюцца. Што да тратуарнай пліткі, то яна мікашэвіцкая, укладваецца з улікам прыродных асаблівасцяў на гравійна-пясчаную сумесь. І гэта забяспечвае трываласць пакрыцця і прадухіляе яго прасяданне ў вільготны перыяд. На вуліцы Маладзёжнай дарожнікі практычна завяршылі работу. А да канца месяца плануюць завяршыць першую чаргу з прадугледжаных чатырох.
Пасля завяршэння работ новыя дамы з’явяцца на 38 участках. Плошча кожнага ўчастка каля 14 сотак. Частка ўчасткаў будзе размеркавана паміж тымі, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а частку плануюць прадаць з аўкцыёну. Рэалізацыя праекта дазволіць, у тым ліку, стварыць умовы для прыцягнення ў сельскую мясцовасць маладых сем’яў.

Чыстая вада ў кожны дом
Адзін з ключавых аб’ектаў – і капітальны рамонт участка водаправодных сетак у аграгарадку Конькі даўжынёй 2,6 кіламетра. Сродкі на яго ў памеры больш за 680 тысяч рублёў выдаткаваны з абласнога бюджэту. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, і ўжо вядзецца работа па выбары падрадчыка. Існуючыя водаправодныя сеткі ў Коньках выпрацавалі эксплуатацыйны тэрмін і не гарантуюць надзейную падачу вады. У рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» ў аграгарадку ўжо ўзведзена станцыя абязжалезвання. І гэта важкі крок да паляпшэння якасці пітной вады, але без перакладкі водаправодных сетак поўнага эфекту не дасягнуць.
– Калі старыя трубы працягваюць разбурацца, то нават самая сучасная станцыя ачысткі не зможа забяспечыць дастаўку якаснай вады да спажыўца. Таму перакладка сетак – неабходнасць, – тлумачыць Ігар Шырэй.
Станоўча вырашаны і звароты грамадзян па пытанні будаўніцтва водаправодных сетак у Падлессі па вуліцах Савецкай і Першамайскай. На ўзвядзенне цэнтральнага водаправода працягласцю адзін кіламетр з абласнога бюджэту будзе накіравана 200 тысяч рублёў. Плануецца, што будаўнічыя работы пачнуцца ўжо сёлета.

Інфраструктура «патапавіцкай» забудовы
Яшчэ адзін значны аб’ект у квартале жылой забудовы «Патапавіцкі» райцэнтра, дзе з лютага ўзводзяцца сеткі водаадвядзення даўжынёй 3800 метраў. Жыльцы квартала стварылі кааператыў,70 працэнтаў работ фінансуюцца з абласнога бюджэту. Праект уключаны ў інвестпраграму, на што выдаткавана больш за 730 тысяч рублёў.
Такім чынам, КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» рэалізуе комплексны падыход да развіцця камунальнай інфраструктуры. Задача прадпрыемства – не проста ліквідаваць аварыі, а сістэмна абнаўляць сеткі, укараняць новыя тэхналогіі і рабіць жыццё людзей больш камфортным.

Добраўпарадкаванне не спыняецца
Вырабляюцца праекты і на 2027 год па рэканструкцыі ўчасткаў цеплавых сетак у Ляхавічах па вуліцах Чкалава, Леніна, Будаўнікоў і завулку Южакова. Гэта дазволіць падрыхтаваць цеплавыя сеткі да надзейнай эксплуатацыі ў зімовы перыяд. Старыя камунікацыі, якія адслужылі свой тэрмін, будуць заменены на сучасныя, больш эфектыўныя і энергазберагальныя. Дарэчы, летась былі зроблены рэканструкцыя цеплавых сетак (працягласцю 3,1 кіламетра) і капітальны рамонт участка водаправодных сетак у Ганчарах, рэканструкцыя целавых сетак у Галаўнінцах, рэканструкцыя кацельні ў Дараўскай СШ з устаноўкай эфектыўнага цеплагенерыруючага абсталявання і іншае.
Водаправодныя сеткі ў Навасёлках, якія знаходзіліся на балансе ААТ «Шлях новы», перададзены КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Гэта дазволіць забяспечыць больш якаснае абслугоўванне, своечасовы рамонт і мадэрнізацыю сетак. Для паляпшэння якасці пітной вады ў Навасёлках таксама плануецца капітальны рамонт водаправодных сетак. Тады жыхары атрымаюць чыстую ваду без перабояў. Летась у аграгарадку была ўзведзена станцыя абязжалезвання. Ігар Шырэй адзначыў, што на Ляхавіччыне планы па ўзвядзенні станцый абязжалезвання цалкам выкананы. Летась узведзены станцыі ў Свяціцы і Зубелевічах.
З 2021 па 2025 год на тэрыторыі Ляхавіччыны ў строй уведзена дзевяць станцый абязжалезвання і чатыры міні-станцыі абязжалезвання.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.