Праграмы шчаслівага жыцця. Пра што гаварылі на пазачарговай сесіі Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў

Чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў сабрала немалы кейс пытанняў, якія закранаюць літаральна ўсе сферы жыццядзейнасці нашага раёна. Пазачарговае абмеркаванне ў асноўным тычылася выканання рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўных праграм.

Акцэнт у сельскагаспадарчай галіне паводле праграмы «АПК будучыні» будзе зроблены ў тым ліку і на павелічэнні долі дойнага статка буйной рагатай жывёлы, якая размяшчаецца на сучасных малочнатаварных комплексах і фермах, на павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, стварэнні ўмоў для ўстойлівага развіцця сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак:
– Паказчыкі для аграрнага сектара Ляхавіччыны амбіцыйныя. Пяцігодку плануецца завяршыць з сярэднім надоем малака на карову ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна не ніжэй за 9 060 кілаграмаў. Сур’ёзныя лічбы чакаюць нас і ў аб’ёмах вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі: напрыклад,
вытворчасць прадукцыі БРЖ павялічыцца да 5,9 тысячы тон,
малака – 87,4 тысячы тон. Мінулая пяцігодка адзначылася годнымі вынікамі, амаль усе паказчыкі дасягнулі. Таму мы ведаем рэсурсы, дзякуючы якім можам паднаціснуць і выйсці на добрыя лічбы, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.
Сесія таксама разгледзела пытанне аб узгадненні перадачы паўнамоцтваў выканаўчага органа адкрытага акцыянернага таварыства «Нача» па дагаворы кіруючай арганізацыі сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву «Ляхавіцкі».
Варта адразу адзначыць, што гэта працэс, які не прадугледжвае продаж, аб’яднанне або зліццё арганізацый. Гэта свайго роду аздараўленчы працэс.
Сёння мы бачым, ААТ «Нача» мае пэўны патэнцыял для развіцця, аднак фінансавая сітуацыя не дазваляе рабіць упэўненыя крокі развіцця. Напрыклад, пакуль гаспадарка не мае магчымасці набыць спецтэхніку для будаўніцтва сучасных малочнатаварных комплексаў, узнікаюць фінансавыя складанасці пры набыцці тэхнікі ў лізінг. Невялікія аб’ёмы вытворчасці становяцца стопам у развіцці.
– Таму флагманскаму прадпрыемству – СВК «Ляхавіцкі», які сёння задае тон і тэндэнцыі ў аграрным жыцці раёна, будзе па сілах дапамагчы ААТ «Нача». У гаспадарках гэтыя пытанні атрымалі станоўчыя водгукі – кіраўніцтва і калектывы застаюцца нязменнымі, як і іншыя кіраўніцкія нюансы. Зараз ідзе працэс інвента-
рызацыі актываў ААТ «Нача», пасля чаго будзе падпісаны адпаведны
дагавор аб перадачы кіруючых паўнамоцтваў, – адзначыў Васілій Пыжык.
Таксама падчас сесіі былі разгледжаны пытанні аб выкананні рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўных праграм «Збалансаваны рынак працы», «Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу», «Грамадства роўных магчымасцяў», «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», «Беларусь інтэлектуальная»,
«Турызм», «Экалогія», «Фізічная культура і спорт», «Здароўе нацыі».
– Сённяшняя сесія вызначыла праз прызму дзяржаўных праграм наш рэгіянальны вектар развіцця. За кожным паказчыкам – якасць жыцця беларусаў. Як мы бачым, усе лічбы дасягальныя, яны рэальныя. Задача для нас – працаваць кожнаму на сваім месцы, тады агульны вынік стане ўпэўненым сёння і моцным заўтра! – падсумаваў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.