Чатыром лапам патрэбна чалавечае сумленне. Што неабходна ведаць чалавеку, які жадае мець чатырохлапага гадаванца ў кватэры

Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Гэтыя агульнавядомыя словы замацаваны заканадаўча. Можна бясконца заклікаць людзей да гуманных адносін да братоў нашых меншых і прымушаць выконваць парадак іх утрымання, але ўсё роўна знойдуцца тыя, хто выгульвае сабаку на дзіцячай пляцоўцы, без намордніка ці спускае яго з павадка. Час ад часу грамадства ўскалыхвае чарговы выпадак жорсткай расправы над безабароннымі жывёламі. Праблема абыходжання з жывёламі хвалюе многіх з нас: тых, хто не ўяўляе сваё жыццё без хатніх любімцаў, хто абыякавы да іх, хто цярпець не можа ні кошак, ні сабак, ні іншую жыўнасць у кватэры.

Закон для гаспадароў
Што ж неабходна ведаць чалавеку, які жадае мець чатырохлапага гадаванца ў кватэры.
– У Законе вызначана, што ўмовы ўтрымання жывёл павінны адпавядаць іх патрэбам у ядзе, вадзе, паветры, святле, адпачынку,
а таксама іншым фізіялагічным патрэбам. Здаровых гадаванцаў забаронена ўсыпляць, нельга выдаляць ім кіпцюры, клыкі, вушы і хвасты без ветэрынарных паказанняў. Забарона продажу жы-
вёлы непаўналетнім, самавыгулу жывёлы, абавязковае прыбіранне прадуктаў жыццядзейнасці жывёлы на вуліцы, недапушчэнне
купання жывёлы ў водных аб’ектах каля месцаў масавага адпа-
чынку людзей, прыняцце мер па недапушчэнні з’яўлення непажа-
данага прыплоду жывёлы – таксама патрабаванні Закона, – удак-
ладняе галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская.

«Пашпарт» для чатырохлапага
Уладальнікі сабак і катоў абавязаны зарэгістраваць іх, гэта працэдура бясплатная. Пасля таго, як у кватэры з’явіўся чатырохлапы гадаванец, яго ўладальнік павінен на працягу трох дзён зарэгістраваць новага «жыльца». Гаспадару выдадуць пасведчанне і жэтон на гадаванца.
У кватэры дазваляецца ўтрымліваць не больш за дзве жывёлы на сям’ю.
Для рэгістрацыі патрабуюцца: пашпарт уладальніка, ветэрынарны пашпарт сабакі з адзнакай аб прышчэпцы ад шаленства і адпаведная заява, для сабак патэнцыяльна небяспечных парод дадаткова – даведка пра праходжанне навучання ў кінолага. Рэгістрацыю хатніх сабак і катоў, выдачу пасведчанняў і жэтонаў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ажыццяўляе КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Пакуль у камунгасе на ўліку ўсяго 20 жывёл, якія жывуць у кватэрах (9 з іх зарэгістраваны сёлета).
Зразумела, што хатніх жывёл значна больш, і знаходзяцца яны на нелегальным становішчы, гаворыць майстар участка «Жылфонд» камунгаса Дзяніс Леснік.
Дарэчы, усе пералічаныя правілы датычацца кватэр, на прыватным падвор’і можна ўтрымліваць колькі заўгодна і сабак, і катоў.
Што датычыцца катоў, то за іх, незалежна ад пароды, падатак не бярэцца. А вось за ўтрыманне сабак давядзецца плаціць –
у залежнасці ад велічыні жывёлы і пароды.
Аб’ектам падаткаабкладання з’яўляецца сам факт валодання
сабакам. На ўсе пароды, акрамя сабак патэнцыяльна небяспечных парод, падатак складае 14 рублёў у квартал, за хатніх гадаванцаў патэнцыяльна небяспечнай пароды, (ратвейлер, нямецкая, каўказская, сярэднеазіяцкая аўчаркі, шарпей, даберман і іншыя) падатак – 63 рублі ў квартал. Падатак праводзіцца па «жыроўцы» разам з унясеннем аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, – расказвае Наталля Маслоўская.
У фінансавым аддзеле райвыканкама паведамілі, што за
2025 год у бюджэт раёна паступіла 1 242 рублі падатку за валоданне сабакамі.

Выгульваць па правілах
Праблемны момант звязаны з выгулам сабак. Даволі часта на дзіцячых пляцоўках у дварах шматкватэрнікаў, на стадыёне можна ўбачыць, як гаспадары выгульваюць сваіх чатырохлапых гадаванцаў, якія і «па-маленькаму» і «па-вялікаму» ходзяць ці ў пясочніцу, ці на газон.
Пачнём з таго, што пры выгуле сабакі гаспадар абавязаны мець пры сабе пакет, каб прыбраць за сваім гадаванцам. Па-другое, зразумела абурэнне бацькоў дзяцей: чаму дзеці павінны гуляць там, дзе, прабачце, валяюцца сабачыя «шарыкі». Згодна з Правіламі ўтрымання хатніх гадаванцаў, іх уладальнікі павінны выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы ўтрымання жывёлы, забяспечваць бяспеку людзей і не дапускаць забруджвання жывёлай агульнадаступных грамадскіх месцаў.
– Згодна з Правіламі, шчанят да трох месяцаў і дэкаратыўных
сабак ростам да 25 сантыметраў можна выгульваць толькі на павадку, без намордніка. У астатніх выпадках, адпраўляючыся з
чатырохлапым на прагулку, пра наморднік не варта забываць. Акрамя таго, сабак патэнцыяльна небяспечных парод забараняецца выгульваць непаўналетнім і нецвярозым грамадзянам. Трэба ўлічваць, што жывёл забараняецца прыводзіць у магазіны, школы і дзіцячыя садкі, месцы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, паркі, скверы, стадыёны, рынкі, жывёлагадоўчыя аб’екты. Выключэнні толькі для сабак-павадыроў. Прыдамавая тэрыторыя шматкватэрнікаў таксама не месца для выгулу. Сабак можна выгульваць толькі ў спецыяльна ўстаноўленых месцах. У нашым райцэнтры гэта тэрыторыя напрыканцы вуліцы Будаўнікоў паміж вуліцамі Кальцавой і Клецкай; вакол гаражнага масіву паміж вуліцамі Кастрычніцкай і Арлоўскага, – адзначае Наталля Маслоўская.
За невыкананне нормаў можна панесці адміністрацыйную
адказнасць.
– Калі сабака без намордніка, спушчаны з павадка і, напрыклад, кагосьці напалохаў, ці жывёла пакінула на газоне экскрэменты,
то згодна з артыкулам 16.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, гаспадар жывёлы можа атрымаць папярэджанне ці штраф у памеры ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі ж была нанесена шкода здароўю ці маёмасці, напрыклад, сабака ўкусіў, парваў адзенне, нанёс фізічную шкоду іншай жывёле, такія выпадкі разглядаюцца ў судзе, і штраф складае ад 10 да 30 БВ, магчымы і адміністрацыйны арышт.
Нагадаю яшчэ пра такі момант.
Асаблівая ўвага надаецца захаванню цішыні. Калі сабака браханнем парушае начны спакой суседзяў (у час з 23 да 7 гадзін), то гаспадар можа атрымаць штраф на першы раз у памеры ад 2 да 10 БВ, а за паўторнае парушэнне – ад 10 да 30 БВ, – тлумачыць начальнік аддзела
аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.

Пра чыпіраванне
Факт, што не ўсе сабакі, якія бегаюць па вуліцах населеных пунктаў, нічыйныя. Нямала сярод іх тых, каго гаспадары спускаюць з прывязі, каб жывёла «пагуляла» ці знайшла сабе ежу. І вынікі такіх самавыгулаў могуць быць даволі сумнымі – сабакі могуць напалохаць і нават пакусаць людзей, напасці на іншых сабак ці катоў. Як даведацца, бадзяжны сабака ці ўсё ж мае гаспадара, які павінен несці за яго адказнасць?
– На сёння чыпіраванне – самы эфектыўны метад выявіць, чыя жывёла бегае па вуліцах. Чып – гэта электронная мікрасхема памерам з рысавае зярнятка, якая ўводзіцца пад скуру жывёлы, згубіць яго немагчыма. Мікрачып бясшкодны для арганізма жывёлы,
не патрабуе падключэння да крыніцы сілкавання, актывізуецца толькі з дапамогай спецыяльных сканераў. Такая электронная ідэнтыфікацыя істотна павышае шанцы знайсці чатырохлапага гадаванца, які згубіўся. А калі чып ёсць у некалі хатняга, а цяпер бадзяжнага сабакі, то дазволіць выявіць нядбайнага гаспадара жывёлы. Акрамя таго, сканер дазваляе на адлегласці вызначыць, ці стэрылізаваны сабака, ці прышчэплены ад шаленства, калі неабходна рэвакцынацыя, а таксама атрымаць іншыя даныя пра жывёлу. Работнікамі Ляхавіцкай райветстанцыі чып устаноўлены ў 51 сабакі і 32 катоў, – расказвае ветэрынарны ўрач Ляхавіцкай участковай ветлячэбніцы Ірына Швайко.

Якое выйсце са, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі?
Нельга не звярнуць увагу на яшчэ адну рэальную сітуацыю, актуальную і для нашага райцэнтра, і для сельскіх населеных пунктаў. Зграі сабак бегаюць па вуліцах, часам – палохаючы людзей. І такое суседства бывае небяспечным, бо невядома, што можна чакаць ад галоднага ці ў пэўным фізіялагічным стане сабакі.
Між іншым, пераважная большасць такіх сабак не бадзяжныя, што пацвярджаюць ашыйнік на жывёле, ланцуг і г. д. А ў сацыяльных сетках абураныя ляхавічане звяртаюцца да кіраўніцтва камунгаса з патрабаваннем вырашыць пытанне з безнагляднымі сабакамі.
Сапраўды, функцыі па адлове бадзяжнай жывёлы ў нашым раёне ўскладзены на камунгас. Аднак пункту ўтрымання такой жывёлы ў раёне няма. Дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што заключаны дагавор з Баранавіцкім камунгасам на размяшчэнне адлоўленай жывёлы. Але безнаглядных жывёл столькі, што пункт утрымання перанаселены і прыняць усіх адлоўленых сабак і катоў проста не ў стане. А ўсыпленнем камунальнікі не займаюцца – жорсткае абыходжанне з жывёлай па-за законам…
Але і ў гэтай, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі хочацца знайсці выйсце. Так, стэрылізацыя бадзяжнай жывёлы не прадугледжана на дзяржаўным узроўні, але што перашкаджае гэта зрабіць нераўнадушным людзям? Колькасць бадзяжных сабак і катоў не вырасце, і сустрэчы з «сабачым вяселлем» не будуць палохаць навакольных.
А можа і наогул знойдзецца той, хто гатовы ашчаслівіць пакуль яшчэ нічыйнага ката ці сабаку – падорыць ім дом і клопат. Можа, кацяня каля пад’езда чакае менавіта вас?