Перамога за адказнасць. 28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы
Ахова працы – не набор правілаў, а культура, якая павінна быць унутранай патрэбай кожнага. Ці праверыў работнік перад уключэннем станок, ці апусціў ахоўны экран, ці звярнуў увагу на лужыну масла на падлозе…
Менавіта з дробязяў, з асабістай адказнасці складаецца агульная бяспека на прадпрыемстве.
28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы. Сёлета яго тэма – «Спрыяльнае псіхасацыяльнае рабочае асяроддзе: шлях да росквіту працаўнікоў і моцнай арганізацыі». Сёння ва ўсім свеце пытанне бяспекі на вытворчасці ўспрымаецца як адна з найважнейшых тэм сферы працы. Асноўны тэзіс: дастойная праца павінна быць бяспечнай. Але бяспека – гэта не толькі адсутнасць траўмаў. Гэта яшчэ і псіхалагічны камфорт, адсутнасць стрэсу, нармальны клімат у калектыве.
Эфектыўнай формай работы па прафілактыцы вытворчага траў-
матызму стала правядзенне «Тыдня нулявога траўматызму». На Ляхавіччыне адпаведныя мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх установах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Важнае значэнне ў арганізацыі здаровых і бяспечных умоў працы ў нашым раёне адыгрывае і дзейнасць мабільнай групы, створанай
пры Ляхавіцкім райвыканкаме. У яе складзе – прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, іншыя.
Летась мабільная група правяла ў раёне больш за 120 абследаванняў, падчас якіх наймальнікам рэкамендавана ўхіліць больш за 1 150 недахопаў у забеспячэнні бяспекі працуючых. Работа над памылкамі патрабуецца некаторым сельгаспрадпрыемствам, у будаўнічай галіне, прамысловасці і малым бізнесе. Сёлета падчас 25 рэйдаў выяў-
лена больш за 250 недахопаў.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць адзначае, што колькасць парушэнняў паступова зніжаецца. І гэта сведчанне выніковасці дзейнасці і павышэння адказнасці як наймальнікаў, так і працаўнікоў.
Немалую прафілактычную ролю адыгрывае і раённы конкурс па ахове працы, які праводзіцца з 2006 года. За 19 гадоў ён стаў сапраўдным стымулам для прадпрыемстваў і арганізацый раёна па паляпшэнні «бяспечных» паказчыкаў.
Сярод крытэрыяў конкурсных ацэнак – наяўнасць на прадпрыемстве ці ў арганізацыі кабінета па ахове працы ці тэматычнага кутка, зніжэнне ўдзельнай вагі працоўных месцаў са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы ў параўнанні з папярэднім годам, забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны і г. д.

У штогадовым аглядзе-конкурсе за 2025 год пераможцамі прызнаны: сярод арганізацый невытворчай сферы – Ляхавіцкі аграрны каледж (інжынер па ахове працы Алена Буйкевіч); сярод арганізацый вытворчай сферы са спісачнай колькасцю работнікаў на канец года да 100 чалавек уключна – Ляхавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм (інжынер па ахове працы Анастасія Цалуйка); сярод арганізацый вытворчай сферы са спісачнай колькасцю работнікаў на канец года звыш 100 чалавек – Ляхавіцкі кансервавы завод (інжынер па ахове працы Ігар Гусак).

У Ляхавіцкім аграрным каледжы за стварэнне бяспечных умоў працы персаналу, выкананне заканадаўчых нормаў і прадухіленне траўматызму адказвае інжынер па ахове працы Алена Буйкевіч, якая асноўную дзейнасць сумяшчае з вядзеннем дзяржаўных закупак. Яна спецыяліст кампетэнтны, аўтарытэтны, патрабавальны да сябе і да іншых. За амаль два дзесяцігоддзі стала сапраўдным экспертам у сваёй галіне. У бяспецы не бывае дробязяў, і Алена Буйкевіч гэта выдатна разумее. Раней выкладала прадмет па ахове працы і свае веды перадала маладым выкладчыкам. Сярод абавязкаў Алены Буйкевіч – распрацоўка інструкцый па ахове працы для розных катэгорый работнікаў і відаў работ, правядзенне інструктажоў, забеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны, каардынацыя дзейнасці інспектараў па ахове працы. Не выпадкова менавіта каледж стаў пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую арга-
нізацыю работы па ахове працы.
За прызнаннем – шматгадовая сістэмная дзейнасць усяго калектыву і адказнасць, прафесіяналізм інжынера па ахове працы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

