Чарнобыль – наша агульная памяць. Для Беларусі 26 красавіка 1986 года стала нацыянальнай трагедыяй

Для Беларусі 26 красавіка 1986 года стала нацыянальнай трагедыяй:
у выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС больш за 20 працэнтаў тэрыторыі краіны былі забруджаны радыенуклідамі.
Асноўны ўдар прынялі Гомельская, Магілёўская і частка Брэсцкай вобласці бліжэй да мяжы з Украінай.

Чарнобыльская катастрофа не падзяліла людзей па месцы жыхарства, а аб’яднала іх у агульным горы і патрэбе ў дапамозе. Дзясяткі тысяч сем’яў з пацярпелых рэгіёнаў былі эвакуіраваны і пераселены ў чыстыя раёны. Многія з іх знайшлі новы дом на Ляхавіччыне, а наш райцэнтр стаў для іх другой радзімай.

У наш раён прыехалі сем’і, якія вымушаны былі пакінуць у зоне адчужэння сваю маёмасць і пачынаць жыццё з нуля. Ім дапамагалі з жыллём, працаўладкаваннем, уладкаваннем на новым месцы. Мясцовыя жыхары, кіраўніцтва раёна, калектывы прадпрыемстваў і арганізацый рабілі ўсё, каб людзі адчулі сябе як дома.

У сакавіку 1993 года была створана раённая камісія па выдачы пасведчанняў пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у склад якой тады ўвайшлі прадстаўнікі райвыканкама, райсабеса, медыкі. Рэгістрацыя выдачы пасведчанняў вялася ў спецыяльных журналах асобна для кожнай катэгорыі грамадзян. Гэта сведчыць пра тое, што работа была пастаўлена на сістэмную аснову, з поўным улікам усіх нюансаў статусу перасяленцаў.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень у 1998 годзе была сакратаром гэтай раённай камісіі.
– Людзі, якія пераязджалі з пацярпелых раёнаў, перш за ўсё звярталіся ў камісію за атрыманнем пасведчання пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У залежнасці ад месца іх прыбыцця, ад таго, у якой зоне яны пражывалі раней, камісія выдавала пасведчанні, якія давалі права на льготы, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Дакумент быў накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў шырокага кола грамадзян – тых, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адселеных і тых, хто выехаў на новае месца жыхарства з тэрыторый радыеактыўнага забруджвання, тых, хто пражывае на гэтых тэрыторыях і іншых катэгорый грамадзян, вызначаных законам. Дзякуючы намаганням дзяржавы, мясцовай улады і саміх перасяленцаў людзі змаглі пабудаваць новае жыццё на Ляхавіччыне.

Перасяленцы атрымлівалі новыя кватэры ў райцэнтры па вуліцы Інтэрнацыянальнай, добраўпарадкаванае жыллё ў вёсцы Задвор’е па вуліцы Камсамольскай. На Ляхавіччыну ў 90-я гады пераехала больш за дзве сотні перасяленцаў з Нароўлі, Брагіна, Кармы, Чачэрска, Веткі, Хойнікаў і іншых гарадоў. Пасведчанне атрымліваў кожны член сям’і, дзецям выдаваліся даведкі, – узгадвае Дзіяна Трысцень.
Многія з тых, хто меў статус  перасяленцаў, сталі на Ляхавіччыне сваімі, актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага і культурнага
жыцця. Сярод іх – медыкі, педагогі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, рабочыя, інжынеры, прадпрымальнікі – прадстаўнікі самых розных прафесій. Іх гісторыі – прыклад таго, як чалавек можа ў літаральным сэнсе пачаць новае жыццё, калі побач ёсць неабыякавыя людзі і падтрымлівае дзяржава.
Гэта была сапраўдная народная салідарнасць, калі гора не раз’ядноўвае, а наадварот – робіць мацнейшымі. Мы прынялі чужую бяду як сваю і разам пераадолелі цяжкія наступствы той страшнай катастрофы.

З клопатам пра людзей
26 красавіка беларусы ўзгадаюць адну з найстрашнейшых трагедый у сваёй гісторыі. Але памяць – не толькі смутак. Гэта яшчэ і клопат пра тых, хто пацярпеў ад радыяцыі, хто цаной уласнага здароўя ліквідаваў наступствы аварыі, хто быў вымушаны пакінуць родныя мясціны.

У Беларусі працуе комплексная дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, якая ахоплівае сацыяльную абарону, медыцынскую дапамогу, эканамічнае развіццё забруджаных раёнаў, экалагічны маніторынг. І хаця праблема застаецца, людзі, якія жывуць на пацярпелых тэрыторыях, не адчуваюць сябе кінутымі.

Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС маюць права на шырокі спектр сацыяльнай падтрымкі. Асноўныя льготы залежаць ад перыяду ўдзелу ў работах і зоны радыеактыўнага
забруджвання, дзе яны праводзіліся. Самая значная льгота – права на датэрміновую пенсію. На 10 гадоў раней могуць выйсці на пенсію ліквідатары, якія працавалі ў 1986 годзе ў 10-кіламетровай зоне або не менш як 10 сутак у 1987 годзе. На пяць гадоў раней – ліквідатары, якія працавалі ў 1986-1987 гадах у зоне эвакуацыі ці адчужэння (акрамя 10-кіламетровай зоны), пры наяўнасці інваліднасці (незалежна ад прычыны). Згодна з законам ліквідатарам і перасяленцам ўстанаўліваюцца і надбаўкі да пенсіі.

Подзвіг, які не забыць
Асобнага слова заслугоўваюць ліквідатары чарнобыльскай аварыі. Гэта яны, разумеючы смяротную небяспеку, ішлі туды, дзе радыяцыйны фон зашкальваў. Сёння зразумела, што ніякая тэхніка, робаты не заменяць чалавека ў крытычнай сітуацыі. І калі размова ідзе пра выратаванне людзей, прадухіленне яшчэ большай катастрофы – нашы людзі здольныя на подзвіг. Гатоўнасць ахвяраваць сабой застаецца ў нацыянальным характары беларусаў.
Сярод нашых землякоў-ліквідатараў ёсць тыя, хто знаходзіўся ў зоне асаблівага кантролю, хтосьці працаваў трохі далей ад эпіцэнтра аварыі. Накіроўвалі ад ваенкамата, міліцыі, будаўнічых арганізацый і г. д. Сярод ліквідатараў былі і супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУС. У 1986-1987 гадах Радзіма паклікала на ліквідацыю наступстваў аварыі многіх нашых землякоў. Сярод іх былі і Іосіф Зубік, Іван Дубіна, Анатолій Ушко, Іван Ярома, Рыгор Доўгі і многія іншыя. Яны прывыклі быць на перадавой і ў мірны час, і ў час небяспекі. Былі і тыя, хто пасля атрымаў інваліднасць, а хтосьці пайшоў з жыцця…

Урок для ўсіх і кожнага
Памятаць – гэта не проста ведаць, памятаць – значыць рабіць высновы. Галоўны ўрок Чарно- быля: атам – гэта мір, а не вайна.  Чарнобыльская аварыя не спыніла развіццё атамнай энергетыкі, але прымусіла перагледзець падыходы  да бяспекі.  Сёння наша атамная станцыя, размешчаная каля Астраўца Гродзенскай вобласці, – адзін з самых бяспечных аб’ектаў у свеце. Шматузроўневыя сістэмы бяспекі, пасіўныя сродкі абароны, строгі кантроль – усё гэта вынік асэнсавання чарнобыльскага вопыту. Узмоцнены патрабаванні да падрыхтоўкі персаналу. Але галоўнае – змянілася сама культура бяспекі, дзе кожны работнік усведамляе, што яго памылка можа каштаваць жыцця тысячам.
Мы памятаем і будуем бяспечны заўтрашні дзень. Гэта пазіцыя, якая павінна стаць агульнай для ўсіх, хто адказвае за бяспеку. Бяспека пачынаецца не з гучных лозунгаў, а з канкрэтных дзеянняў кожнага.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.