Не трапіць на хітрасць махляроў. Жыццёвая гісторыя ад ляхавічан

На жаль, расце колькасць ахвяр інтэрнэт-махляроў. Сёння большасць грамадзян дастаткова інфармавана пра тое, як дзейнічаюць кіберзлачынцы. Але махляры рэгулярна мяняюць свае схемы падману, таму прафілактыка ў гэтым напрамку ніколі не лішняя.

Сустрэчы работнікаў праваахоўных органаў з працоўнымі калектывамі, сельскія сходы, індывідуальныя размовы са школьнікамі, размяшчэнне інфармацыі ў сацыяльных сетках, тэле-, радыёпраграмах і г. д.
Але, магчыма, уласныя прыклады з жыцця знаёмых, родных, блізкіх
для кагосьці стануць урокам, каб не паўтараць памылкі даверлівых грамадзян.
Падзялюся і сваёй гісторыяй з катэгорыі «адна з ахвяр кібермахляроў».  Днямі знаёмаму патэлефанавалі на вайбер і прадставіліся работнікамі сацыяльнай службы.
Па іх словах, патрабавалася ўдакладненне пенсійнага стажу, хаця мужчына яшчэ не на пенсіі. Ён даверыўся і прадыктаваў свае імя і прозвішча, дату нараджэння, а таксама, што самае небяспечнае, пацвердзіў дасланыя яму коды (нібы неабходна для ўваходу ў аддзяленне службы). А праз некалькі гадзін зноў жа на вайбер мужчыны патэлефанавалі «супрацоўнікі праваахоўных органаў» і паведамілі, што быццам бы па віне ляхавічаніна жанчына ў Мінску ўзяла крэдыт на суму эквівалентную 27 тысячам долараў, і каб спыніць банкаўскую аперацыю, неабходна прайсці па спасылцы, якую даслалі ў вайберы.
Як расказвае сам пацярпелы: «Тут я і зразумеў, што, напэўна, мяне
падманваюць, і сказаў, што зараз патэлефаную ў міліцыю». На што яму адказалі: «А я і ёсць міліцыя».
На шчасце, для самога сябе знаёмы на гэтым спыніў размову. Патэлефанаваў у банк, адкуль быццам бы даслалі коды. І, як аказалася, яшчэ б некалькі крокаў па спасылцы,
і на яго б маглі, напрыклад, аформіць крэдыт. Зразумела, што ніякіх грошай ён не атрымаў бы, а вось выплачваць немалую суму давялося б. Вось так на роўным месцы, дзякуючы лішняй даверлівасці і няўважлівасці можна трапіць у пастку кібермахляроў.

Як расказалі ў раённым аддзеле Следчага камітэта, з пачатку года ўзбуджана шэсць крымінальных спраў па факце кіберзлачынстваў. Па даных РАУС, на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна сёлета прызнаны пацярпелымі дзевяць грамадзян. Як паказвае практыка, ахвяр больш, некаторыя па розных прычынах не звяртаюцца ў праваахоўныя органы.

Зноў і зноў хочацца звярнуцца да землякоў. Будзьце ўважлівыя,
не паўтарайце памылкі іншых. Не паддавайцеся эмоцыям.
Памятайце: ніякія службы – газавая, электрасеткі, установы аховы здароўя, банкі – не тэлефануюць на вайбер.

Галіна КАНЬКО.