У прыярытэце службы вяршэнства закону. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў пракуратуры – «ЛВ» пазнаёміўся са спецыфікай і нюансамі пракурорскай работы

Строгі мундзір, упэўненая паходка, яркія выступленні ў судзе… Многія менавіта так уяўляюць работу пракурора. Але гэта толькі першыя ўражанні. Поле дзейнасці пракуратуры даволі шырокае. Работнікі стаяць на варце законнасці і правапарадку ў нашым грамадстве, абараняюць свабоды і правы грамадзян. Сёлета органам пракуратуры краіны спаўняецца 104 гады. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў пракуратуры – «ЛВ» пазнаёміўся са спецыфікай і нюансамі пракурорскай работы.

Экскурс у прафесію праводзіць пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар ПАЛЫКА:
– Пракуратура па сваёй сутнасці, калі гаварыць афіцыйнай мовай, – цэнтралізаваная сістэма органаў. Яе асноўны абавязак – кантроль за выкананнем заканадаўства. Работнікі пракуратуры забяспечваюць адзінства і вяршэнства закону, ажыццяўляюць абарону правоў і свабод чалавека, інтарэсаў грамадства. Пракурорскі нагляд распаўсюджваецца на ўсіх грамадзян дзяржавы без абмежаванняў. Таксама ён тычыцца арганізацый, якія займаюцца аператыўна-вышуковай работай, – міліцыя, Следчы камітэт і іншыя. Наша асноўная мэта – супрацьстаянне злачыннасці і карупцыі, забеспячэнне непазбежнасці пакарання за злачынныя дзеянні.

Прыярытэтныя напрамкі работы

– Нагляд за выкананнем заканадаўства быў і застаецца прыярытэтам у нашай рабо-це. Правяраем выкананне патрабаванняў антыкарупцыйнага і працоўнага заканадаўстваў. Адзначу, што ў пракуратуры дастаткова паўнамоцтваў і спосабаў, каб не толькі ўхіляліся выяўленыя парушэнні, але і не дапускаліся ў далейшым. Маю на ўвазе істотную прафілактычную работу. У гэтым напрамку цесна ўзаемадзейнічаем з органамі мясцовай улады, інфармуем іх пра выяўленыя факты і ўвогуле пра сітуацыю ў раёне. На асаблівым кантролі – пытанні прафілактыкі сямейна-бытавой злачыннасці, абароны законных інтарэсаў дзяцей. Вядзецца работа з грамадзянамі, якія не спяшаю-цца вяртаць дзяржаве грошы, затрачаныя ёю на выхаванне дзяцей, якіх забралі ад гора-бацькоў. Ёсць прыклады, калі іншы раз неабходна сур’ёзная размова з так званымі абавязанымі асобамі. Адзін з прыкладаў. Доўг па выплаце аліментаў у жыхара раёна на пачатак года быў большым за пяць тысяч рублёў. Пасля прафілактычнай гутаркі грамадзянін уладкаваўся на працу і ў якасці доўгу засталася дзясятая частка.
Пры неабходнасці прымаюцца меры пракурорскага рэагавання. Сёлета 105 асоб прыцягнуты да матэрыяльнай, дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці за недапрацоўкі ў рабоце, парушэнне
патрабаванняў закону.
Ляхавіччына – сельскагаспадарчы раён. Таму істотная ўвага надаецца выкананню заканадаўства ў аграпрамысловым комплексе. Асаблівы акцэнт на папярэ-джанне падзяжу буйной рагатай жывёлы. Пракуратурай право-дзяцца мэтавыя праверкі ў сферы ажыццяўлення закупак, пры забеспячэнні належных умоў утрымання жывёлы, выканання ветэрынарных і санітарных нормаў утрымання. Шырока выкарыстоўваем і такую форму абароны інтарэсаў дзяржавы, прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, грамадзян, як зварот з іскавымі заявамі ў суд. З пачатку бягучага года ў суд накіравана
6 іскаў на агульную суму каля 36 тысяч рублёў. Прычым больш за 35 тысяч з іх будуць спагнаны з жыхара Ляхавіцкага раёна, які павінен вярнуць грошы, затрачаныя дзяржавай на яго вучобу за бюджэтныя сродкі ў БДАТУ.

Каб вайна не паўтарылася

– Пяць гадоў, як Генеральная пракуратура краіны расследуе крымінальную справу, накіраваную на ўстанаўленне новых фактаў генацыду беларускага народа. Расследаванне ў гэтым напрамку праводзіць і пракуратура Ляхавіцкага раёна. І праз 81 год пасля Вялікай Перамогі адкрываецца нямала раней невядомых старонак тых страшных ваенных часоў. Канешне, непасрэдных сведкаў падзей саракавых гадоў мінулага стагоддзя і на Ляхавіччыне засталося зусім мала. Аднак ёсць людзі, якія перадаюць расказы сваіх родных, блізкіх, што бачылі ці чулі пра зверствы фашыстаў, паліцаяў. Менавіта па выніках аналізу ўспамінаў такіх грамадзян на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна знойдзены раней невядомыя масавыя пахаванні забітых мірных жыхароў. Нам, сённяшнім пакаленням, важна ведаць і захоўваць памяць пра тыя страшныя падзеі, каб ніколі не паўтарылася вайна.

Аснова асноў – прафілактыка

– Работнікі пракуратуры – частыя госці ў аграрным каледжы, школах і нават дзіцячых садках.  Кожная сустрэча з дзецьмі і моладдзю важная, гэта рэальная магчымасць расказаць, растлумачыць падрастаючаму пакаленню не толькі тое, што важна вучыцца, жыць, працаваць па законе і па сумленні. У дзіцячых калектывах неабходна гаварыць і пра тое, як важна ведаць гісторыю сваёй краіны, берагчы народныя традыцыі. Усё гэта дзеля адной высакароднай мэты – выхоўваць патрыётаў сваёй Радзімы.

У нас цудоўная моладзь. За ёй будучыня краіны. Неабходна падтрымліваць ідэі маладых, у якіх шмат планаў. Пры гэтым варта накіроўваць іх энергію ў патрэбным рэчышчы, каб юнакі і дзяўчаты ішлі па правільным шляху, а не саступілі на крывую сцяжынку.

З прафесійным святам, калегі!

Пракуратура Ляхавіцкага раёна – невялікі, але зладжаны калектыў. Нягледзячы на размеркаванне паўнамоцтваў у залежнасці ад нагляднай дзейнасці, пастаўленыя мэты дасягаюцца сумеснымі намаганнямі. Час патрабуе і ад пракурорскіх работнікаў пошуку новых падыходаў да выканання пастаўленых задач, аператыўнасці ў прыняцці рашэнняў. Выконваць закон – абавязак кожнага.
Жадаю ўсім сваім калегам моцнага здароўя, пазітыву, энергіі, бадзёрасці, упэўненасці ў сабе, дабрабыту, новых прафесійных дасягненняў на карысць Радзімы.

І пасада, і прафесія, і прызванне

Медаль «За бездакорную службу» І, ІІ, ІІІ ступеняў, званне «Ганаровы работнік пракуратуры Рэспублікі Беларусь», іншыя адзнакі пракурорскай дзейнасці – даволі не поўны пералік узнагарод пракурора Ляхавіцкага раёна старшага саветніка юстыцыі Ігара Палыкі. На асаблівым месцы побач з узнагародамі за прафесійную дзейнасць ёсць і медаль «За баявыя заслугі», якога ён быў удастоены за мужнасць, стойкасць, гераізм, вернасць прысязе падчас выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Пасля дэмабілізацыі восенню 1986 года для сяржанта Ігара Палыкі пачалося мірнае жыццё, з’явіліся новыя планы, многія з якіх удалося рэалізаваць. Атрымаўшы дыплом юрыста ў Гродзенскім універсітэце, першыя крокі ў прафесіі рабіў следчым Бара-навіцкай раённай пракуратуры. Прайшоў розныя службовыя прыступкі і на кожным месцы працы прафесійна выконваў свае абавязкі, быў і застаецца прынцыповым і адказным. Пракурорскі стаж Ігара Палыкі – 35 гадоў, ён з’яўляецца прыкладам прафесіяналізму для калег. Словы пракурорскай клятвы, якую вымаўляюць маладыя пракуроры падчас прысягі, «Служу Радзіме і закону» для Ігара Палыкі сталі дэвізам па жыцці.

– Як салдат, прайшоўшы выпрабаванні вайной, як пракурор, які па родзе службы займаецца расследаваннем фактаў генацыду беларускага народа, разумею, як важна берагчы мір і захаваць спакой і незалежнасць сваёй краіны. Мы жывём у неспакойны час, калі ідзе вайна за розум, сэрцы і сумленне людзей. І задача работнікаў пракуратуры – годна стаяць на варце інтарэсаў людзей і краіны, вяршэнства закону, аказваць дапамогу грама-дзянам у аднаўленні іх парушаных правоў. Высокі давер, ускладзены на органы пракуратуры, трэба штодзённа пацвярджаць адданай працай, – гаворыць Ігар Палыка.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у забеспячэнне законнасці і правапарадку і ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў пракуратуры – узнагароджаны памочнік пракурора Ляхавіцкага раёна Яўгеній ВІЛЬКОЎСКІ.