Сельскагаспадарчыя арганізацыі Ляхавіччыны выйшлі на атаву шматгадовых траў

Эстафета корманарыхтоўкі не ведае перапынку, працягваецца ў рэжыме нон-стоп. Пасля завяршэння каля тыдня назад першай уборкі зялёных шматгадовых траў  раённыя корманарыхтоўшчыкі адкрылі другі этап касавіцы.

Вынікі першага, магчыма, не былі максімальнымі з пазіцыі ўраджайнасці ўборачных угоддзяў, аднак іх можна лічыць дастаткова прымальнымі. І па аб’ёмах кармавых закладак, якія дынамічна адрозніваюцца ад сябе ж мінулагодніх, і ў плане якасці будучага сенажу. Сянаж – аснова першай касавіцы. Але паралельна ці разам з ім некаторыя гаспадаркі здолелі  «паднакруціць» яшчэ  і сена.  Лішнім дакладна не будзе.

Планавыя плошчы траў для ўборкі другім укосам некалькі зменшыліся – складаюць 7,2 тысячы гектараў. Але формула ўраджайнасці зялёнай масы выглядае лепшай. Да таго ж аграрыі прыступілі да фінішнай падрыхтоўкі да ўборкі азімых сельгаскультур: у фазу ўборачнай спеласці выходзіць і ячмень, і рапс. Клопатаў нямала!

У залік другога этапу корманарыхтоўкі гаспадаркамі раёна ўжо скошана каля паўтары тысячы зялёных гектараў. З 83 працэнтаў гэтай плошчы (па стане на раніцу 25 чэрвеня) атава дапрацавана, убрана і прыбрана для доўгатэрміновага захоўвання. Як і ў выпадку з першаўкоснымі работамі, корманарыхтоўшчыкі раёна максімальна засяроджаны на якасным складніку канчатковага прадукту,
не забываюцца, што самым дарагім кормам з’яўляецца той, які дрэнна прыгатаваны.
Найбольшы тэмп на «разгонным» адрэзку другой касавіцы дэманструе СУП «Ліпнянка». Са сваіх планавых 1,1 тысячы другаўборачных зялёных гектараў прадпрыемства скасіла
каля 700.
На мяжу 400 скошаных гектараў атавы выходзіць ААТ «Жарабковічы», мяжу ў 210 гектараў пераадолеў «Шлях новы». І так далей.
Іван КАВАЛЕНКА.