«Чайка» – месца, дзе лета становіцца святам. У аздараўленчым лагеры Ляхавіцкага раёна стартавала трэцяя змена

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Галоўны магніт для дзіцячага адпачынку летам на Ляхавіччыне – аздараўленчы лагер «Чайка», дзе за пяць змен сёлета пабывае амаль палова ўсіх дзяцей, ахопленых арганізаваным адпачынкам – больш за 400 чалавек. Каб канікулы пакінулі толькі прыемныя ўспаміны, дарослыя робяць усё магчымае, каб кожны дзіцячы дзень быў бяспечным, карысным і шчаслівым. «Чайка» – яскравы прыклад таго, як рэалізуецца дзяржаўны клопат пра дзіцячае аздараўленне. 

У летні сезон лагер сустракае хлопчыкаў і дзяўчынак з абноўленай тэрыторыяй, палепшанымі ўмовамі знаходжання і добра прадуманай бяспекай. Сёлета на падрыхтоўку «Чайкі» было накіравана каля 70 ты-
сяч рублёў, у тым ліку спонсарскіх сродкаў, якія пайшлі на рамонт памяшканняў, абнаўленне мэблі, добраўпарадкаванне тэрыторыі… Новыя тумбачкі, стульчыкі, шафы – дробязі, якія робяць знаходжанне дзяцей больш зручным і камфортным, адзначаюць у аддзеле па адукацыі райвыканкама. Але галоўнае, што чакае хлопчыкаў і дзяўчынак у «Чайцы», – эмоцыі, сябры і прыгоды.

Чыстая тэрыторыя, падрыхтаваны пляж, здаровае харчаванне і насычаная падзеямі праграма – усё гэта рэальнасць на 15 дзён, каб бацькі не хваляваліся, а дзеці адпачывалі з задавальненнем. У праграме дзіцячага адпачынку спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, інтэлектуальныя віктарыны, патрыятычныя мерапрыемствы, творчыя майстэрні і шмат іншага.

Тут прапагандуюць здаровы лад жыцця, раскрываюць творчыя здольнасці і ненавязліва нагадваюць пра карысць спорту, правільнага харчавання і загартоўкі. Адметны пункт – мерапрыемствы са слоганам: «Наша смачней! Наша надзейней! Купляю беларускае!».
Кожная змена тэматычная і непадобная на папярэднюю. Першая стартавала з «Гісторыі аднаго лета ў фармаце 5D» і заклікала рабіць добрыя справы штодзённа. Другая атрымала патрыятычную назву
«Дарогамі мужнасці» і адразу задала настрой на ўвесь адпачынак. 7 ліпеня сто хлопчыкаў і дзяўчынак запрасіла ўжо трэцяя змена.
У «Чайцы» да бяспекі ставяцца сур’ёзна. Кругласутачна нясе службу
супрацоўнік РАУС. Добраўпарадкаваны і пляж на вадаёме, які афі-
цыйна прызнаны зонай адпачынку.
Бяспека на вадзе – пад асаблівым кантролем: зона купання абгаро-
джана, а якасць вады рэгулярна правяраецца. У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспечныя канікулы» лагер наведваюць супрацоўнікі РАНС, Асвода, АДАІ і іншыя, праводзяць з дзецьмі гульні і займальныя заняткі.


– Наша задача – зрабіць так, каб кожная змена ў «Чайцы» была сапраўдным падарожжам у свет эмоцый, ведаў і сяброўства. Клапоцімся пра бяспеку, здаровае і смачнае харчаванне, камфорт. Але галоўнае – ствараем атмасферу, у якой дзіця раскрываецца і вучыцца новаму. Калі пасля лагера дзеці не хочуць раз’язджацца і мараць прыехаць зноў – значыць, усё робім правільна, – дзеліцца дырэктар
лагера Аляксандр Жукоўскі.

На другой змене ў «Чайцы» працаваў студэнцкі педагагічны атрад «Партызанская іскра» імя Героя Савецкага Саюза Таццяны
Мікалаеўны Барамзіной. Пад кіраўніцтвам старшага выхавальніка Сяргея Лешыка рабілі летні адпачынак школьнікаў па-сапраўднаму яркім, цікавым і запамінальным восем удзельнікаў атрада – педагогі, студэнты і выпускнікі ВНУ.

Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся ў адпачываючых другой змены ўражаннямі ад лагера.
– У «Чайцы» трэці раз, і гэта змена – лепшая! Тут і лепшыя важатыя, якія заўсёды падтрымаюць і падкажуць, захапляльныя спартыўныя эстафеты, і цікавыя інсцэніроўкі. Гэта лета запомнім надоўга, – прызнаюцца Лера Катко, Сафія Юруць і Маргарыта Русакевіч.
– У лагеры – класна! Кормяць смачна, як дома. А дыскатэка – гэта проста крута! З задавальненнем вучылі беларускія песні. Атрымалася весела, палюбілі беларускія мелодыі і цяпер часта іх спяваем, –
дзеляцца Каміла, Сабіна, Маша і Кіра з пятага атрада «Марская пяхота».
Пуцёўка ў «Чайку» даступная пры поўным кошце каля 600 рублёў, дзякуючы дзяржаўнай датацыі і дапамозе прадпрыемстваў, бацькоўская даплата складае ўсяго 65 рублёў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.