«Адрэналін» з летніка. Чарговы, 29-ы па ліку летні сезон адкрыў любімы ляхавіцкімі рабятамі аздараўленчы лагер “Чайка” /фота/

Чарговы, 29-ы па ліку летні сезон адкрыў любімы ляхавіцкімі рабятамі аздараўленчы лагер “Чайка”. У першую змену, якая доўжыцца з 16 чэрвеня па 3 ліпеня, ён прыняў 103 хлопчыкі і дзяўчынкі (13 з іх выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу, прыёмных і апякунскіх сем’ях, пуцёўкі для іх бясплатныя). Амаль усе выхавальнікі, важатыя, музработнікі (за выключэннем інструктараў па фізкультурна-аздараўленчай рабоце і аднаго выхавальніка) – не практыканты, а педагогі школ і пазашкольных устаноў раёна.

Па традыцыі “Чайка” сустрэла сезон абноўленай, добраўпарадкаванай, з уласцівай ёй гасціннасцю і шчырасцю. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі,спорту і турызму райвыканкама, на рамонтна-аднаўленчыя работы і набыццё абсталявання пайшло каля 500 мільёнаў рублёў, выдаткаваных з бюджэту.

Поўнасцю рэканструяваны душавыя, туалеты, пакой для мыцця бялізны, дзе ўстаноўлена новае абсталяванне. Падфарбаваны звонку ўсе карпусы, а тры – і ўнутры. У парадку і прылягаючая тэрыторыя, спілаваны больш за 20 аварыйных дрэў. Пра ўмацаванне здароўя дзяцей клапоцяцца урач Дзяніс Лапацін і медсястра Вольга Татарыновіч. Пяціразовае харчаванне адпачываючым забяспечваюць повары.

Старшы выхавальнік Аляксандр Стэцко ўвёў у курс справы: першая змена ў летніку мае назву “Гульні прастолаў”. Галоўная мэта праекта – праз сюжэты і персанажы любімых рабятамі камп’ютарных гульняў берагчы дзяцей ад… камп’ютарнай залежнасці. Два атрады профільныя: валанцёрскі і спартыўна-аздараўленчы. Пасля напружанага навучальнага года хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць тут добры зарад бадзёрасці, цудоўны настрой і мноства станоўчых эмоцый. Побач таленавітыя творчыя педагогі. А колькі новых цікавых крэатыўных задумак у педагога-арганізатара Ганны Буйко! Ды і ініцыятыўнасці астатніх выхавальнікаў можна па-добраму пазайздросціць.

У атрадах (“Смайлікі”, “Гномы”, “Адрэналін”, “Рэальныя пацаны” (тут адны хлопчыкі), “Піраты”) з першых дзён здорава. Што і пацвердзіла ўрачыстае адкрыццё змены ў мінулы чацвер. Гэту падзею абвясціла начальнік лагера Людміла Лешык. Потым быў святочны канцэрт, атмасфера панавала цудоўная, чаму спрыяла цёп-лае надвор’е, яскравае шоу, вясёлы настрой, еднасць дарослых і дзяцей (колькі бацькоў прыехалі раздзяліць з рабятамі свята і ўпэўніцца, што іх дзецям тут утульна, добра і цікава!). Наперадзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак – цэлая змена. Дарэчы, у час наступнай “Чайка” набудзе статус міжнароднага летніка: плануецца, што тут адпачнуць 15 дзяцей з Польшчы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *