Чарговы раз махляры прыкрываюцца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

Тэлефонныя «добразычліўцы» не перастаюць прыдумваць новыя схемы, каб выманіць у людзей грошы. Чарговы раз яны прыкрыліся ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

58-гадовай ляхавічанцы патэлефанавалі ў месанджары. Суразмоўца ветліва-афіцыйным тонам паведаміў, што пры прызначэнні пенсіі ёй нібыта не ўлічылі 12 месяцаў працоўнага стажу. Каб выправіць памылку і зрабіць пераразлік, трэба з’явіцца ва ўпраўленне ў кабінет №115 з арыгіналамі дыплома і працоўнай кніжкай.

Падчас размовы высветлілася, што перад наведваннем трэба абавязкова заказаць электронны талон. І для гэтага «супрацоўнік» папрасіў пашпартныя даныя. Вось тут пенсіянерка і заўважыла падвох. Жанчына не паддалася на ўгаворы кіберзлачынцаў (а гэта былі менавіта яны) і рашуча спыніла тэлефонную размову.
Варта ведаць, што сапраўдныя супрацоўнікі дзяржустаноў не запытваюць пашпартныя даныя па тэлефоне. Калі суразмоўца просіць такую інфармацыю – перад вамі махляры.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла, што супрацоўнікі ўпраўлення пры ўзнікненні нейкіх пытанняў  накіроўваюць заяўніку пісьмовае апавяшчэнне з падрабязным тлумачэннем: куды звяртацца і з якімі дакументамі. Важна ведаць, што пры назначэнні пенсіі ўсе нюансы разліку стажу абавязкова аналізуюцца і ўлічваюцца. І , дарэчы, працоўны стаж прастаўлены ў пенсійным пасведчанні, расказала Дзіяна Трысцень.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.