Праз Ляхавічы – да Гомеля, Брэста і Мінска. З чыгуначнай станцыі «Ляхавічы» пасажыры едуць у Лунінец, Гарынь, Баранавічы і далей

Чыгуначны транспарт застаецца адным з даступных, бяспечных і запатрабаваных сродкаў перамяшчэння. Для кагосьці – гэта штодзённая дарога на працу, для іншых –магчымасць убачыць родных у суседнім горадзе, для трэціх – аснова бізнесу і лагістыкі. Стальныя магістралі злучаюць рэгіёны, прадпрыемствы і людзей.


З чыгуначнай станцыі «Ляхавічы» пасажыры едуць у Лунінец, Гарынь, Баранавічы і далей. Праз Ляхавічы праходзяць цягнікі, якія вязуць людзей з Гомеля ў Гродна, з Брэста ў Полацк, з Пінска ў Мінск… Праз станцыю за суткі ідзе каля 25 саставаў – і пасажырскіх, і грузавых. Тут
загружаюць-разгружаюць вагоны і адпраўляюць грузы. Зараз, напрыклад, падчас будаўніцтва ў райцэнтры басейна нямала дастаўляюць цэглы, для сельгаспрадпрыемстваў – удабрэнні і многае іншае. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты «ЛВ» завіталі на чыгуначную станцыю, каб пазнаёміцца з тымі, хто штодня забяспечвае бяспеку і бесперабойную дзейнасць чыгункі.
Надзейны тыл чыгункі
У штаце станцыі «Ляхавічы» пяць дзяжурных па станцыі і адзін станцыйны рабочы на чале з начальнікам Ігарам Куніцкім, які працуе на чыгунцы з 1996 года. Пачынаў дзяжурным па станцыі і ўжо два дзесяцігоддзі – яе кіраўнік. Рабочы дзень дзяжурнага па станцыі – гэта пастаянны кантроль: рыхтуе маршруты, пераводзіць стрэлкі, адкрывае сігналы, сочыць за пасадкай і высадкай пасажыраў, прапускае цягнікі і г. д.
Працоўны стаж дзяжурнай па станцыі Алены Яўсені налічвае амаль тры дзесяцігоддзі, пяць з якіх належаць Ляхавічам. З дзяцінства фірменная форма чыгуначнікаў здавалася ёй чымсьці асаблівым. Мары сталі рэальнасцю – атрымала дыплом па спецыяльнасці «тэхнік-эксплуатацыйнік па кіраванні рухам». На пытанне,
ці страшна браць на сябе адказнасць, калі ад тваіх прафесійных дзеянняў залежыць бяспека людзей, Алена, не вагаючыся,
адказвае:
– Адказнасць мы ўжо ўзялі, калі зрабілі выбар прафесіі, разумеючы, куды ідзём і што будзем рабіць. Усе дзеянні прадуманы і даведзены да аўтаматызму. Вядома, бывае і форс-мажор. Але самае галоўнае – не дапускаць панікі. Заўсёды стараюся дзейнічаць па інструкцыі, хутка і
спакойна. Добра ведаю, што за мной – людзі, і не маю права іх падвесці.
Прафесіяналы сваёй справы і дзяжурныя па станцыі Анастасія Рубанава, Ларыса Сямёнава, Таццяна Максімчык і Кацярына Амялішка. Анастасія Рубанава больш чым два дзесяцігоддзі назад пачынала прыёмшчыкам, была касірам і пяць гадоў займае пасаду
дзяжурнай па станцыі. Дасканала ведае ўсе тонкасці станцыйнай работы і адзначае, што чыгунка – гэта жывы арганізм, які трэба адчуваць. Тады і праца будзе ісці як па гадзінніку.
З 2006 года на чыгунцы Таццяна Максімчык, якая перайшла на гэту пасаду з касіра. Сёння яна – вопытны спецыяліст, які ўмее аператыўна прымаць рашэнні ў нестандартных сітуацыях.
Ларыса Сямёнава ў свой час здала кваліфікацыйны экзамен, каб заняць пасаду дзяжурнай па станцыі і сёння ўпэўнена кіруе рухам пасажырскіх і грузавых цягнікоў. Чыгуначная станцыя «Ляхавічы» – першае месца працы Кацярыны Амялішка. Тры гады назад яна ўвайшла ў калектыў дыпламаваным спецыялістам і зараз дэманструе майстар-клас. Усе разам яны складаюць каманду, якой па сілах любыя задачы, і кожная са станцыйных дзяжурных ведае: ад іх залежыць не проста расклад, а бяспека людзей, падкрэслівае кіраўнік станцыі Ігар Куніцкі і ў прафесійнае свята адрасуе ўсім работнікам і ветэранам чыгункі пажаданні здароўя, сямейнага дабрабыту, шырокіх жыццёвых шляхоў і міру.

Іван Ляшкевіч, Руслан Лазараў.
Тыя, хто трымае рэйкі
Напярэдадні Дня чыгуначніка асобных слоў удзячнасці за працу заслугоўваюць манцёры пуцей. Гэта яны штодня абходзяць кіламетры рэек, правяраюць кожны стык, кожную стрэлку. І робяць гэта ў любое надвор’е. На станцыі «Ляхавічы» працуе брыгада
пуцейцаў Лунінецкай дыстанцыі пуці ў складзе васьмі чалавек на чале з брыгадзірам Сяргеем Пірштуком. Іх участак – паміж Ляхавічамі і Русінавічамі.
– Мы сочым за тым, каб усё было ў парадку, – тлумачыць брыгадзір. –
Бягучае ўтрыманне пуцей, забеспячэнне бяспечнага руху цягнікоў з устаноўленай хуткасцю і восевымі нагрузкамі. Сочым за спраўным
станам стрэлачных пераводаў, за шырынёй рэйкавай каляіны, а зімой яшчэ і змагаемся са снегам, – адзначае Сяргей Пірштук, стаж якога, як і яго калег, перавышае 15 гадоў. – Заўтра зноў выйдзем на ўчастак з васьмі раніцы да пяці вечара. І так – штодзень.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.



