За выхадныя дні ў Ляхавіцкім раёне зарэгістравана тры ДТЗ

1 жніўня ў Крывошыне вадзіцель невядомага транспартнага сродка пашкодзіў металічную агароджу і з месца аварыі паехаў. Па даным факце супрацоўнікі АДАІ РАУС праводзяць праверку.
2 жніўня ў аператыўна-дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне, што каля вёскі Старыя Буды з’ехаў у кювет грузавы аўтамабіль “Мерсэдэс”. Вядома, што вадзіцель – пінчанін 1970 г.н.– не справіўся з кіраваннем, у выніку машына атрымала механічныя пашкоджанні. Вадзіцель не пацярпеў.
Яшчэ адно ДТЗ адбылося па вуліцы Леніна ў райцэнтры – не раз’ехаліся опель і мерсэдэс. Пацярпелы ў аварыі вадзіцель  аўтамабіля “Опель” – баранавічанін 1975 г.н., за рулём “Мерседэса” – ляхавічанін 1990 г.н. Вадзіцелі вырашылі не выклікаць супрацоўнікаў АДАІ і разабрацца ў сітуацыі па еўрапратаколе.

Супрацоўнікі АДАІ РАУС адзначаюць, што лета – час актыўнага руху, таму ўвага за рулём павінна быць падвоенай. Каб не стаць удзельнікам ДТЗ, трэба безумоўна выконваць ПДР і не перавышаць дазволеную скорасць, трымаць адлегласць, дастатковую для экстраннага тармажэння. Перад паездкай важна правяраць тармазы, шыны і спраўнасць светлавых прыбораў. Няспраўны аўтамабіль – патэнцыйная аварыя.  За рулём недапушчальны алкаголь! Нават малая доза зніжае рэакцыю вадзіцеля. І галоўнае – дарога не даруе няўважлівасці і памылак.

Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч тлумачыць, што пры нязначным ДТЗ вадзіцелі могуць на месцы аформіць страхавое паведамленне (еўрапратакол) і не выклікаць ДАІ. Пры гэтым, неабходна абавязковае выкананне ўсіх умоў:не нанесена шкода жыццю або здароўю, іншай маёмасці, акрамя транспартных сродкаў. Еўрапратакол магчымы, калі ў ДТЗ удзельнічаюць толькі два транспартныя сродкі і асобы, якія кіравалі транспартнымі сродкамі не знаходзяцца ў стане ап’янення і маюць права на кіраванне транспартнымі сродкамі (уладальнік аўто не абавязаны мець вадзіцельскае пасведчанне, калі яго аўтамабіль быў прыпаркаваны). Таксама важна, каб у абодвух удзельнікаў ДТЗ меліся дзеючыя дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Яшчэ адна ўмова еўрапратаколу – вінаваты ў ДТЗ прызнае сваю віну і ва ўдзельнікаў аварыі адсутнічаюць рознагалоссі наконт абставін здарэння, а памер прычыненай шкоды не перавышае 150 базавых велічынь для кожнага з удзельнікаў.
Пракансультаваццца па парадку і ўмовах афармлення ДТЗ без выкліку ДАІ можна па кароткім нумары 140 кол-цэнтра.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.