І ферму рэканструяваць, і дом пабудаваць. У календары прафесійных святаў Беларусі другая нядзеля жніўня пазначана як Дзень будаўніка

Брыгада будаўнікоў.

Сельская гаспадарка аб’ядноўвае ў сабе прадстаўнікоў многіх спецыяльнасцяў, у тым ліку і будаўнікоў. Сярод вытворчых падраздзяленняў СВК «Ляхавіцкі» ёсць тое, якое аднолькава неабходна для жывёлагадоўлі, раслінаводства, мехдвара і іншых. Размова пойдзе пра будаўнічую брыгаду гаспадаркі.

– Лічу, любое сельгаспрадпрыемства выйграе, калі ў яго ёсць свая будаўнічая брыгада, якая займаецца як будаўніцтвам, так і капітальным, бягучым рамонтам. Немалаважны фінансавы складнік – выкананне работ гаспадарчым спосабам і танней, і выгадней. Калі гаварыць канкрэтна пра нашу гаспадарку, то тутэйшыя будаўнікі задзейнічаны на розных аб’ектах і сваю справу ведаюць і выконваюць добра, – адзначае старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
Самы час пазнаёміцца з будаўнічым звяном «Ляхавіцкага».

Экскурсаводам для «ЛВ» назначаны вопытны брыгадзір будаўнікоў Уладзімір Папко, які тут працуе з 1999 года (яго будаўнічы працоўны стаж складае амаль паўстагоддзя) і не толькі добра ведае гісторыю ўсіх новых і адрамантаваных аб’ектаў гаспадаркі, але і сам з’яўляецца непасрэдным удзельнікам літаральна ўсіх работ. Ён ў будаўнічай справе сапраўдны ас, да «Ляхавіцкага» амаль два дзесяцігоддзі працаваў на розных аб’ектах краіны разам з іншымі работнікамі Ляхавіцкай СПМК-16 і цяпер ахвотна дзеліцца ведамі і практычнымі навыкамі са сваімі калегамі.

– У брыгадзе працуе 17 чалавек, кожны можа выконваць любую опцыю, у гэтым адметнасць нашага калектыву. Штогод рэканструюем кароўнік ці цялятнік. Акрамя таго, разам з падраднымі арганізацыямі займаемся і будаўніцтвам. Адзін з найбольш маштабных аб’ектаў мінулых гадоў – новая МТФ на 720 галоў у Русінавічах (пачала эксплуатавацца з 2022 года), дзе мы будавалі прафілакторый.
Рэканструюем адзін з будынкаў МТФ «Русінавічы», дзе будзе ўстаноў-
лены новы малочна-даільны блок, – расказвае Уладзімір Папко.
«Веснікаўцы» зазірнулі на ферму, дзе шчыруюць будаўнікі «Ляхавіцкага». Адразу позірк упаў на лаканічныя міні-домікі, у якіх утульна размясцілася малое рагуліна папаўненне.

– Гэта таксама справа рук нашай брыгады. Выйшла ў разы танней, чым было купіць звычайныя домікі для цялят. Атрымалася не толькі зручна, але і ў адным стылі, – удакладняе Уладзімір Папко.
Знаёмства з будаўнічымі здабыткамі «Ляхавіцкага» «ЛВ» прадоўжыў на вагавой. Тут раскватараваліся склады-арачнікі, якія калісьці ўзводзілі тутэйшыя будаўнікі. А які прыгожы і функцыянальны чырвоны куток уладкаваны ў адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства!

Майстар-клас прадэманстравала будаўнічая брыгада і на жыллёвых аб’ектах гаспадаркі. У «Ляхавіцкім» разумеюць: для таго, каб спецыялісты замацоўваліся, неабходна сярод іншых вырашаць і пытанні забяспечанасці жыллём. І на гэта не шкадуюць грошай.
Увогуле разам з арганізацыямі-падрадчыкамі пабудавана 55 дамоў, дзе жывуць сельгаспрацаўнікі.
– Сёлета 7 ліпеня падпісаны акт аб здачы ў эксплуатацыю новага дома ў аграгарадку Русінавічы, у будаўніцтве якога мы прымалі непасрэдны ўдзел. Маладыя спецыялісты, якія прыйдуць працаваць у «Ляхавіцкі», яго першыя навасельцы. На фінальнай стадыі і ўнутраныя аддзелачныя работы дома на вуліцы Сонечнай у Русінавічах. Аднавілі стары дом, поўнасцю замянілі сантэхніку, дах, уладкавалі новую столь, падлогу, плітку на сценах. І такім чынам у гаспадарцы з’явіцца свая міні-гасцініца, – гаворыць Уладзімір Папко.
Брыгадзір будаўнічай брыгады адзначае, што адметнасцю калектыву, якім ён кіруе, з’яўляюцца прафесіяналізм і ўзаемавыручка. Кожны гарантыйна добра выконвае свой участак работ. А калі ўзнікае неабходнасць, адзін аднаго заменіць і падстрахуе. Асабліва
добрасумленна адносяцца да справы і працуюць вынікова Мікалай Рабцэвіч, Анатолій Баўтрукевіч, Дзмітрый Чаранкевіч, Сяргей Сцепанель, Іван Канцылярчык, Уладзімір Абыдзенка.

Работы ў будаўнікоў хапае круглы год, і яны вельмі стараюцца выконваць даручанае якасна і ў тэрміны, бо разумеюць – ад гэтага залежыць і вытворчы працэс, а значыць, і дабрабыт тутэйшых работнікаў. Напярэдадні прафесійнага свята (работнікі будаўнічай брыгады адзначаюць не толькі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, але і Дзень будаўніка) тутэйшыя будаўнікі атрымаюць віншаванні і падзяку за працу.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Брыгадзір Уладзімір Папко (у цэнтры)
з будаўнікамі Мікалаем Рабцэвічам і Анатоліем Баўтрукевічам.
Электра-газазваршчык Андрэй Астроўскі.