Аграгарадок Падлессе сабраў сваіх жыхароў на традыцыйнае свята — дзень вёскі
У выхадныя дні аграгарадок Падлессе сабраў сваіх жыхароў на традыцыйнае свята — дзень вёскі. Мерапрыемства атрымалася яркім і па-сямейнаму цёплым, напоўненым сустрэчамі, гонарам за аднавяскоўцаў.

Галоўнай тэмай урачыстасці стала ўшанаванне старэйшага пакалення — людзей, якія з’яўляюцца сапраўдным залатым фондам малой радзімы. Асаблівая павага — Веры Фёдараўне Скрыцкай, якой споўнілася 96 гадоў. Сардэчна віншавалі таксама залатых юбіляраў — 65-гадовых Мікалая Мікалаевіча і Ніну Мікалаеўну Смаршчок. Усё жыццё яны прысвяцілі працы ў калгасе, былі не толькі ўзорнай сям’ёй, але і актыўнымі грамадскімі дзеячамі.

Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас моцных сем’яў:
* Аляксей Лук’янавіч і Ала Мікалаеўна Смаршчок адзначылі залатое вяселле;
* Віктар Уладзіміравіч і Ірына Станіславаўна разам ужо 40 гадоў;
* самым маленькім жыхаром вёскі быў названы Дыдышка Арцём.
Не забылі арганізатары і пра будучыню. На сцэне падзякамі і падарункамі ўзнагародзілі выпускнікоў школы, а першакласнікаў чакалі асаблівыя памятныя сувеніры.
Падзяку за нястомную працу і значны ўклакд у жыццё аграгарадка атрымалі работнікі сацыяльнай сферы. Жарабковіцкі сельвыканкам узнагародзіў супрацоўнікаў магазінаў, пошты, КПП і мясцовай амбулаторыі. За высокія дасягненні ў працы і парадак вакол дома лепшыя падворкі былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі.

Культурная праграма свята напоўнена талентамі і сюрпрызамі. Свой рэпертуар для землякоў выканаў Падлескі народны хор. Яркімі нумарамі парадавалі артысты са Свяціцкага сельскага Дома культуры. Падлескай сельскай бібліятэкай былі ўзнагароджаны лепшыя чытачы. Не засталіся ў баку і самыя маленькія жыхары — дзеці падрыхтавалі свае выступленні для аднавяскоўцаў. Для юных гасцей была арганізавана насычаная забаўляльная праграма: батуты, горкі і шматлікія лакацыі, дзе кожны мог знайсці забаву па душы. Працавалі таксама гандлёвыя рады, дзе можна было набыць свежую выпечку і сувеніры.
Арганізаваць такі маштабны фэст стала магчымым дзякуючы спонсарскай падтрымцы ААТ «Жарабковічы» і Жарабковіцкага сельвыканкама. Гэта яшчэ раз падкрэслівае важнасць партнёрства паміж органамі ўлады і жыхарамі ў справе захавання мясцовых традыцый.


