У люстэрку ліпеня. У ліпені ў Ляхавіцкім раёне нарадзіліся 10 дзяцей

Ліпень на Ляхавіччыне выдаўся багатым на падзеі ў сямейным жыцці. У раёне нарадзіліся 10 дзяцей – пяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак. Шасцёра з іх былі зарэгістраваны ў аддзеле загса райвыканкама, два – у Жарабковіцкім сельвыканкаме, па адным – у Крывошынскім і Конькаўскім сельвыканкамах.

Першынец нарадзіўся ў чатырох сем’ях, другое дзіця – у трох, трэцяе – у дзвюх, чацвёртае – у адной сям’і.
Сярод імёнаў, якія бацькі выбралі для хлопчыкаў, – Багдан (так вырашылі назваць сына дзве сям’і), Аляксандр, Марк і Мацвей. Дзяўчынкам далі імёны Варвара, Васіліса, Ясенія, Міраслава і Паліна.
Сярэдні ўзрост ліпеньскага бацькі – 30 гадоў, маці – 27 гадоў. Самы малады бацька – 24-гадовы, маладая маці – 20-гадовая. Стаў бацькам і 39-гадовы зямляк, маці – 36-гадовая жыхарка Ляхавіччыны.
У ліпені 11 пар заключылі шлюб. Дзесяць урачыстых рэгістрацый прайшло ў аддзеле загса райвыканкама, адна – у Ганчароўскім сельвыканкаме. Адзін шлюб заключаны з грамадзянінам Арабскай Рэспублікі Егіпет. Дзве рэгістрацыі адбыліся ў выязным фармаце –
у аграсядзібах, расказала начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Сярэдні ўзрост жаніха – 31 год, нявесты – 30 гадоў. Юныя маладыя ў ліпені – 19-гадовыя. Абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі 72-гадовы і 68-гадовая жыхары раёна.
Вольга Новік адзначыла, што зараз назіраецца попыт на рэгістрацыю шлюбу ў люстэркавую дату 26.09.2026. Месцы ёсць, таму жадаючыя стаць мужам і жонкай у гэты дзень могуць падаць заяву.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.