Размова пра сям’ю і пра Айчыну. У складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці на міжнародным форуме і прадстаўнікі Ляхавіччыныны

12 кастрычніка старажытны Полацк прымаў форум «Размова пра важнае: шчаслівая сям’я – моцная дзяржава». Сёлета форум упершыню набыў міжнародны статус, і сюды прыбылі афіцыйныя парламенцкія дэлегацыі з Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана. Арганізатары – Савет Рэспублікі і Беларуская праваслаўная царква.

Падчас сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай парламентарыі краін СНД абмяняліся вопытам: гаварылі пра заканадаўства ў сферы абароны сям’і і шлюбу, пра ахову мацярынства і дзяцінства. Форум сабраў больш за 270 удзельнікаў.
У складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці і прадстаўнікі Ляхавіччыны: начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак і сям’я ляхавічан Яўгенія і Кацярыны Сініла, якія выхоўваюць траіх дзяцей.
Галоўнай падзеяй першага дня стала сустрэча ў Спаса-Еўфрасіньеўскім жаночым манастыры, дзе сабраліся 36 сем’яў з розных рэгіёнаў краіны. Свае ідэі і праблемы, якія хвалююць, яны абмеркавалі са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Удзельнікі форуму прапанавалі шэраг ініцыятыў – ад папулярызацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцей да абароны дзяцей і пажылых бацькоў.

– Гонар і важная падзея стаць удзельнікамі міжнароднага форуму «Размова пра важнае: шчаслівая сям’я – моцная дзяржава», пабываць у горадзе, дзе зараджалася беларуская дзяржаўнасць, дзе кожная вулачка і кожны будынак прасякнуты гісторыяй. Сустрэча
са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам стала адкрытым і шчырым дыялогам. Кожны жадаючы мог задаць хвалюючыя пытанні. Наталля Іванаўна настолькі тонка валодае ўсімі сямейнымі пытаннямі, так адчувае іх, лёгка пераходзіць ад тэмы да тэмы. Можа гаварыць і пра школьніка, і пра пажылога чалавека, пра школу і пра булінг – пра ўсё, што непакоіць людзей ад малога да вялікага. Гэта і ёсць сапраўдная размова пра важнае, – адзначае Яўгеній Сініла.
З жонкай Кацярынай яны выхоўваюць дачку Валерыю, сыноў Уладзіслава і Усевалада. Каця – настаўніца замежнай мовы, і ёй як педагогу і маці было вельмі цікава пачуць разнастайныя меркаванні пра ўплыў інтэрнэту і сацыяльных сетак на падрастаючае пакаленне.
Забараніць і абмежаваць прасцей за ўсё, але гэта зусім не выйсце, падкрэсліла Наталля Качанава, абмяркоўваючы тэму з бацькамі. На яе думку, тут трэба падысці ўзважана і шукаць такое выйсце, каб сацсеткі не ператварыліся ў забаронены плод.
Яўгеній Сініла ўзначальвае сацыяльны пансіянат «Рэпіхава» і скарыстаўся магчымасцю падзякаваць за дзяржаўную падтрымку сацыяльных устаноў для пажылых людзей, прывёў прыклады, як гэта дапамога вынікова працуе. Адзначыў, што губернатар Брэстчыны Пётр Пархомчык вялікую ўвагу надае ўмацаванню матэрыяльнай базы пансіянатаў. Дзякуючы ў тым ліку спонсарскай дапамозе
набываецца медыцынскае абсталяванне, што дапамагае падоўжыць жыццё падапечным.
Бацька траіх дзяцей гаварыў пра важнасць сямейных традыцый і павагу да старэйшага пакалення. Але ж бывае па-рознаму: і па стане здароўя, і па сямейных абставінах сацыяльныя ўстановы часам становяцца для пажылых другім домам. Наш зямляк гаварыў пра сям’ю і ў іншым ключы – пра сям’ю, якая жыве ў пансіянаце, пра важнасць стварэння для падапечных камфортных умоў і дамашняй атмасферы.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін уручылі мнагадзетнай сям’і ляхавічан Яўгенія і Кацярыны Сініла за вялікі ўклад ва ўмацаванне і развіццё сямейных каштоўнасцей Падзячнае пісьмо, а таксама падарункі ад
Савета Рэспублікі і праваслаўнай царквы з пажаданнямі, каб дрэва сямейнай дынастыі прырастала новымі шматлікімі галінамі нашчадкаў.
13 кастрычніка ў Сафійскім саборы ўдзельнікі форуму абмеркавалі прыярытэты дэмаграфічнай бяспекі, развіццё дзяржаўнай сямейнай палітыкі, умацаванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва і арыенціры духоўна-маральнага выхавання моладзі. Завяршыўся
форум ярка і ўрачыста – святочнай канцэртнай праграмай «Час выбіраць сапраўдныя каштоўнасці: сям’я, вера, адзінства, Радзіма».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва сям’і Сініла.

