Восень жыцця сагрэта ўвагай
Рэспубліканская акцыя «Павага. Клопат. Адказнасць», прымеркаваная да Дня пажылых людзей, на Ляхавіччыне праходзіць маштабна, душэўна і з асаблівай пашанай да землякоў залатога ўзросту. Галоўная мэта ініцыятывы – выказаць шчырую падзяку старэйшаму пакаленню, акружыць клопатам ветэранаў, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю і ўсіх, хто мае патрэбу ў падтрымцы, нагадаць гэтым людзям: вы не адныя

Традыцыйна свята адзначаецца падарункамі і віншаваннямі не толькі людзям, а і сацыяльным установам. Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Максімчук ад імя кіраўніцтва вобласці перадаў Крывошынскаму сацыяльнаму пансіянату «Рэпіхава» сертыфікат на набыццё медыцынскага абсталявання. Пансіянат атрымаў і сертыфікат на спонсарскую дапамогу ад сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны – сфарміраваны харчовы набор уключае 1 000 кілаграмаў бульбы, па 100 кілаграмаў капусты, буракоў і цыбулі, а таксама па 200 кілаграмаў яблыкаў і морквы.
Віншаванні ад раённай улады, мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў гучалі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Тальмінавічах, Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду і сацыяльным пансія-
наце «Рэпіхава». У віншавальна-падарункавай місіі прынялі ўдзел старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, кіраўнікі раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Траццяк, раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак, РГА «Белая Русь» Наталля Ісаханава, прафсаюза работнікаў АПК Вольга Анікей, прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпута-
таў. Падарункі перадалі таксама ТАА «ЮстаПласт» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс».
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Юрый Чаранкевіч адзначыў, што дабрабыт пажылых грамадзян застаецца адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі Беларусі, і падзякаваў пажылым людзям за іх жыццёвы вопыт, які яны перадаюць маладым пакаленням, пажадаў здароўя, даўгалецця і станоўчых эмоцый.
Марафон віншаванняў да Дня пажылых людзей ахапіў прадпрыемствы і арганізацыі, установы адукацыі і культуры Ляхавіччыны, дзе прафсаюзы, калектывы і самадзейныя артысты ўшаноўвалі сваіх землякоў і ветэранаў працы.
На марафоне ўдзячнасці і прызнання і Беларускі Чырвоны Крыж. Старшыня раённай арганізацыі Жанна Лешык разам
з выхавальнікамі і валан-цёрамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрна-лесатэхнічнага каледжа завіталі ў госці да былога вязня фашысцкіх канцлагераў Зоі Осіпавай, а з валанцёрамі гімназіі –
да былога вязня Ніны Папянюк. Валанцёры з Дараўскай СШ «Добрыя
сэрцы» наведалі былога вязня фашысцкіх канцлагераў Уладзіміра Жаваранка. Такія моманты – лепшы ўрок патрыятызму для падрастаючага пакалення.
На маршруце святочнага дня быў і гарадскі стадыён, дзе нашы актыўныя землякі, якія наведваюць ТЦСАН, далучыліся да рэспубліканскага марафону па скандынаўскай хадзьбе.
Кульмінацыяй святкавання стаў канцэрт «Славім узрост залаты». На сцэне – творчыя калектывы, сярод якіх і землякі элегантнага ўзросту – маладыя душой і гатовыя да пакарэння новых вяршынь. Намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк адзначыў, што людзі старэйшага пакалення заслугоўваюць глыбокай павагі і ўдзячнасці.
– Многія з нашых землякоў прайшлі няпросты жыццёвы шлях, перажылі нялёгкія часы, але не страцілі аптымізму, гатоўнасці быць карыснымі. Вопыт старэйшага пакалення і любоў да роднай зямлі – неацэнны скарб. У яго мы вучымся трымаць у сэрцы дабрыню, а ў працы – адказнасць, – адзначыў Алег Траццяк і пажадаў моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, душэўнай цеплыні, а таксама як мага больш светлых і радасных дзён.
У фае Ляхавіцкага ГДК разгарнулася пляцоўка актыўнасцяў: святочная фотазона, выставы творчых работ, прайшлі прафілактычныя акцыі райбальніцы «З клопатам пра здароўе і даўгалецце» і РАНС «З клопатам пра бяспеку пажылых грама-дзян». Прэзентаваў свае паслугі ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк», райпо арганізавала выставу-продаж кулінарных вырабаў, а наведвальнікі ТЦСАН падрыхтавалі конкурсную выставу «Восеньскі нацюрморт». Атрымалася цёпла і сардэчна. Для тых, хто жадае працягваць працоўную дзейнасць, прапаноўваў паслугі «сярэбраны» кірмаш вакансій «Знайдзі справу па душы».
Дзень пажылых людзей падкрэслівае, што старасць – гэта не восень жыцця, а мудрасць, залаты час, напоўнены багатым вопытам і ўспамінамі. Пажылыя людзі – гэта нашы карані, на якіх трымаецца дрэва сямейнага роду. Кожны пажылы чалавек заслугоўвае, каб яго дні былі сагрэты ўвагай, а сэрца – спакоем.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

