Колькасць, падмацаваная якасцю. На Брэстчыне завершана ўборка кукурузы на сілас. Як выглядае Ляхавіччына

На Брэстчыне завершана ўборка кукурузы на сілас. Усяго ў гаспадарках вобласці нарыхтавана больш за 4 мільёны тон зялёнай масы. Самая высокая ўраджайнасць каралевы палёў
на зялёную масу ў Баранавіцкім раёне – 347 цэнтнераў
з гектара, далей ідзе Ляхавіцкі, дзе атрымана па 296 цэнтнераў з гектара пры сярэднеабласной ўраджайнасці 216 цэнтнераў
з гектара.

– Кукуруза – сапраўдны энергетык для жывёлы. Гэта культура з вялікім утрыманнем бялку ў параўнанні з іншымі фуражнымі раслінамі. Кукурузны сілас павышае прадукцыйнасць жывёлы і пры гэтым дазваляе мінімізаваць затраты на канцэнтраваныя кармы. Сельгаспрадпрыемствы раёна нарыхтавалі 182 696 тон кукурузы на сілас, што складае106 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Што тычыцца нарыхтоўкі кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы, то ўсяго ў раёне нарыхтавана 36,13 цэнтнера кармавых адзінак. Для параўнання: абласны паказчык – 30,24 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, – расказаў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук.

Канешне, колькасць нарыхтаваных кармоў мае вялікае значэнне. Але
не менш важны паказчык якасць. За гэтым сочаць як непасрэдна ў гаспадарках, так і спецыялісты райсельгасхарчу і іншых арганізацый.Так работнікі райветстанцыі праводзяць рэгулярны маніторынг ходу корманарыхтоўчай кампаніі на ўсіх этапах, бяруць лабараторныя аналізы гатовых кармоў.
– Кармавую масу для даследавання бяром з траншэі на кожнай з малочнатаварных фермаў, вымяраем тэмпературу і вільготнасць.
72 працэнты нарыхтаванага сіласу ідзе вышэйшым і першым класам. Акрамя таго, будзем праводзіць аналіз кукурузнага сіласу пасля адкрыцця кожнай з траншэй, каб трымаць на кантролі якасць кармоў, – адзначае намеснік начальніка – загадчык дыягнастычнай лабараторыі райветстанцыі Вераніка Дуля.
Галіна КАНЬКО.