Прафесія — выратоўваць

Пажарныя Іван Кулак, Сямён Місюкевіч, старшы вадзіцель Аляксей Коктыш, камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Андрэй Пятрушка заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Дастаткова невялікай экскурсіі па РАНС, каб пранікнуцца духам адказнасці і рашучасці, пераканацца ў надзейнасці гэтай службы. Людзі, якія тут працуюць, у любую мінуту гатовы прыйсці на дапамогу тым, каму яна раптам спатрэбіцца ў выпадку пажару, дарожна-транспартнага здарэння, любой нестандартнай сітуацыі, звязанай з пагрозай жыццю чалавека.

Намеснік начальніка РАНС Валерый Свянтэцкі запрашае наведацца ў самае “сэрца” службы – цэнтр аператыўнага кіравання. Менавіта сюды, у адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу, сцякаецца ўся трывожная інфармацыя. На пасту дзяжурны дыспетчар Ігар Ракуць. Сёння ён (а ў іншыя дні Алег Літвінчук або Вадзім Цімашок) прыме званок па нумары 101 або 112 і вызначыць далейшыя дзеянні службы. Сюды паступаюць паведамленні не толькі пра пажары і ДТЗ, але і іншыя надзвычайныя сітуацыі – аварыі на цеплатрасах у камунальнай гаспадарцы, на газаправодах і іншых камунікацыях. Дзяжурны трымае сувязь з усімі аварыйнымі службамі раёна, арганізуе людзей і тэхніку на дапамогу пацярпелым ці на ліквідацыю НС. У любы момант могуць быць задзейнічаны 4 пасты (у Ліпску, Падлессі, Тальмінавічах, Шчэрбаве), а таксама пажарная аварыйна-выратавальная часць (у суткі на дзяжурстве 14 чалавек і 7 адзінак тэхнікі).

Заўсёды гатовы выехаць на дапамогу 3 каравулы, у кожным па 5 байцоў – спрактыкаваных, моцных і смелых, якія дзейнічаюць дакладна, прафесійна, аператыўна пад камандай Юрыя Таранды, Сяргея Траяноўскага, Сяргея Новіка. Сярод пажарных аварыйна-выратавальных пастоў вызначаецца Шчэрбаўскі №14, які ўзначальвае Вадзім Дыдышка.

Як расказаў Валерый Свянтэцкі, уся каманда выратавальнікаў на чале з начальнікам РАНС Валерыем Равінскім прафесійна выконвае свае абавязкі. Усе пры неабходнасці працуюць з любымі аварыйна-выратавальнымі інструментамі, умеюць аказаць першую меддапамогу. На аўтамабілі хуткага рэагавання ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. Каб віртуозна карыстацца ім, усе байцы і начальнікі каравулаў штодзень вучацца, да дробязяў прапрацоўваюць розныя сітуацыі. Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі – у дакладнасці народнай мудрасці тут не сумняваюцца. Кожны чацвер – фізпадрыхтоўка, якая трымае байцоў у спартыўнай форме.

Яшчэ адно падраздзяленне РАНС – інспекцыя нагляду і прафілактыкі, якой кіруе першы намеснік начальніка Сяргей Гатоўчыц. Галоўнае ў дзейнасці падраздзялення – навучанне насельніцтва захаванню мер бяспекі. Асноўныя абавязкі ў гэтым накірунку ўскладзены на інспектара групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Таццяну Калгушкіну.

…Нельга не адзначыць і яшчэ адзін факт. Тэрыторыя РАНС – узорная. Адмысловы парадак, наведзены вакол гаражоў і іншых пабудоў установы, выдатна дапаўняюць куточак для адпачынку, экзатычныя дрэвы, кветкі. Усё гэта зроблена рукамі работнікаў РАНС у вольны ад службы час.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На пасту дзяжурны дыспетчар Ігар Ракуць.

Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *