ААТ «Нача». Ураджай без дробязяў
У сельскай гаспадарцы няма дробязяў. Ёсць штодзённая старанная праца без перапынку на выхадныя, вывераныя рашэнні і ўменне
па-гаспадарску глядзець у будучыню. У ААТ «Нача» гэта добра разумеюць. Тут ведаюць: галоўны капітал – гэта людзі, іх мудрасць, вопыт і адданасць зямлі. Менавіта дзякуючы ім гаспадарка ўкараняе новыя падыходы і ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень.
Прастора для заўтрашняга дня
На МТФ «Цэнтр», што ў аграгарадку Нача, завяршылася будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю новы прафілакторый на 200 месцаў для ўтрымання цялят ва ўзросце ад нараджэння да трох месяцаў. Пільны кантроль за ўзвядзеннем аб’екта вёў прараб Віталій Панфіла. Прафілакторый – сучасны высокатэхналагічны комплекс, узведзены гаспадарчым спосабам. Цяляты размяшчаюцца ў індывідуальных боксах, што дазваляе забяспечыць персанальны ўлік кармлення, своечасова заўважаць змяненні ў стане кожнага. У прафілакторыі ўстаноўлена сучаснае абсталяванне: пастэрызатар малака, малочнае таксі з электрапрывадам, аўтаматычная мыйка з падагрэвам, размарожвальнік малака, халадзільнік і сушылка. Адным словам, створаны максімальна камфортныя ўмовы для росту і развіцця маладняку. Жывёлавод Ганна Чарапавіцкая добра ведае, што трэба, каб цяляты раслі моцнымі і здаровымі. Менавіта ёй даверана адказная справа – клапаціцца пра самае маленькае пакаленне грамадскага статка. У «Начы» добра разумеюць: цяляты – будучыня высокаўдойнага статка, і інвестыцыі ў іх здароўе акупяцца шматразова.
Пад аналагічны прафілакторый пераробліваюць і сенасховішча на МТФ «Зубелевічы». На МТФ «Цэнтр» завяршаецца рэканструкцыя кароўніка на 320 галоў, што дазволіць цалкам адысці ад прывязнага ўтрымання статка і ўкараніць новыя тэхналогіі даення, павялічыць якасць і колькасць малака. Тут таксама будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне.
Сэрца гаспадаркі – жывёлагадоўля, і менавіта па яе эканамічных паказчыках можна меркаваць пра агульны стан прадпрыемства. У «Начы» станоўчая дынаміка відавочная. У параўнанні з мінулым годам валавы надой малака за 10 месяцаў павялічыўся на 5 працэнтаў, а надой на карову – на 4 працэнты. Сярэднясутачныя прывагі дасягнулі 670 грамаў (супраць леташняга 651 грама). Радуе і прыплод цялят – атрымалі 113 працэнтаў, а на 100 кароў і цялушак – усе 123 працэнты.
За лічбамі – штодзённая праца жывёлаводаў, аператараў машыннага даення, заатэхнікаў і ветэрынараў, якія стараюцца, каб статак быў здаровым, а надоі – высокімі.
Добрасумленнасць тутэйшых працаўнікоў, адказнасць і ўменне не баяцца цяжкасцей – аснова прадпрыемства. Дзякуючы прафесіяналізму і зладжанасці працы галоўнага заатэхніка Сяргея Расохі, галоўнага агранома Ігара Карпея, галоўнага ветурача Галіны Базыльчык і іншых спецыялістаў калектыў адчувае надзейную падтрымку. У адказе за фінансавы стан гаспадаркі – кваліфікаваныя і вопытныя спецыялісты бухгалтарска-эканамічнай, а таксама юрыдычнай службаў. У прафесійнае свята словы ўдзячнасці адрасаваны і слесару па малочным абсталяванні Юрыю Базыльчыку, аператару машыннага даення Святлане Кендыш, жывёла-
водам Дар’і Кудзіновіч і Людміле Сандрозд, трактарысту-машыністу раздачы кармоў Сяргею Кісялю і многім іншым.
Ураджай – вынік камандны
Сёлета валавы збор збожжа ў «Начы» – 6 732 тоны пры ўраджайнасці 54,8 цэнтнера з гектара, што перавышае мінулагоднія паказчыкі. Атрымалі і неблагі ўраджай рапсу – 38,4 цэнтнера на круг. Парадавала кукуруза – валавы збор зерня склаў 1 250 тон пры ўраджайнасці 89,3 цэнтнера з гектара. Паспяхова завяршылі і сяўбу азімых культур. Сярод тых, хто забяспечыў якаснае і своечасовае выкананне работ і трактарысты-машыністы Уладзіслаў Купрыш і Віктар Кунцэвіч. Віктар Кунцэвіч ужо на заслужаным адпачынку і працуе вартаўніком МТП. Але калі гаспадарцы патрэбна дапамога, без ваганняў зноў садзіцца за руль трактара. І на гэты раз шчыраваў у камандзе разам з калегамі.
Адказна падышлі да ўборкі кукурузы на сілас і зерне трактарысты-машыністы Раман Голя, Віталій Васюкевіч і Раман Бабко, Эдуард Чалядка, брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве Святлана Собаль.
Вынікі гавораць самі за сябе: нарыхтавана каля 25 тысяч тон сіласу і 11 тысяч тон сенажу – планавыя паказчыкі выкананы. А гэта – надзейны запас, які будзе грэць і карміць статак, забяспечваць надоі.
Тэхніка і тэхналогіі
Каб трымаць высокі тэмп, гаспадарка актыўна абнаўляе машынна-трактарны парк. Летам набыты паўпрычэп-самазвал, рулонныя прэс-падборшчыкі, магутны тэлескапічны пагрузчык, а таксама матаблок «Беларус-012» для МТФ «Зубелевічы». Чакаецца пастаўка і іншага айчыннага аўтатранспарту.
У «Начы» актыўна добраўпарадкуюць землі, якія спрацавалі на добры ўраджай: уведзены ў севазварот 10 гектараў зямлі з-пад старога сада, а на некалькіх участках праведзены меліярацыйныя работы.
– Да ўсіх новаўвядзенняў падыходзім узважана і з акцэнтам на эканамічную эфектыўнасць. Працэс тэхнічнага абнаўлення
ў нас пастаянны – без гэтага, лічу, немагчыма рухацца наперад. За апошнія тры гады набылі больш за тры дзясяткі адзінак тэхнікі – трактары, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, агрэгат для плюшчэння кукурузы, плюшчылка вільготнага збожжа з функцыяй закладкі ў рукавы. Сучасныя машыны дазваляюць своечасова і якасна выконваць сельгасработы, зніжаць пры ўборцы страты ўраджаю, павышаць прадукцыйнасць працы. Там, дзе працуе
новая тэхніка, і ўраджайнасць вышэй, і затраты ніжэй, – падкрэслівае кіраўнік ААТ «Нача» Сяргей Шушпаннікаў і шчыра дзякуе калектыву
за працу, нераўнадушша і шчырую падтрымку ў любых пачынаннях.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.







Галоўны бухгалтар Вераніка Вялічка (у цэнтры) з калегамі Галінай Тарлюк, Ганнай Сялецкай, Марынай Манько.







