Да ўсяго ёсць справа

Старшыня прафкама Вольга Анікей і яе актыўныя памочніцы Алена Козел і Ірына Гладкая

“Усім бы такі прафсаюз, як у нас… Дзейнічае не на паперы, а на справе. Сапраўды клапоціцца пра калектыў… Пастаянна ў гушчыні падзей…” – такую характарыстыку даюць рабоце сваёй прафсаюзнай арганізацыі работнікі СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Аднадушны з калектывам і дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі.

– Нашаму прафсаюзу, у добрым сэнсе, да ўсяго ёсць справа. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі Вольга Анікей – ініцыятыўная, актыўная, мэтанакіраваная. З інтарэсам бярэцца за любое пачынанне. Самае галоўнае – умее знайсці падыход да кожнага, зацікавіць людзей, – адзначае кіраўнік малочнага завода.

Найлепшае пацвярджэнне слоў факты: усе без выключэння работнікі прадпрыемства – члены прафсаюза. Матывацыя членства простая: таму, хто ў прафсаюзе, гарантаваны сацыяльная і матэрыяльная падтрымка, разнастайныя “бонусы”. Прафкам робіць жыццё калектыву больш рознабаковым і насычаным, арганізоўвае экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, павіншуе з днём нараджэння ці юбілеем, будзе побач, калі ў працаўніка ці яго сям’і здарылася няшчасце.

Энергічная, крэатыўная, камунікабельная – усё гэта пра прафсаюзнага лідара Вольгу Анікей. Менавіта з яе кампетэнтнасці і граматнасці, умення аргументавана адстойваць пазіцыю, быць пасрэднікам у дыялогу паміж калектывам і дырэкцыяй складаецца імідж прафсаюза. Прафесіянальныя саюзы – грамадская частка работы Вольгі, у штатным раскладзе малочнага завода яе пасада – інжынер па ахове працы. І са сваімі прафесійнымі абавязкамі спраўляецца таксама выдатна. Стварэнне і захаванне належных умоў працы, быту завадчан – яе клопат і як інжынера па ахове працы, і як старшыні прафкама.

Дарэчы, Ляхавіцкі малочны завод неаднойчы станавіўся лепшым сярод прадпрыемстваў раёна і вобласці ў пытаннях аховы працы, у 2013 годзе заняў 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе. Сёння тут створаны выдатныя ўмовы для працаўнікоў (абсталяваны ўсім неабходным ад посуду да халадзільнікаў пакоі для прыёму ежы, камфортныя санітарныя пакоі з душавымі ёсць на кожным участку, выдаецца спецадзенне). Але, як кажуць, няма мяжы ўдасканаленню.

На кантролі – выкананне палажэнняў калектыўнага дагавора, заключанага паміж дырэкцыяй завода і калектывам, паўнамоцным прадстаўніком якога з’яўляецца старшыня прафкама.

Пад пільнай увагай прафсаюза праходзіць адаптацыя маладых спецыялістаў, не застаюцца пакрыўджанымі ветэраны працы. Па традыцыі штогод напярэдадні Дня пажылых людзей, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК члены прафкама сумесна з прадстаўнікамі дырэкцыі наведваюць тых, хто раней працаваў не толькі на прадпрыемстве ў Ляхавічах, але і на колішнім малочным заводзе ў Мазурках.

Спартыўна-аздараўленчая работа – адзін з прафкамаўскіх прыярытэтаў. Напрыклад, спартыўна-турыстычная каманда ляхавіцкіх малака-перапрацоўшчыкаў паспяхова ўдзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах, што праходзяць у канцэрне “Брэстмясамалпрам”.

Двойчы на год завадчане збіраюцца на прафсаюзны сход, дзе старшыня прафкама трымае справаздачу пра зробленае і агучвае планы на бліжэйшую перспектыву. Прафкам цесна супрацоўнічае з камісіяй па працоўных спрэчках. Калі ўзнікае любая, нават нязначная канфліктная сітуацыя, яна вырашаецца адразу, сумеснымі намаганнямі. Не застаецца прафсаюз у баку ад клопату пра здароўе працаўнікоў. Кожны з іх мае права раз у год скарыстацца магчымасцю адпачыць і паправіць за кошт прафсаюза і матэрыяль-най дапамогі ад прадпрыемства здароўе ў любым, на ўласны выбар, санаторыі краіны. Такім правам могуць карыстацца і дзеці работнікаў. Сёлета ў здраўніцах адпачывалі 3 дарослых і 5 дзяцей. 11 хлопчыкаў і дзяўчынак, чые бацькі працуюць на малочным, атрымалі пуцёўкі ў аздараўленчы лагер “Чайка”. Арганізацыя актыўнага і змястоўнага адпачынку для добрай работы – справа далёка не апошняя. Дзе толькі ні пабывалі завадчане, што ні пабачылі. Да нядаўняй паездкі ў Швецыю былі не менш запамінальныя падарожжы па Беларусі. Асаблівыя ўражанні засталіся пасля наведвання Аўгустоўскага канала, хакейных матчаў на “Мінск-арэне”, уразіў балет “Лебядзінае возера” ў сталічным тэатры оперы і балету. Тое, што Вольга Анікей сапраўдны прафсаюзны лідар, пацвярджае яе паўторнае абранне на гэту адказнейшую пасаду. Значыць, калектыў давярае ёй захаванне сваіх інтарэсаў. Як адзначае Вольга Міхайлаўна, без надзейнай падтрымкі, дапамогі, ініцыятыўнасці членаў прафкама Алены Козел, Ільі Кавальчука, Тамары Плескацэвіч, Ірыны Гладкай, Уладзіміра Стыкуця цяжка было б вырашаць пастаўленыя задачы. Разам яны – каманда, якой усё па сілах. Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *