Культурнае наваселле

Вызначэнне «шыкоўнае» надзвычай пасуе наваселлю, якое ў мінулую суботу ў Ляхавічах сабрала ў гарадскім Доме культуры першых гасцей. Пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту, якія «важылі» каля 9 мільярдаў рублёў, выдаткаваных з абласнога бюджэту, расчыніў дзверы сапраўдны палац.
Чырвоную стужку перад уваходам перарэзалі намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык, старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Было надзвычай урачыста, светла і радасна — доўгачаканы падарунак варты захаплення і ўдзячнасці ляхавічан. Пад дахам ГДК камфортна і ўтульна будзе праводзіць рэпетыцыі ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці, займацца рабятам з народнай студыі «Апалон», гурткоўцам. Тут жа справіла наваселле дзіцячая бібліятэка. Новая сцэна, нязвыкла прыгожыя залы і фае, балконы, мэбля — усё гэта для нас з вамі, дарагія землякі.
Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык шчыра павіншаваў ляхавічан з чаканым наваселлем і пажадаў, каб ГДК поўніўся творчасцю, каб сюды з задавальненнем ішлі людзі, каб тут развіваліся таленты. Дзяржава клапоціцца пра стварэнне ўмоў для гэтага. І суботняя падзея з ляхавіцкім адрасам – яшчэ адна выразная ілюстрацыя ў тэму.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук пажадаў, каб новая, цудоўная форма, якую набыў ГДК, напоўнілася адпаведным зместам. Дзмітрый Міхайлавіч падзякаваў будаўнікоў, што ўзвялі гэтую прыгажосць. Ён выказаў надзею, што тыя, для каго ўсё гэта зроблена, — наведвальнікі Дома культуры – будуць беражліва і ашчадна абыходзіцца з дарагой абноўкай.
Дзень вялікага наваселля ўмясціў у сябе ўсе традыцыйныя атрыбуты падзеі: уручэнне сімвалічнага ключа, падарункаў, віншаванні і, канечне, вялікі канцэрт, у якім прынялі ўдзел сама-дзейныя артысты Ляхавіччыны.

…Новы гарадскі Дом культуры запрашае! А ў адным з бліжэйшых нумароў “ЛВ” мы зробім завочную экскурсію па ГДК для тых, хто там яшчэ не пабываў.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *