Суха і некамфортна

Гарачае і без дажджоў надвор’е, якое суправаджала зернеўборачную кампанію, выступіла саюзнікам вяскоўцаў. І зусім іншая ацэнка сітуацыі, калі працяглая адсутнасць ападкаў пераўтварыла верхні пласт глебы амаль што ў попел. А сеяць трэба, тэрміны аптымальнай закладкі асновы будучага ўраджаю ніхто не пашырыць. “Трэба, – безапеляцыйна заяўляе загадчык сектара вытворчасці прадукцыі раслінаводства райсельгасхарчу Ігар Яварчук. – Дажджы рана ці позна пойдуць. Зерневыя пакуль церпяць, а вось з сяўбой азімага рапсу неабходна разлічыцца ў бліжэйшыя дні. Што глеба абсалютна сухая, вядома, дрэнна, але існуюць прыёмы вядзення работ і ў падобных умовах. Нашы спецыялісты іх ведаюць, імі карыстаюцца”.

У пасяўных планах ляхавіцкіх аграрыяў сёлета значыцца 3000 гектараў азімага рапсу. У вырошчванні культуры задзейнічаны ўсе гаспадаркі, прычым, менш як на сотню адзінак плошчы не разменьваецца ні адзін з сельгаскааператываў. Зрэшты, галоўныя валаўтваральнікі раёна ўсё тыя ж: СВК “Шлях новы” – 622 гектары, “Жарабковічы” – 600, райаграсэрвіс – 500.

Што маем? Па стане на пазаўчарашні дзень, гаспадаркі раёна адсеяліся прыкладна на дзвюх трэціх частках планавых плошчаў. Работы завяршылі або ўшчыльную падышлі да гэтага ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Востраў-Агра”.

Але не рапсам адзіным абмяжоўваецца зараз кола сельскагаспадарчых клопатаў. Больш за 2000 гектараў глебы падрыхтавана пад сяўбу збожжавых і зернебабовых культур. Асобныя – тая ж “Нача”, напрыклад – паспелі паспрабаваць сябе і ў сяўбе зерневых.

Актыўна і ўсе без выключэння гаспадаркі раёна шчыруюць на зялёным палетку. Хай сабе і не з абсалютнай дакладнасцю, аднак уборку кукурузы на сілас і зялёны корм, думаецца, назваць так можна. Калі засяродзіцца на ўраджайнасці, то зноў “усплывае” “Нача” і з’яўляецца СВК “Ляхавіцкі”. Пад 300 цэнтнераў масы на круг атрымліваюць аграрыі названых гаспадарак. Некалькі меншую, аднак дастаткова высокую ўраджайнасць паказвае кукурузны гектар “Шляху новага”.

У “Жарабковічах”, сярод іншага, узяліся за цукровыя буракі. З 933 гектараў гаспадарка паспела ўбраць каля сотні. Ураджайнасць салодкага кораня пакуль не ў прыклад леташняй – невялікая. Але ж відавочны факт – пад уборку зараз трапляюць далёка не самыя “салодкія” ўчасткі палёў. Хутчэй, наадварот – “падгарэлыя”, якія, у выпадку наступлення спрыяльных умоў надвор’я, не маюць перспектыў для росту.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *