Справа з агеньчыкам. Сёлета Ляхавіцкія газавікі адзначаюць не толькі прафесійнае свята, але і 55-годдзе УП ”Брэстаблгаз”.

Калектыў Ляхавіцкага цэха газазабеспячэння.

Газ трывала заняў месца сярод зручнасцяў, без якіх мы ўжо не ўяўляем свайго жыцця. Сёлета нашы газавікі адзначаюць не толькі прафесійнае свята, але і 55-годдзе УП ”Брэстаблгаз”.

Сваю гісторыю Ляхавіцкі цэх газазабеспячэння, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем Баранавіцкага міжрайгаза, адлічвае з 1975 года. Тады мясцовая эксплуатацыйная кантора па газіфікацыі была перайменавана ў цэх звадкаванага газу.

З моманту прыходу ў раён прыроднага газу прайшло амаль 3 дзесяцігоддзі, за якія спажыўцамі блакітнага паліва сталі каля 15 тысяч гараджан і вяскоўцаў. Працэс гэты працягваецца. За 6 месяцаў бягучага года газавыя магістралі Ляхавіччыны прыраслі на 11 кіламетраў.
– Задача Ляхавіцкага цэха – забеспячэнне безаварыйнай і бесперабойнай работы газавай сістэмы раёна, – расказвае дырэктар МВУ “Баранавічыміжрайгаз” Уладзімір Столяр. – З гэтым калектыў – 44 чалавекі – паспяхова спраўляецца, працуе зладжана і адказна. Прозвішча начальніка арганізацыі Ігара Чвыра сёлета занесена на Галерэю славы раёна і гэта гаворыць пра многае.
8 гадоў Ігар Генадзьевіч кіруе цэхам. Ён сцвярджае: – Нашым спецыялістам – прафесіяналам сваёй справы – пад сілу любыя заданні.
На абслугоўванні цэха знаходзіцца 215 кіламетраў газавых сетак, 20 газаразмеркавальных і 5 шафавых рэгу-лятарных пунктаў, 15 ёмістых установак. Сярод падраздзяленняў гаспадаркі – службы газаправодаў, абслугоўвання газавых і ёмістых установак і ГРП, тэхнічнага абслугоўвання абсталявання, кантролю, перасоўнай газазаправачнай станцыі і “аварыйкі” – цяжка выдзеліць больш важныя і важкія. Кожная займаецца сваёй справай, узаемадзейнічае з іншымі і працуе на агульны вынік.
2 гады назад непараўнальна змяніўся будынак цэха. Сказаць, што быў зроблены рамонт – нічога не сказаць. Новая мэбля, абсталяванне, камфортныя ўмовы працы – усё з густам і дзеля людзей. Добраўпарадкаваная ўласнымі сіламі тэрыторыя вакол цэха – гонар калектыву.
Мадэрнізуецца абсталяванне, павышаецца яго надзейнасць – старое замяняецца на энергазберагальнае і больш бяспечнае. Каб кваліфікавана выконваць ускладзеныя абавязкі, работнікі пастаянна павышаюць сваё прафесійнае майстэрства. У вучэбным класе, абсталяваным па апошнім слове тэхнікі, праводзяцца заняткі па ўдасканаленні тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў як з насельніцтвам, так і з газавікамі. Укараняюцца новыя тэхналогіі: усе аб’екты ГРП тэлемеханізаваны і выведзены на манітор дыспетчара. Пры любых адхіленнях у рабоце газавага абсталявання падаецца сігнал небяспекі і аператыўна прымаюцца меры па выпраўленні сітуацыі. Калі раней слесарам па абслугоўванні ГРП прыходзілася абходзіць- аб’язджаць аб’екты раз у 2 тыдні, то зараз раз у 2 месяцы.
Кругласутачна, без выхадных нясуць дзяжурства работнікі аварыйна-аднаўленчай службы – “хуткая газавая дапамога”. Рамонт газавага абсталявання, папярэджанне ці своечасовая ліквідацыя аварый – ад хуткіх і правільных рашэнняў і дзеянняў спецыялістаў “аварыйкі” часам залежыць не толькі захаванасць маёмасці, але нават жыццё чалавека.
Сямейныя дынастыі – не рэдкая з’ява ў гаргазе. Тут працуюць бацькі і сыны Вячаслаў і Уладзімір Івановічы, Аляксандр і Яўгеній Бурчыцы, Віктар і Андрэй Галушкі. 30 гадоў працуе бухгалтарам Святлана Счасная. Тут жа, побач з маці, шчыруе і дачка – дыспетчар аварыйна-аднаўленчай службы Таццяна Пятроўская. Працоўны стаж на дваіх у сям’і намесніка начальніка цэха Мікалая Дыдышкі і яго жонкі Ірыны, дыспетчара ААС, налічвае больш за 4 дзесяцігоддзі. Адно месца працы і ў братоў Эдуарда і Леаніда Багдановічаў.
30 гадоў добрасумленна працуе ў службе дыспетчар Ядвіга Чарнецкая. Менавіта яна і яе калегі прымаюць заказы на дастаўку звадкаванага газу, аварыйныя і рамонтныя работы.
Выдатна ведаюць сваю справу майстар Вячаслаў Шчука, слесар Аляксандр Мелехавец.
Асаблівы гонар калектыву – ветэраны вытворчасці. Больш за 20 гадоў узначальваў арганізацыю Іван Бурак, працоўны шлях якога пачынаўся са слесара. Ірына і Уладзімір Юрлевічы, Анатолій Лойка, Марыя Станіславовіч, Іосіф Бортнік, Лідзія Тамашук і многія іх калегі і сёння не губляюць сувязі з калектывам.
Жывуць газавікі з агеньчыкам, і не толькі працоўнымі буднямі. Адгукаюцца на дабрачынныя акцыі, падтрымліваюць розныя пачынанні, удзельнічаюць у спартыўна-творчых мерапрыемствах. А галоўнае, з упэўненасцю глядзяць у заўтра.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *