Раўненне на сцяг! 13 верасня піянеры Ляхавіччыны святкавалі юбілей
Верасень у піянерскім календары адзначаны важнай падзеяй – днём нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, якая ўжо 25 гадоў захоўвае і шануе традыцыі сваёй папярэдніцы – усесаюзнай піянерыі, а справамі і ўчынкамі яшчэ раз пацвярджае, што кожны яе член варты звацца піянерам. Па традыцыі ў гэты дзень піянерскія рады папаўняе новая змена энергічных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Раённы ўрачысты збор «Заўжды будзь гатовы!» сабраў на плошчы Перамогі нераўнадушных, якім, у добрым сэнсе, да ўсяго ёсць справа, хто заўжды гатовы падтрымаць і дапамагчы. У раёне налічваецца 17 піянерскіх дружын, а гэта 1087 піянераў і 771 акцябронак. Але лічбы сёння ўжо іншыя: 12 верасня на грудзях больш як 250 акцябрат запалалі чырвона-зялёныя гальштукі. Пад заклік старшыні раённага савета БРПА Ганны Буйко маленькія навабранцы аддалі свой першы салют і паабяцалі быць заўсёды гатовымі да спраў на карысць Радзімы, дабра і справядлівасці.
Ні дня без добрых спраў! Пад такім дэвізам сваімі ўчынкамі піянеры стараюцца зрабіць свет лепшым. Удзел у дабрачынных акцыях, дапамога пажылым людзям, ветэранам вайны і працы, клопат пра дзяцей і інвалідаў, пра малодшых сяброў-акцябрат, добраўпарадкаванне помнікаў і абеліскаў – клопатаў у піянерыі хапае.
Што б ні рабілі, куды б ні накіроўваліся, побач з імі педагогі-арганізатары, для якіх гэта даўно перастала быць працай, а з’яўляецца станам душы. Таццяна Лешык,
Святлана Падгурская, Ірына Балабушка, Таццяна Бяганская, Юрый Дземід, Людміла Пажога, Тамара Каваленка, Іна Гладкая сталі для дзяцей сапраўднымі сябрамі і разам з імі пазнаюць дзіўны і цудоўны свет піянерыі. А вось Таццяна Набешка, Ніна Юрчык, Таццяна Шчука, Ларыса Малочка, Дзіяна Джафарава, Дар’я Марозава толькі пачалі сваю працу.
Хвалюючыя імгненні свята: хвіліна маўчання і ўскладанне кветак на брацкую магілу герояў, якія загінулі пры вызваленні нашага горада ад фашысцкіх акупантаў, сталі сімвалам удзячнай памяці.
Ляхавіцкія піянеры неаднаразова станавіліся прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. За ініцыятыўнасць, творчасць, актыўны ўдзел у папулярызацыі і развіцці піянерскага руху раёна былі адзначаны піянерскія дружыны «Спадчына» Навасёлкаўскай СШ, «Пралеска» Востраўскай СШ, «Васілёк» Конькаўскага ВПК ДС-СШ, піянерская дружына імя Гастэлы СШ № 2. За мэтанакіраваную працу, актыўны ўдзел у папулярызацыі і развіцці піянерскага руху раёна адзначана піянерская дружына «Палымяныя сэрцы» гімназіі, якая заняла 3-е месца ў намінацыі «Лепшая піянерская дружына-2015», 2-е месца прысуджана дружыне «Васілёк» Тальмінавіцкай СШ, першай, а значыць лепшай, стала дружына «Сонечная» СШ № 1.
Пасля дзяцей чакала гульнявая праграма “Усё шырэй і шырэй наш строй піянерскі”, дзе яны ўспомнілі законы, традыцыі, праграмы, па якіх працуюць піянеры. Падтрымлівалі шчырымі апладысментамі выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія радавалі разнастайным рэпертуарам – сумаваць і сядзець на месцы не дазволілі.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.





