СВК «Шлях новы». Шчодрае поле для шчырых працаўнікоў

Адзін з лепшых вадзіцеляў у раёне на адвозцы збожжа Андрэй Абражэвіч

Сёлета першым у раёне распачаў жніво СВК “Шлях новы”. На хлебныя палі гаспадаркі (а гэта больш за 2800 гектараў) выйшлі 14 камбайнаў. Экіпажы – усе, як адзін, – прафесіяналы сваёй справы, майстры, якія, незалежна ад узросту і колькасці жніўных сезонаў за плячамі, за штурвалам любога камбайна здольны паказаць высокі клас. За гарачыя ўборачныя тыдні амаль усе намалацілі звыш тысячы тон, а 3 экіпажы – больш як па паўтары  тысячы.

Але ж, трэба сказаць, камбайнерам было дзе прадэманстраваць сваё майстэрства: сярэдняя ўраджайнасць навасёлкаўскага, конькаўскага, дараўскага гектара сёлета перавысіла 68 цэнтнераў. А асобныя палеткі са збожжавымі культурамі і наогул расшчодрыліся: пшаніца ўрадзіла больш як па 80 цэнтнераў з гектара, ячмень і трыцікале дзе-нідзе давалі па 70 цэнтнераў на круг. Такое багацце – не падарунак надвор’я і лёсу, а вынік карпатлівай і настойлівай хлебаробскай працы. Усіх, хто закладваў насенны фонд, планаваў карту пасеваў, рыхтаваў зямлю, сеяў, даглядаў, убіраў, перавозіў, дасушваў…

– Што і казаць, людзі стараліся. Пра ўсіх, хто працаваў на жніве, магу сказаць толькі добрыя словы, – адзначае кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Вашчук.

Зусім нядаўна на сцэну абласных “Дажынак” падымаўся аператар зернесушыльнага комплексу гаспадаркі Васілій Суднік. Разам з Мікалаем Правалавым яны былі пастаяннымі лідарамі на раённай жніўнай дошцы гонару. Лепшым маладым камбайнерам вобласці быў прызнаны Васілій Шадура. Вадзіцель Андрэй Абражэвіч, які сёлета першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа, стаў прызёрам раённага спаборніцтва, як і экіпаж у складзе Васілія Цыкмана і Андрэя Бубена.

Месцы і рэйтынгі– рэч, канешне, паказальная, але дастаткова ўмоўная. Галоўны вынік сёлетняга жніва – тое, што ў хлебным караваі раёна 19 тысяч тон – больш як пятая частка – “Шляху новага”.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У Аляксандра Дзядовіча і Андрэя Татарыновіча жніво было ўраджайным.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *