Высокі старт. У Ляхавічах у свята спорту ператварыўся Х дзіцяча-юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Генадзія Валюкевіча

Да фінішу яшчэ далёка.

Упершыню ўраджэнец Ліпска, экс-чэмпіён і прызёр многіх міжнародных і саюзных спаборніцтваў у трайным скачку, майстар спорту міжнароднага класа Генадзій Валюкевіч “прывёз” свой турнір у Ляхавічы ў 2006 годзе. Старты пазіцыяніраваліся як адкрытыя абласныя, а то і – практыка некалькіх гадоў – праходзілі пад шыльдай рэспубліканскіх. Позні каляндар (канец кастрычніка – лістапад) “заганяў” лёгкаатлетаў у залы, прыстасаваныя хіба-толькі пад самы кароткі спрынт і скачкі. А, напрыклад, бег на тысячу метраў у такіх умовах ператвараўся ў так званы чаўнаковы бег.

Сёлета арганізатары вельмі пастараліся, не пашкадавалі сіл, намаганняў і сродкаў, каб надаць спаборніцтвам новую форму, прыўнесці свежы антураж, падагрэць глядацкі інтарэс. Атрымалася на “ўра” і заслужыла апладысментаў. На іх, дарэчы, запоўненая трыбуна стадыёна не скупілася: жывую рэакцыю балельшчыкі выказвалі на кожны старт і фініш, на праяўленне барацьбы, што вялася на бегавых дарожках, на ўдалы манеўр, на прыгожы тэхнічны скачок.

Выхад на паветра адкрытага стадыёна падаецца першапрычынай фестывальнай святочнасці Х адкрытага дзіцяча-юнацкага лёгкаатлетычнага турніру на прызы Генадзія Валюкевіча. Да сустрэчы ўдзельнікаў і гасцей “Колас” нядрэнна падрыхтаваўся. У свежых фарбах – трыбунны комплекс, была абноўлена разметка дарожак бегавога авала, рэанімавана скачковая яма. “Рэанімацыя” апошняй, дарэчы, абышлася прыкладна ў 20 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай, што дазволіла прыблізіць скачковы сектар да патрабаванняў часу.

Дрэнным тонам было б не ўзгадаць пра надвор’е, якое стала зусім не другасным спадарожнікам турніру. І напярэдадні, і на дзень наступны дождж хоць неяк ды нагадваў пра сябе. У пятніцу, 18 верасня, ён узяў тайм-аўт. Затое колькі сонца і зусім невераснёўскага цяпла!

Канешне ж, найбольшую колькасць удзельнікаў “выставіў” на спаборніцтвы наш раён. Пазмагацца за прызы земляка (а заадно – сёлетняя навацыя – прынесці сваёй навучальнай установе балы ў залік круглагадовай раённай спартакіяды школьнікаў) прыехалі каманды з усіх школ Ляхавіччыны. Канкурэнцыю гаспадарам на гэты раз складалі юныя лёгкаатлеты з Баранавічаў, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Столінскага раёнаў.

Землякоў, гасцей, удзельнікаў спаборніцтваў шчыра вітаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які падкрэсліў, што сёлетні турнір на прызы Валюкевіча сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў – больш за 200 спартсменаў. Пажадаўшы апошнім паспяховага выступлення, балельшчыкам – яркіх эмоцый, кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што спаборніцтвы стануць вартым працягам добрых традыцый, дадуць новы імпульс для павышэння спартыўнага майстэрства, падштурхнуць моладзь да заняткаў спортам, здаровага ладу жыцця. Вячаслаў Сельмановіч падзякаваў Генадзію Валюкевічу за актыўную падтрымку, удзел у правядзенні спаборніцтваў.

Сам майстар трайнога скачка ўзгадаў, наколькі важным момантам з’яўляецца вера ў сябе, свае сілы і што ў спалучэнні з працай названыя якасці здольны рабіць ледзь ці не цуды.

Спаборніцтвы ж прайшлі без цудаў, аднак, у цудоўнай атмасферы, канкурэнтна, у напружанай барацьбе. Прытым – у абставінах сяброўства, добразычлівасці, узаемадапамогі. Хапала эмоцый як на трыбунах, так і на дарожках стадыёна. Крануў адзін з момантаў. На адной з бегавых дыстанцый спартсменка ішла чацвёртай. Пазмагацца за трэці прыз магчымасці ў яе ўжо не заставалася. Юная атлетка ледзь стрымлівала слёзы, але волю сваім эмоцыям дазволіла толькі за фінішнай стужкай. Лёгка зразумець: чацвёртае месца лічыцца ў спартсменаў самым крыўдным.

Што да турнірных вынікаў, то, улічваючы спецыялізацыю і, канешне, асаблівую любоў “міжнародніка” Генадзія Валюкевіча, прыярытэтнай дысцыплінай варта лічыць трайны скачок. Галоўныя прызы тут дасталіся не нашым землякам. Але і ляхавічане сабралі на родным стадыёне і сваім турніры неблагі ўраджай узнагарод. Двухразовымі пераможцамі сталі Уладзіслаў Тумаш (бег на 60 і 300 метраў), Юрый Тарлюк (бег на 600 метраў і ў складзе эстафетнай чацвёркі). Сярод дзяўчат лепшы вынік у бегу на 300 метраў паказала наша Марыя Якубчык, а ў спартыўнай хадзьбе

на кіламетр – Алеся Давыдава. Ну і, як мы паведамлялі ўжо, наш квартэт першынстваваў у змешанай эстафеце – Юрый Тарлюк, Таццяна Смірнова, Уладзіслаў Куніцкі, Марына Арцёмчык. Значацца, ляхавіцкія прозвішчы і ў спісе другіх і трэціх прызёраў спаборніцтва. Усе яны адзначаны турнірнымі медалямі адпаведнай вартасці, граматамі, каштоўнымі падарункамі і кубкамі ў асобных дысцыплінах праграмы. Ну і, безумоўна, прызы глядацкіх сімпатый, выражаныя ў бурных працяглых апладысментах.

На спаборніцтвах прысутнічалі вядомыя ў беларускай лёгкай атлетыцы асобы. Прымалі ўдзел ва ўзнагароджванні пераможцаў-прызёраў, дзяліліся ўражаннямі. Напрыклад, старшы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па Брэсцкай вобласці Анатолій Стацкевіч адзначыў добрую арганізацыю спаборніцтваў. Пахваліў актыўнасць “трыбун”, быў прыемна ўражаны ўвагай кіраўніцтва раёна ў ходзе падрыхтоўкі і падчас правядзення турніру.

Між іншым, добрыя водгукі чуваць да гэтага часу.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Лепшых у трайным скачку ўзнагароджваў асабіста Генадзій Валюкевіч.

Двухразовы пераможца турніру Уладзіслаў Тумаш.

З «сярэбраным» выступленнем Таццяну Смірнову віншуе Анатолій Стацкевіч.

Каманда Ляхавіцкага раёна: настрой на перамогу.

На трыбуне няма свабодных месцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *