Не нова – датэрмінова

6 кастрычніка пачынаецца датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы жыхарства, мае права не раней чым за пяць дзён да асноўнага дня галасавання ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем, запоўніць у памяшканні ўчастковай камісіі бюлетэнь і апусціць яго ў апячатаную асобную скрыню. Гэтая скрыня прызначана для галасавання тых выбаршчыкаў, якія будуць адсутнічаць у дзень правядзення выбараў па месцы свайго жыхарства.

Згаданы этап прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў мінулыя гады падвяргаўся крытыцы з боку так званых змагароў за «правільныя» выбары. Пры гэтым чамусьці «забывалі» пра тое, што і ў іншых дзяржавах таксама практыкуецца аналагічная выбарчая працэдура.

У самы час нагадаць: датэрміновае галасаванне – ніякае не беларускае новаўвядзенне.  Так, у Канадзе актам аб парламенцкіх выбарах прадугледжана правядзенне датэрміновага галасавання для асобных груп выбаршчыкаў, якое праводзіцца на працягу трох дзён на асобных выбарчых участках. Выбаршчыкі могуць таксама датэрмінова прагаласаваць у памяшканні кіраўніка выбарчай акругі або па пошце.  У некаторых штатах ЗША захоўваюцца даволі працяглыя тэрміны правядзення датэрміновага галасавання (месяц і больш).   У Швейцарыі датэрміновае галасаванне праводзіцца на працягу двух з чатырох дзён да дня агульнага галасавання, у Фінляндыі – на спецыяльных выбарчых участках на працягу сямі дзён, пачынаючы за адзінаццаць і заканчваючы за пяць дзён да даты выбараў.

Датэрміновае галасаванне выбаршчыкаў прадугледжана таксама ў шэрагу дзяржаў азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна, напрыклад, у Паўднёвай Карэі, Малайзіі, Мікранэзіі, Японіі.

Відавочна: пры наяўнасці ўласцівых розным краінам некаторых індывідуальных асаблівасцяў у агульным і цэлым датэрміновае галасаванне з’яўляецца прызнанай сусветнай практыкай.

Асабісты ўдзел у галасаванні параўнальны з маленькім крокам, які вызначае вектар накірунку далейшага шляху. Каб рухацца далей, яго абавязкова трэба зрабіць. І такая магчымасць прадастаўляецца кожнаму грамадзяніну Беларусі як у перыяд датэрміновага галасавання – з 6 па 10 кастрычніка, так і непасрэдна ў дзень выбараў – 11 кастрычніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *