Добры дзень, дзеці! Штодзень 63-х хлопчыкаў і дзяўчынак сустракае Востраўская СШ /фота/

Урок вядзе маладая настаўніца Востраўскай СШ Ганна Дзенісовіч

Зноў кастрычнік. І зноў кляновае лісце ўпрыгожвае наваколле,  кветкі вабяць  хараством. Прырода не шкадуе фарбаў да свята  педагогаў, нібы  дзякуе  за любоў да сваёй справы, за веды і  мудрасць,  якія яны перадаюць дзецям.

У нашым раёне разумнае, добрае, вечнае сеюць больш за  700 улюбёных у сваю работу, адданых дзецям прадстаўнікоў гэтай мірнай, такой неабходнай ва ўсе часы прафесіі. Сярод іх і калектыў Востраўскай СШ.

Усё ў школе зроблена з густам і душой, навокал чысціня і парадак. Падтрымліваць яго дапамагае, у тым ліку, мясцовая гаспадарка – ЗТАА “БелДан”, дзякуючы якой заасфальтавана прылягаючая тэрыторыя (абноўлена мэбля ў пачатковых класах).   Звычайнае жыццё звычайнай школы.

8.10. На ўрокі спяшаюцца пачаткоўцы і старшакласнікі, настаўнікі. З ярка-жоўтага школьнага аўтобуса чародкай выпырхнулі рабяты, якіх кожную раніцу з навакольных вёсак дастаўляюць на заняткі. Звіняць дзіцячыя галасы – пачынаецца новы вучэбны дзень. Раніца ў школе нечым нагадвае мурашнік. Кожны заняты справай: дзяжурныя пільна сочаць за парадкам, нехта рыхтуецца да ўрокаў, дзеліцца з сябрамі навінамі, а хтосьці старанна паўтарае дамашняе заданне.

8.30. Са званком у калідоры прыходзіць цішыня – пачынаюцца ўрокі. У камп’ютарным класе (дарэчы, школа зусім нядаўна атрымала новыя камп’ютары), бібліятэцы, спартыўнай зале, тэхнічных майстэрнях, у светлых і ўтульных кабінетах няспынна ідзе творчы пошук, які майстарскі накіроўваюць у неабходным напрамку 20 прафесіяналаў-энтузіястаў, актыўных і нераўнадушных педагогаў. Яны прыдумваюць, натхняюць, ствараюць.

Без малога паўстагоддзя раскрывае школьнікам тайны фізікі Іван Вайцешык. Не пералічыць, колькі яго вучняў прыкіпелі да гэтага школьнага прадмета, дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Прыхач шмат гадоў нястомна прывівае вясковым рабятам любоў да рускай класікі. На ўроках настаўніцы хіміі Марыі Козел рабяты адчуваюць сябе сапраўднымі даследчыкамі. Вельмі плённа займаецца даследчай дзейнасцю і настаўніца матэматыкі Таццяна Котава. У мінулым навучальным годзе работа яе выхаванкі Аляксанд-ры Горбік атрымала дыплом  2 ступені на абласной вучнёўскай канферэнцыі.

Не адстаюць ад аўтарытэтных калег і маладыя спецыялісты. Другі год у школе выкладае біялогію Ганна Дзенісовіч. Старт у прафесію атрымаўся ўпэўненым і ўдалым. Разам з адзінаццацікласніцай Кацярынай Бародзіч перамаглі ў абласной акцыі “Падтрымаем птушак”, прайшлі ў фінал рэспубліканскага конкурсу, дзе прэзентавалі экалагічныя маршруты ляхавіцкіх заказнікаў; з дзевяцікласніцай Палінай Лук’янчык удзельнічалі ў абласным этапе алімпіяды па здаровым ладзе жыцця.

…Незаўважна праляцелі 3 урокі. На гадзінніку 11.15 – самы час смачна паабедаць, тым больш атмасфера тутэйшай сталовай настройвае на добры апетыт. Пасля капітальнага рамонту тут новая сучасная мэбля і абсталяванне. Абеды для вясковых школьнікаў бясплатныя, пра гэта паклапацілася дзяржава.

А, бывае, сталовая пераўтвараецца і ў месца правядзення шматлікіх мерапрыемстваў: некалькі штрыхоў – і ўтульная актавая зала гатова для разнастайных прадстаўленняў і святочных ранішнікаў. Зараз, напрыклад, ідзе падрыхтоўка да папулярных восеньскіх “міс” і “містэра”, кірмашоў і выстаў. Нязменныя гледачы і ўдзельнікі падзей – бацькі. Сумесныя мерапрыемствы з дзіцячым садам, з СДК сталі традыцыйнымі.

На працягу 17 гадоў школай кіруе Алена Дыдышка.

– З такім калектывам аднадумцаў працуецца лёгка і цікава. Кожны наш вучань – зорачка, іх здольнасці мы імкнёмся раскрыць, далучыць дзяцей да цікавых спраў. А падтрымка і ўзаемаразуменне вельмі важныя для рабят, – адзначае Алена Лявонцьеўна.

15.30. Скончыліся ўрокі ў старшакласнікаў, даўно разышліся і малодшыя вучні. Але яны пазней прыйдуць зноў у школу – іх тут заўсёды чакаюць, у тым ліку для заняткаў у гуртках “Арыгамі”, “Камп’юша”, “Бібліёша” і іншых, а таксама ў спартыўных секцыях. Усё гэта не проста дапамагае арганізоўваць вольны час школьнікаў, але і робіць іх больш адказнымі, зацікаўленымі, нераўнадушнымі. Дарэчы, у Востраўскай СШ на працягу некалькіх гадоў няма правапарушэнняў. Па словах рабят, у іх такое насычанае жыццё, што сумаваць не даводзіцца. Настаўнікі і вучні – плённая садружнасць, якая дазваляе школе раз за разам станавіцца лепшай у раённым спаборніцтве сярод устаноў адукацыі.

19.00. У школу зноў прыйшла цішыня, якую раніцай радасна парушаць звонкія галасы. І яна зноў сустрэне іх такая ж прыгожая і прыбраная: “Добрай раніцы, дзеці!”

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Алена Дыдышка – вопытны і кампетэнтны кіраўнік.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Петухова

Назіраць і прымяняць фізічныя з’явы ў жыцці вучыць Іван Вайцешык.

Больш за 40 гадоў адкрывае школьнікам цікавы свет хіміі Марыя Козел.

Вучні ўпэўнены: няма такой задачы, якую б не магла рашыць іх настаўніца Таццяна Котава.

Педагог-псіхолаг Наталля Пятроўская і сацыяльны педагог Аляксандра Гурбановіч

Настаўнік рускай мовы і літаратуры Юрый Дзямід і яго шасцікласнікі

Кожны ўрок Людмілы Сахон – захапляючае падарожжа ў скарбонку беларускага слова.

Бібліятэкар Марыя Ламанос

З настаўнікам тэхнічнай працы і фізічнай культуры Валянцінам Дыдышкам 11-класнікі Дзмітрый Калько і Павел Жарскі майструюць адмысловыя мадэлі.

Абеды ў сталовай заўсёды смачныя!

Намеснік дырэктара Наталля Петухова (справа), настаўнік рускай мовы і літаратуры Юрый Дзямід, педагог-псіхолаг Наталля Пятроўская і сацыяльны педагог Аляксандра Гурбановіч.

Сэрцы настаўнікаў пачатковых класаў Таццяны Петрашэвіч, Людмілы Юнік, Галіны Гоўшы і Тамары Май аддадзены дзецям.

One thought on “Добры дзень, дзеці! Штодзень 63-х хлопчыкаў і дзяўчынак сустракае Востраўская СШ /фота/

  • 13/10/2015 в 02:14
    Permalink

    Выпускиники Островской школы выходят толковые , людьми хорошими)спасибо нашей школе)спасибо нашим учителям)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *