Замест урокаў – лагер

Асеннія школьныя канікулы сёлета пройдуць з 25 кастрычніка па 1 лістапада. Рабяты, канешне, з нецярпеннем чакалі гэтага, хоць і невялікага, але ўсё ж перапынку ад урокаў. А вось перад многімі бацькамі, асабліва пачаткоўцаў, паўстала пытанне, куды ўладкаваць дзіця, пакуль дарослыя на рабоце. Адзін са спосабаў вырашэння гэтай праблемы – запісаць у лагер дзённага знаходжання на базе школы, у якой ён вучыцца.

Дзякуючы дзяржаўным датацыям, даплаты на харчаванне ў прышкольных лагерах невялікія: за 6-дзённы адпачынак школьніка ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў бацькоўская даплата складае 78 тысяч рублёў, пуцёўка для 11-13-гадовага абыдзецца ў 99 тысяч рублёў. Асноўныя затраты бярэ на сябе бюджэт, кампенсуючы 204 тысячы рублёў за кожную пуцёўку.

У нашым раёне такія лагеры з 26 па 31 кастрычніка будуць дзейнічаць ва ўсіх гарадскіх школах, гімназіі, Жарабковіцкай СШ, Конькаўскім і Дараўскім ДС-СШ, Падлескім ДС-БШ. Сюды запісаліся 174 хлопчыкі і дзяўчынкі, у асноўным вучні пачатковых класаў. 20 падлеткаў, якія займаюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, будуць наведваць дзённы лагер “Каласок”, дзе, акрамя забаўляльных мерапрыемстваў, у абавязковым парадку і трэніроўкі па лёгкай атлетыцы, футболе, гандболе і дзюдо.

Праграма восеньскіх канікул вельмі насычаная. Сумаваць хлопчыкам і дзяўчынкам не давядзецца. Дарослыя паклапаціліся, каб дзіцячы адпачынак быў цікавым, насычаным і карысным. У яго праграме – спартыўныя спаборніцтвы, малыя алімпійскія гульні, дні здароўя, экскурсіі ў розныя гарады краіны, падарожжы і вандроўкі па гістарычных мясцінах Ляхавіччыны. Старшакласнікі ахвотна падыскутуюць на актуальныя ў маладзёжным асяроддзі тэмы, сустрэнуцца з цікавымі суразмоўцамі, паўдзельнічаюць у брэйн-рынгах. У звычайным рэжыме будуць працаваць гурткі ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, школах, спартыўныя секцыі ў ДЮСШ.

З 23 кастрычніка па 1 лістапада аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна з РАУС праводзіць прафілактычную акцыю “Бяспечныя канікулы”, асноўная мэта якой – арганізацыя вольнага часу дзяцей і падлеткаў.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *