Пра аранжавы колер, самадыягностыку і не толькі. Кастрычнік – месяц прафілактыкі раку малочнай залозы

Сёлета ў кастрычніку ўпершыню ў Беларусі праходзіць маштабная акцыя па прафілактыцы раку малочнай залозы ў межах міжнароднага месяца супраць гэтай анкалагічнай хваробы. Ва ўсіх установах аховы здароўя медыкі кансультуюць жанчын па пытаннях прафілактыкі і лячэння паталогій малочнай залозы, акцэнтуюць увагу на неабходнасці абследавання. Як паказвае практыка, ранняе выяўленне пухліны дае гарантыю паспяховага лячэння. Пра гэта і многае іншае – размова з урачом-анколагам Ляхавіцкай ЦРБ Сяргеем СЯРЖАНТАВЫМ:

– Сяргей Міхайлавіч, як сведчыць статыстыка, рак малочнай залозы лідзіруе ў структуры анкалагічных хвароб. Якія прычыны яго выклікаюць?
– Штогод у нашай краіне гэты дыягназ ставіцца ўпершыню каля 4 тысячам жанчын. Ва ўзроставай групе 40-50 гадоў рызыку захварэць мае адна з 40 жанчын, ад 75 і больш гадоў – адна з 25. У нашым раёне 96 жанчын з такім дыягназам, штогод рэгіструецца 10-12 новых выпадкаў. Часцей пухліна выяўляецца падчас прафілактычных аглядаў, а прыкладна ў трэці выпадкаў жанчыны выяўляюць яе пры самаабследаванні.
У структуры анкалагічных захворванняў у нашым раёне рак малочнай залозы на 4-м месцы па распаўсюджанасці пасля раку скуры, прастаты, лёгкіх.
Нягледзячы на тое, што з кожным годам павялічваецца колькасць тых, каму ставіцца анкалагічны дыягназ, змяншаецца колькасць пацыентаў з запушчанымі стадыямі. Для параўнання: гадоў 5 назад такіх было да  40 працэнтаў, цяпер – 12.
У нашай райбальніцы ёсць неабходнае медыцынскае абсталяванне для абследавання малочнай залозы.
Што датычыць прыроды ўзнікнення пухліны, то яна звязана з уплывам розных фактараў, і ў большасці выпадкаў прычына так і застаецца нявызначанай. Тым не менш, асноўныя правакатары вядомыя, у першую чаргу – любыя гарманальныя расстройствы. Сярод фактараў, якія павялічваюць рызыку развіцця анкалогіі, – узрост. 90 працэнтаў усіх выпадкаў дыягнастуецца ў жанчын пасля 40 гадоў: у арганізме адбываюцца гарманальныя змены. Клімакс – нармальны фізіялагічны працэс. Але менавіта ў такі перыяд адбываецца зніжэнне абаронных магчымасцей і ўстойлівасці гарманальнай сістэмы.
На развіццё раку малочнай залозы ўплывае рэжым і структура харчавання. Варта скараціць да мінімуму ўжыванне прадуктаў з высокім утрыманнем халестэрыну, цукру. Празмерная прысутнасць у меню смажаных страў, канцэнтраваных булёнаў, сметанковага масла – прамы шлях да хваробы. А вось вітаміны адыгрываюць важную ролю ў абменных працэсах, таму маюць абаронны супрацьпухлінны эфект.
Яшчэ адзін “спрыяльны” фактар развіцця хваробы – атлусценне і нізкая фізічная актыўнасць.
На асаблівым кантролі і траўмы малочных залоз. Нярэдка і самі хворыя звязваюць з’яўленне ў сябе пухлін са сцісканнем, ударам і г.д. Механічныя траўмы, асабліва паўторныя, могуць стымуляваць перадпухлінныя змяненні.
Называючы прычыны, нельга не ўзгадаць і спадчыннасць. Асабліва ўважлівымі да здароўя павінны быць тыя, у чыіх першай і другой ступені роднасці дыягнаставаўся рак малочнай залозы.
Правакуе рызыку развіцця анкалогіі і курэнне, у большай ступені ў жанчын, якія пастаянна курылі перад пачаткам менапаўзы. Злоўжыванне алкаголем – яшчэ адзін фактар рызыкі.
– На што, у кантэксце нашай размовы, жанчыне перш за ўсё трэба звяртаць увагу?
– Трэба праводзіць самаабследаванне. Уважліва аглядайце свае малочныя залозы. Любыя змяненні формы, памераў, сіметрычнасці, канфігурацыі накшталт уцягнутых участкаў, выпінання павінны насцярожыць. Як дарэчы і дэфармацыя, язвы саскоў і арэолы, выдзяленні з іх, пачырваненні, ацёкі, так званая «апельсінавая скурка» на грудзях; наяўнасць вузялковых ушчыльненняў, балючых участкаў. Заўважылі нешта падобнае? Не адкладвайце візіт да ўрача, пакажыцеся спецыялісту — анколагу, гінеколагу. Ён зробіць пальпацыю, пры неабходнасці назначыць ультрагукавое абследаванне. Калі яно пакажа, што ёсць новаўтварэнні, пацыентка атрымае накіраванне ў анкалагічны дыспансер, дзе па паказаннях зробяць мамаграфію – рэнтгеналагічнае абследаванне залозы, а, магчыма, і пункцыю, каб па выніках біяпсіі, гісталогіі дакладна вызначыць – злаякаснае новаўтварэнне ці не.
Адзіны рэальны шлях да выздараўлення – ранняя дыягностыка і лячэнне ў медустанове. Пры своечасовым звароце 80-90 працэнтаў пацыентак вылечваюцца поўнасцю.
На жаль, ёсць прыклады, калі жанчына даводзіць сябе да трагічнага фіналу. Некалькі гадоў назад падчас прафілактычнага агляду ў 46-гадовай вяскоўкі выявілі новаўтварэнне ў малочнай залозе. Пацыентцы далі накіраванне ў анкалагічны дыспансер. Яна адмовілася і ад праходжання абследавання, і ад лячэння. Пазней, калі пачаліся рэзкія болі, абследаванне выявіла чацвёртую стадыю раку малочнай залозы з метастазамі.
Калі ўрач накіроўвае на дадатковае абследаванне, паслухайце яго.
– Знакамітае выказванне пра тое, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, мае адносіны і да анкалогіі малочнай залозы…
– Безумоўна, медыцына не стаіць на месцы, навука настолькі рушыла наперад, што дыягназ рак не гучыць як прыгавор. Асабліва, калі хвароба выяўляецца на нулявой, першай ці другой стадыях.
Кожная жанчына можа лёгка авалодаць методыкай самаабследавання і рэгулярна, раз у месяц у першы тыдзень пасля заканчэння чарговай менструацыі, а пры яе адсутнасці – у першы дзень кожнага каляндарнага месяца, праводзіць агляд і пальпацыю малочных залоз, падмышачных упадзін. Рабіць гэта трэба спачатку лежачы, а потым стоячы. Пры выяўленні ўшчыльненняў катэгарычна забараняецца займацца самалячэннем. Ні капусны ліст, ні спіртавыя настойкі, грэлкі і іншыя спосабы лячэння па парадах “добразычліўцаў” не дапамогуць.
Як і ў прафілактыцы іншых анкалагічных хвароб захоўвайце правілы рацыянальнага харчавання. Кожная прадстаўніца прыгожай паловы, незалежна ад узросту і сямейнага становішча, павінна сачыць за сваёй масай цела.
Не забудзем і пра супрацьпухлінную актыўнасць вітамінаў і, перш за ўсё, бэта-караціну, вітаміну С. Хачу спыніцца на так званай сонечнай агародніне – аранжавага, жоўтага і чырвонага колеру. Морква, перац, памідор утрымліваюць шмат вітамінаў, якія неабходны арганізму. Не забывайцеся пра часнок, цыбулю, зяленіва, яблыкі і цытрусавыя, арэхі – яны валодаюць антыаксідантнымі ўласцівасцямі.
Не насіце цесныя бюстгальтары і беражыце малочныя залозы ад розных траўмаў.
– Сяргей Міхайлавіч, што яшчэ вы параіце жанчынам?
– Пра самаабследаванне мы ўжо гаварылі. Паказацца хаця б раз у год медыкам – абавязкова. Пасля 45 гадоў гэта неабходна рабіць раз у паўгода. Пасля 50 гадоў рэкамендуецца таксама прафілактычнае рэнтгеналагічнае абследаванне раз у 2 гады. Гэта самы эфектыўны і прызнаны ва ўсім свеце метад. Ён дазваляе выявіць пухліну на стадыі, калі яна яшчэ не дае метастазаў, калі магчыма хірургічнае ўмяшальніцтва без выдалення ўсёй залозы.
І яшчэ. Для жанчын вельмі важна кахаць і быць каханымі. Гэта адна з умоў жаночага здароўя.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *