Залежы торфу

Торф – гэта параўнальна недарагія цеплавыя калорыі. Па паказчыку  цеплааддачы тарфяныя паліўныя брыкеты прыкладна ў паўтара разы пераўзыходзяць добрыя сухія дровы. Да таго ж, і ў фінансавым плане пакупка брыкетаў з’яўляецца больш выгаднай. Былі часы, калі выстройваліся чэргі грузавікоў і трактароў з прычэпамі да складоў гатовай прадукцыі торфабрыкетных заводаў, у тым ліку і нашага – аднаго з магутнейшых у краіне.

Ніякага ажыятажу вакол прадукцыі торфаперапрацоўшчыкаў не назіраецца на працягу ўжо некалькіх гадоў. Каб не працаваць на склад, прадпрыемства вымушана пайсці на змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці. Так за 9 месяцаў бягучага года ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” вырабіў 44 000 тон паліўных брыкетаў – крыху больш за 91 працэнт у параўнанні з аб’ёмам за аналагічны леташні адрэзак часу. Збытавымі пляцоўкамі торфабрыкетнага заўсёды былі многія раёны Гомельскай і Магілёўскай абласцей, фактычна ўсе рэгіёны Брэстчыны. Арганізацыі і насельніцтва праз сістэму райпалівазбытаў набывалі наш торфабрыкет. Набываюць і зараз, аднак, актыўнасць зменшылася. Сёлета за 9 месяцаў райпалівазбыты купілі на 6500 тон тухавіцкіх брыкетаў менш. Змяншэнне раўняецца прыкладна 19 працэнтным пунктам.

Відавочна, што цёплыя зімы “ахаладзілі” попыт на паліва. Усё часцей крыніцай цяпла ў дамах становіцца прыродны газ, некаторыя лічаць за лепшае абагравацца пры дапамозе дроў. Трэба прызнаць і тое, што клапаціцца пра цеплавы камфорт свайго дома мы часцяком пачынаем, калі тэмпература на двары набліжаецца да нуля. Першыя халады становяцца стымулятарам актыўнасці ў пакупнікоў паліва. Параўнальна нядаўнія кастрычніцкія “мінус 5-7” паднялі попыт на брыкет. Чым глыбей у халодныя месяцы года, тым запатрабаваней стане чорнае багацце.

Але нягледзячы на амаль васьміпрацэнтнае зніжэнне ў параўнанні з 2014-ым  аб’ёмаў вытворчасці, за 9 месяцаў года Ляхавіцкі торфабрыкетны аказаўся ў плюсе. Інакш кажучы, атрымаў прыбытак, чаго не было летась. За кошт чаго ўдалося выйсці на станоўчы баланс? Можна гаварыць пра комплекс праведзеных мерапрыемстваў, новых захадаў і падыходаў. Была крыху падкарэкціравана цана на брыкет для арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. Толькі не для райпалівазбытаў: для насельніцтва яна трымаецца ўжо каля года.

Нарасцілі экспартны вектар. І хоць выйсці на колішнія дзясяткі тысяч тон не атрымалася, экспартны “плюс” у параўнанні з мінулым годам склаў каля 60 працэнтных пунктаў. Калі ў абсалютнай лічбе, то замежныя пастаўкі ТБЗ за 9 месяцаў склалі 1753 тоны паліўных брыкетаў.

Варта ўзгадаць і аб аптымізацыйных момантах з мэтай зніжэння вытворчых затрат і, адпаведна, атрымання на выхадзе прадукцыі па меншым сабекошце. Зменшылася колькасць работнікаў прадпрыемства, але беспрацоўных не з’явілася. Калі, напрыклад, нехта пакідаў завод з прычыны пенсійнага ўзросту, то на яго месца бралі не навічка, а, у выпадку незаменнасці пасады, рыхтавалі і “перамяшчалі” свайго.

Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба падкрэсліла: торфабрыкетны завод з’яўляецца сёння адным з нямногіх прадпрыемстваў, на якім не “вісяць” пратэрмінаваныя крэдыты, няма даўгавых абавязкаў перад сумежнікамі, людзям своечасова “аддаецца” заробленае.

Але сітуацыя нялёгкая, можна гаварыць пра свайго роду эканамічную прахалоду. Магчыма, нашых брыкетчыкаў “падагрэюць” непазбежныя хуткія халады?

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *