Не старэюць душой ветэраны

Так было заўсёды, так ёсць і цяпер: на ветэранаў можна спадзявацца ва ўсіх добрых справах. Яны не пашкадуюць свайго часу, не створаць праблем для іншых, а з усёй адказнасцю, кампетэнтна, дакладна, своечасова выканаюць даручэнне. Калі трэба, дапамогуць, арганізуюць, забяспечаць. Іменна пра гэта і гаварыў у справаздачным дакладзе старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк. Актыўная жыццёвая пазіцыя гэтага чалавека вартая захаплення. Ён з актывістамі-ветэранамі раённага савета каардынуе работу 41 пярвічнай ветэранскай арганізацыі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Генрых Міхайлавіч сустракаецца з моладдзю, разам з былымі калегамі сельгаснікамі вырашае вытворчыя пытанні, клапоціцца пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
На справаздачна-выбарнай канферэнцыі Траццяк гаварыў пра работу такіх жа нераўнадушных людзей. Некаму спатрэбілася аказаць матэрыяльную, гуманітарную дапамогу, кагосьці — наведаць дома ці ў бальніцы, восенню паклапаціцца пра тое, каб пажылыя людзі набылі агародніну, а вясною апрацавалі прысядзібныя ўчасткі. Не забывае пацікавіцца пра фестываль “Неспакойныя сэрцы” і пацвярджэнне звання народнага калектыву хорам клуба “Сівізна”.
Многія мерапрыемствы раённы савет грамадскай арганізацыі арганізуе сумесна з ветэранамі педагагічнай працы, ГА “Белая Русь”, ”Беларускі саюз афіцэраў”, райкамам БРСМ і іншымі грамадскімі фарміраваннямі.
Ініцыятыву раённага савета ветэранскай арганізацыі заўсёды падтрымліваюць у пярвічках раёна электрасетак, вузла электрасувязі, СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод”, ЗАТ “Металапластмас”, ЛДАКа, Начаўскага, Крывошынскага, Свяціцкага сельсаветаў і многіх іншых.
Сапраўды, ветэранскія сэрцы неспакойныя. Генрых Траццяк, напрыклад, жыве праблемамі аграрнікаў-вытворцаў. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, ён перакананы, што на землях цяперашняга СВК ”Шлях новы” можна збіраць па 100 цэнтнераў зерневых з гектара. Арганізаваў навукова-вытворчую групу энтузіястаў, і сёлета плануецца правесці некалькі доследаў на атрыманне высокіх ураджаяў. А яшчэ адным з першых менавіта Генрых Міхайлавіч падтрымаў ініцыятыву раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” пасадзіць 1,5-гектарны парк з саджанцаў, якія вырашчаны з жалудоў са стогадовага дуба, што пасадзіла ў Флер’янове Эліза Ажэшка. У перспектыве – аднаўленне палаца Бохвіцаў у Флер’янове і стварэнне музея Элізы Ажэшкі.
Даклад Генрыха Траццяка дапоўнілі старшыні ветэранскіх пярвічак Іван Мароз, Васілій Падзіна, Аліна Дыдышка, Валянціна Бурава, Уладзімір Беляновіч, Міхаіл Варановіч, Андрэй Куркач.
Удзельнікі канферэнцыі зноў аднагалосна выбралі старшынёй раённага савета ГА “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” Генрыха Траццяка.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук і намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў Вера Дарашэнка.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *