Размова па сутнасці пра вынікі і рэзервы

Як паведамляў “ЛВ”, напрыканцы снежня адбылося сумеснае пасяджэнне раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. Справаздачу аб дзейнасці райсавета дэпутатаў 27 склікання ў 2015 годзе і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі трымаў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў нагадаў, што 2015 год адзначыўся пэўнымі станоўчымі вынікамі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Так, у цэлым забяспечваліся дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва. Многае зроблена па добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў, для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, удасканалення жыллёва-камунальнага, гандлёвага, бытавога, транспартнага абслугоўвання насельніцтва, развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, паляпшэння жыллёвых умоў. Разам з тым, давялося сутыкнуцца і з шэрагам абумоўленых, у першую чаргу, сусветным фінансава-эканамічным крызісам негатыўных з’яў у эканоміцы, што ўплывалі на невыкананне асобных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, вялі да зніжэння рэнтабельнасці работы прадпрыемстваў, няпоўнай працоўнай занятасці і г.д.

Безумоўна, уздзеянне негатыўных знешніх фактараў адыгрывае сваю адмоўную ролю. Але, падкрэсліў Яўгеній Юрлевіч, спасылацца ва ўсіх бедах толькі на іх было б несправядліва. Многае залежыць ад аб’ектыўных фактараў: кіраўніцкіх рашэнняў і іх рэалізацыі, прадбачлівасці і гаспадарлівасці кіраўнікоў, дысцыпліны і адказнасці кожнага на сваім працоўным месцы, зацікаўленасці і асабістага ўдзелу ў справах агульнай важнасці ўсіх жыхароў Ляхавіччыны.

Галоўнай задачай органаў мясцовага самакіравання старшыня райсавета дэпутатаў назваў ініцыятыўны ўдзел у рэгіянальных праграмах развіцця, а галоўнай мэтай – паляпшэнне жыцця землякоў. Зразумела, дасягненне гэтай мэты магчыма толькі пры цесным узаемадзеянні заканадаўчай і выканаўчай улады.

Асновай для эфектыўнага функцыянавання органаў мясцовага самакіравання, забеспячэння дзейнасці арганізацый бюджэтнай сферы, стварэння спрыяльных і камфортных умоў жыцця ў раёне з’яўляюцца нарматыўна-прававая і фінансава-эканамічная базы, фарміраванне і пастаяннае ўдасканаленне якіх – сярод асноўных задач раённага Савета дэпутатаў. За мінулы год на сесіях райсавета было прынята 37 рашэнняў, 16 з іх прайшлі абавязковую юрыдычную экспертызу і зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

У рашэннях райсавета сярод іншых знайшлі адлюстраванне пытанні фарміравання і выканання бюджэту, якія складаюць сутнасць фінансава-эканамічнай палітыкі раёна. Прыняты рашэнні па пытаннях дзяржаўнай уласнасці і землекарыстання, распараджэння маёмасцю, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, асобных пытаннях падаткаабкладання, грамадскай бяспекі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ажыццяўлення закупак тавараў за кошт уласных сродкаў і іншыя. Пытанні вузкай накіраванасці ці работы асобных арганізацый і ўстаноў разглядаюцца на пася-джэннях пяці пастаянных камісій райсавета.

Работа са зваротамі грамадзян, сустрэчы з выбаршчыкамі, актыўны ўдзел у штомесячных адзіных днях інфармавання – усё гэта дазваляе дэпутатам, што называецца, трымаць руку на пульсе.

Сярод пытанняў, што традыцыйна найбольш хвалююць нашых землякоў, – навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Таму гэтыя накірункі работы сярод прыярытэтных і для райсавета, і для райвыканкама, сельвыканкамаў. Яўгеній Юрлевіч прыгадаў, што важна не толькі арганізоўваць, каардынаваць і кантраляваць дзейнасць спецыялізаваных службаў, але і максімальна прыцягваць насельніцтва да фарміравання камфортнага асяроддзя пражывання. Тут вітаюцца і экалагічныя акцыі накшталт Тыдня лесу, і агляды-конкурсы на лепшае вясковае падвор’е, і суботнікі па навядзенні парадку, і яшчэ многае іншае, што дазваляе кожнаму жыхару раёна ўнесці свой асабісты ўклад у чысціню, прыгажосць і зручнасць наваколля.

Пытанні падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, збору лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва, работа па прафілактыцы пажараў, стварэнні грамадскіх пунктаў аховы правапарадку і многія іншыя сацыяльна значныя пытанні – у кампетэнцыі сельскіх выканкамаў і Саветаў. Першыя іх памочнікі на месцах – старасты населеных пунктаў. У нашым раёне на гэтыя пасады абраны 66 чалавек.

Кіраўнік райсавета выказаў меркаванне, што дэпутатам трэба больш сур’ёзна працаваць над вырашэннем эканамічных пытанняў. Сёлета рашэннем прэзідыума раённага Савета былі створаны дзве часовыя дэпутацкія групы, якія працавалі ў СВК “Ліпнянка” і ПМК-17: прааналізавалі стан фінансава-гаспадарчай дзейнасці, маральна-псіхалагічны клімат у калектывах, сталі памочнікамі для кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў. У лістападзе пры райсавеце створана маніторынгавая група для аператыўнага разгляду актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, у якой максімальна задзейнічаны дэпутацкі актыў.

Яўгеній Юрлевіч у сваёй справаздачы спыніўся літаральна на ўсіх аспектах сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны, асаблівую ўвагу засяродзіўшы на сельскай гаспадарцы, якая займае вядучае месца ў эканоміцы раёна. У прыватнасці, назваў важнейшымі ўмовамі развіцця АПК павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, пасяўных плошчаў, захаванне пагалоўя БРЖ, зніжэнне сабекошту прадукцыі. Старшыня райсавета прыгадаў пра дзяржаўную падтрымку сельгасвытворцаў: летась з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў гаспадаркі раёна атрымалі 27,5 мільярда рублёў для набыцця ГЗМ, мінеральных удабрэнняў. Больш за 6 мільярдаў на развіццё сельскай гаспадаркі было выдзелена са сродкаў раённага бюджэту. Сельгас-прадпрыемствы карысталіся льготнымі крэдытамі банка і бюджэтнымі пазыкамі, у тым ліку на будаўніцтва і рэканструкцыю вытворчых памяшканняў.

Бясспрэчна, што вынікі працы земляробаў і жывёлаводаў знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі са станам матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгаспрадпрыемстваў, узроўнем механізацыі вытворчых працэсаў. За апошнія гады праведзена пэўная работа па абнаўленні абсталявання на жывёлагадоўчых фермах, зернесушыльных комплексах, будуюцца і ўводзяцца ў строй новыя аб’екты. Сучаснымі сельгасмашынамі і агрэгатамі папоўніліся мехдвары. Сур’ёзная ўвага надаецца культуры землекарыстання.

Сярод галоўных дасягненняў сельскай гаспадаркі ў 2015 годзе – валавы намалот больш як 81 тысячы тон збожжавых і зернебабовых у вазе пасля дапрацоўкі пры сярэдняй ураджайнасці 49,5 цэнтнера з гектара. На 2016 год перад аграрыямі раёна пастаўлены напружаныя задачы, плануецца павялічыць вытворчасць усіх відаў сельгаспрадукцыі. А для гэтага неабходна ўкараняць прагрэсіўныя тэхналогіі, што дазволіць зменшыць затраты на вытворчасць і палепшыць якасць прадукцыі. Сярод асноўных задач – строгае захаванне тэхналогіі вытворчасці.

Па вялікім рахунку, такія ж задачы стаяць і перад прамысловасцю раёна, якае дае каля 36 працэнтаў агульнага аб’ёму прадукцыі і паслуг. Пашырэнне асартыменту, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і змяншэнне яе выдаткаў павялічаць канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса прааналізаваў стан спраў і ў іншых галінах народнай гаспадаркі: будаўніцтве, ЖКГ, гандлі. Па-за ўвагай не засталіся і пытанні прадпрымальніцтва.

Тэмп росту экспарту паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі, энергазберажэнне – з даведзенымі прагнознымі паказчыкамі па гэтых накірунках раён па выніках года справіўся. Як прагучала падчас справаздачы, “не дацягнулі” да прагнозаў экспарт тавараў (ён зменшыўся ў параўнанні з 2014 годам), рознічны тавараабарот, сярэдняя заработная плата. Сярэдняя зарплата ў раёне за студзень-лістапад склала 5 мільёнаў 114 тысяч рублёў (108, 7 працэнта да ўзроўню аналагічнага мінулагодняга перыяду) пры прагнозе 5 мільёнаў 460 тысяч. Плануецца, што ў 2016 годзе яна вырасце не менш чым на 13 працэнтаў.

Эканоміка – трывалы падмурак для развіцця сацыяльнай сферы. Галоўная мэта ажыццяўлення сацыяльнай палітыкі – забеспячэнне дастойнага ўзроўню жыцця кожнага жыхара раёна. Для гэтага аказваецца сацыяльная падтрымка малазабяспечаным сем’ям, сем’ям з дзецьмі, адзінокім пажылым людзям, інвалідам, іншым сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва. Так, за 11 месяцаў 2015 года дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 680 чалавек на суму 1 мільярд 241 мільён рублёў, яшчэ 317 грамадзян атрымалі матэрыяльную дапамогу з фонда сацыяльнай абароны. 64 сям’і забяспечаны бясплатным харчаваннем для дзяцей першых двух гадоў жыцця.

Удасканальваецца сацыяльнае абслугоўванне пажылых людзей і інвалідаў. 587 чалавек знаходзяцца на надомным абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму ў ТЦСАН, 27 землякоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў.

Традыцыйна найбольш важкія бюджэтныя асігнаванні накіроўваюцца на адукацыю і ахову здароўя. Напрыклад, на развіццё апошняй у 2015 годзе ў раёне выдзелена больш за 63 мільярды бюджэтных рублёў. Расходы на адукацыю – 115 мільярдаў.

Важныя задачы вырашаюць і ўстановы культуры раёна, дзейнасць якіх таксама фінансуецца з бюджэту. Яўгеній Юрлевіч падкрэсліў, што за мінулы год у раёне зроблена многае для захавання сацыяльнай стабільнасці, а менавіта яна бадай самы важкі крытэрый для ацэнкі работы і выканаўчай, і заканадаўчай улады. Але і рэзервы для развіцця па-ранейшаму ёсць. І іх у 2016-м трэба выкарыстоўваць па максімуму.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *