Са старым Новым!

Творчыя калектывы гарадскога Дома культуры – захавальнікі народных традыцый. Дарэчы, калядаванне – адна з іх.

Стары  Новы год – свята, якое атрымалася ў выніку змены летавылічэння. Традыцыя адзначаць стары Новы год у ноч з 13 на 14 студзеня ідзе ад разыходжання юліянскага  календара (старога стылю) і грыгарыянскага календара – таго, па якім зараз жыве практычна ўвесь свет.

З-за гэтага разыходжання календароў мы адзначаем два Новыя гады – па старым і новым стылі. Такім чынам, у ноч з 13 на 14 студзеня кожны  можа «дасвяткаваць» самае любімае свята. А для многіх вернікаў  стары Новы год мае асаблівае значэнне, паколькі адзначаецца ён пасля заканчэння каляднага  посту.
На стары Новы год прынята было калядаваць. Пасля заходу сонца і да самай поўначы ходзяць калядоўшчыкі з пажаданнямі гаспадарам здароўя і ўдачы ў новым годзе. Праігнараваць іх лічылася дрэннай прыкметай.
Наогул, па колькасці традыцый і прыкмет са старым Новым годам не можа спаборнічаць ні адно свята.
Гавораць, што ў гэты дзень нельга аддаваць даўгі, маўляў, увесь наступны год прыйдзецца аддаваць. Калі ўсё ж ёсць доўг, пастарайцеся вярнуць яго да наступлення поўначы.
Апраніце што-небудзь новае, калі будзеце адзначаць, тады ўвесь год будзе ўдалым.
Раней прынята было абвязваць вяроўкамі ножкі абедзеннага стала, лічылася, што ўвесь год сям’я будзе ў поўным саставе, і  ў дом не прыйдзе бяда.
Лічылася, што на святочным стале павінна быць шмат страў і абавязкова свініна, каб задобрыць Святога Васілія. Затое нашы продкі верылі, што не варта гатаваць стравы з рыбы і птушкі, каб шчасце не адляцела і не адплыло прэч.  Цікавай традыцыяй на стары Новы год лічылася ляпіць і варыць варэнікі з сюрпрызам. У іх клалі розныя прадметы: перац – жыццё з пярчынкай, цукар – салодкае жыццё, фасолю – папаўненне ў  сям’і, гузік – абноўка, манету – багацце, нітку – дарога.
Па народных прыкметах, на стары Новы год першым у дом павінен зайсці мужчына – лічылася, што гэта прынясе шчасце на ўвесь год.
Стары Новы год – гэта свайго роду метэаралагічны прагноз на ўвесь год. Калі на дрэвах шэрань – год абяцае быць меданосным і зерневым. Калі неба зорнае і выпала шмат снегу – вясна будзе ранняй, а ўраджай – шчодрым. Разыгралася завіруха – будзе добры ураджай арэхаў. Вельмі моцны мароз – раней мая сапраўдную вясну не чакай. А калі дзьме моцны вецер – лета будзе сухое і спякотнае.
У ноч на стары Новы год дзяўчаты па традыцыі варожаць. Найбольш вядомы і распаўсюджаны від варажбы – з валёнкам. Дзяўчаты пачаргова кідаюць валёнак (бот, туфлік) на дарогу і па накірунку «наска» абутку пазнаюць бок, у які выйдуць замуж.
Добра вядомая варажба з люстэркамі нярэдка выкарыстоўваецца і зараз. Дзяўчына садзіцца ў цемнаце паміж двума люстэркамі, запальвае свечкі і пачынае ўглядацца ў іх,  спадзеючыся ўбачыць свайго жаніха. Лепшым часам для гэтай варажбы лічыцца поўнач.
Варажба са спальваннем ніткі заключаецца ў тым, што дзяўчаты адрэзваюць іх аднолькавай даўжыні і падпальваюць. У каго  першай дагарыць нітка – выйдзе замуж. Калі нітка патухла адразу або згарэла не да канца –  замуж не выйдзе.
Або яшчэ. У міску, сподачак або валёнак кладуцца прадметы. Дзяўчына іх выбірае. Выбар сімвалізуе будучае жыццё:  попел – дрэннае жыццё, цукар – салодкае, пярсцёнак – замужжа, цыбуліна – да слёз і г.д.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *