Ёсць сістэма – будзе плён

Святлана Ермаковіч са сваімі лепшымі вучнямі Кацярынай Козел, Ніно Квернадзэ, Палінай Чаранкевіч.

Сёлета на трэцім этапе абласной прадметнай алімпіяды вучні Святланы Ермаковіч сабралі багаты ўраджай узнагарод: дыпломы II і III ступеняў, пахвальны водзыў. І гэта не ўпершыню. Гімназісты, у якіх яна выкладае беларускую мову і літаратуру, з зайздросным пастаянствам становяцца дыпламантамі алімпіяд рознага ўзроўню. Вынікі іспытаў чарговы раз пацвярджаюць, што для перамогі неабходна сістэмная работа. Пэўна, у гэтым і ёсць сакрэт поспеху тандэма “вучань-настаўнік”.

Сёння пра гэта разважае намеснік дырэктара гімназіі і адна з лепшых педагогаў раёна (па выніках 2014 года Святлана Вікенцьеўна ўдастоена статуса “Чалавек года” ў намінацыі “адукацыя”) Святлана Ермаковіч.

Пытанне дзіцячай адоранасці мяне цікавіла заўсёды. Неяк на вочы трапіў артыкул, у якім гаварылася, што на долю геніяльных, таленавітых, адораных і высокаматываваных прыпадае каля 15 працэнтаў ад агульнай колькасці людзей. Калі ўзяць клас з 22 вучняў, то атрымліваецца, што з трыма з іх можна рыхтавацца да прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і пісаць даследчыя працы. Практыка гэта красамоўна даказвае: выбраць вучня, які паспяхова справіўся б адразу з комплексным заданнем, вусным выказваннем і водгукам, настаўніку-філолагу складана.

Педагог павінен распазнаць здольнага вучня яшчэ ў 5 класе. Гэта дзіця неабыякавае да прадмета, умее рашаць нестандартныя заданні, валодае ўчэпістай памяццю. Такога вучня нельга губляць з поля зроку, яго трэба “гадаваць”: даваць дамашнія заданні павышанай цяжкасці ці алімпіядныя заданні па тэме, якая зараз вывучаецца, часцей, чым астатнім, задаваць вершы на памяць, рэкамендаваць для чытання непраграмныя творы беларускіх і замежных аўтараў, прывучаць абавязкова весці сшытак ці папку, куды змяшчаць складаныя для засваення правілы, апорныя схемы і табліцы. У будучага алімпіядніка павінна быць сфарміравана трывалая база ведаў. Такога вучня абавязкова трэба падтрымліваць, адзначаць яго поспехі, але не захвальваць, каб не ўзнікла пачуццё самазадаволенасці і заспакаення. Вучань павінен знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Абавязкова заахвочваю такіх дзяцей да выбару факультатыўных заняткаў па беларускай мове, да ўдзелу ў гульні-конкурсе “Буслік”.

Пачынаючы з 8 класа, такой работы з будучым алімпіяднікам ужо недастаткова. У нашай гімназіі падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях надаецца вялікая ўвага. З гэтай мэтай наладжана работа профільнага лагера ў час канікулаў, размяркоўваюцца стымулюючыя гадзіны. Вялікую дапамогу аказваюць выкладчыкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 9-11 класах такія вучні павінны не толькі выконваць алімпіядныя заданні, але і складаць іх для класа.

Дзе ж браць заданні для падрыхтоўкі да розных этапаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры? Здаецца, усё проста – у інтэрнэце. Іх там сапраўды шмат. Але ёсць яшчэ і зборнікі заданняў, прадметныя часопісы, спецыяльныя курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, заданні, складзеныя самім настаўнікам.

Пад маім кіраўніцтвам тады яшчэ сямікласнікі, а цяпер вучні 8 “А” класа стварылі віртуальны музей беларускіх пісьменнікаў. У ім 22 партрэты і біяграфіі айчынных празаікаў і паэтаў. На аснове сабранага матэрыялу ў дадатку Learning Apps было створана заданне “Пазнай пісьменніка”, дзе неабходна суаднесці імя і прозвішча аўтара з яго партрэтам. Ёсць і іншыя заданні: “Падпішы гады жыцця пісьменніка” і “Суаднясі аўтара і яго твор”. Сабраны матэрыял і пералічаныя заданні, створаныя ў дадатку Learning Apps вельмі запатрабаваны ў вучняў 8-11 класаў пры падрыхтоўцы да іспытаў па беларускай мове і літаратуры. Важна, што спіс аўтараў можна папаўняць, а заданні ўскладняць.

У пазамінулым навучальным годзе мы з вучнямі сённяшняга 8 “А” стварылі галерэю беларускіх мастакоў і спевакоў, дзе змясцілі інфармацыю пра некалькі дзясяткаў творцаў з біяграфіямі і выявамі карцін, сучасныя музычныя гурты і салістаў з запісамі іх беларускамоўных песень. Гэта вельмі каштоўны матэрыял для пашырэння кругагляду вучняў і падрыхтоўкі да вуснага выказвання.

Шматгадовая практыка падрыхтоўкі вучняў да прадметнай алімпіяды паказвае, што калі бацькі высокаматываваных вучняў не з’яўляюцца аднадумцамі настаўніка, то высокіх вынікаў дасягнуць нельга. Таму падтрымка бацькоў абавязковая.

Адораным вучням у гімназіі надаецца шмат увагі. У верасні ладзілася лінейка-наказ. У лістападзе для пераможцаў другога этапу прадметных алімпіяд, алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства” і раённай навукова-практычнай канферэнцыі праводзіцца вечар гонару. Абавязкова праходзяць заняткі з псіхолагам. Для ўдзельнікаў і дыпламантаў трэцяга этапу прадметнай алімпіяды арганізоўваюцца лінейка-сустрэча і “салодкі стол”. Віншаванні змяшчаем на дошцы аб’яў, а імёны лепшых вучняў заносяцца ў альбом “Галерэя славы гімназіі” і на віртуальную дошку гонару на сайце ўстановы. Такая сістэма падрыхтоўкі дае свае вынікі.

Святлана ЕРМАКОВІЧ,

намеснік дырэктара гімназіі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *