Дата сустрэчы не мяняецца

15 лютага. Гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх, каго закранула афганская вайна. З 1979 па 1989 гады праз яе выпрабаванні прайшлі 73 нашыя землякі, трое не вярнуліся дадому – Уладзімір Малахвей, Святаслаў Мядзведскі, Генрых Цыкман.

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў з усіх куткоў раёна з’язджаюцца ў Ляхавічы тыя, каму лёсам было наканавана прайсці афганскімі дарогамі. Надзейныя, адказныя, яны і сёння ў страі. Набылі мірную прафесію, працуюць, маюць сем’і, але гады службы – тое, што засталося ў сэрцы назаўсёды. Штогод, адклаўшы справы, спяшаюцца яны на традыцыйную сустрэчу, каб аддаць даніну павагі загінуўшым сябрам, землякам, аднапалчанам.
У ганаровай варце выстраіліся школьнікі. Застылі на імгненне ў мінуце маўчання “афганцы”, пад гукі марша ўсклалі вянок да помніка воінам-вызваліцелям на плошчы Перамогі.
27 гадоў мінула, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю. Па жыццёвых мерках – працяглы адрэзак часу. Для іх жа служба ў гарачым Афгане была, здаецца, толькі ўчора…
Падпалкоўніку міліцыі запасу Генадзію Савасцюку выпала быць у ліку першых, каму ў мірны час давялося выконваць інтэрнацыянальны абавязак. 37 гадоў назад яго разам з баявымі таварышамі пасля 6 месяцаў службы паднялі па трывозе і адправілі ў Кабул. Затым разведбатальён дывізіі, у якім нёс службу Савасцюк, адправілі ў Баграм, дзе тады ішлі жорсткія баі. Толькі праз некалькі месяцаў родныя даведаліся аб месцы службы Генадзія.
…Урачыстасці перамясціліся ў дзіцячую школу мастацтваў. Да воінаў-інтэрнацыяналістаў са словамі прывітання і падзякі за мужнасць і вернасць прысязе звярнуўся намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Аляксандр Русін уручыў грамату Брэсцкай абласной арганізацыі БСА старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Генадзію Лойку.
Цудоўным падарункам воінам-інтэрнацыяналістам стаў канцэрт, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі раёна.
У гэты ж дзень былыя салдаты наведалі магілы воінаў, загінуўшых у далёкай краіне, і тых, хто памёр у мірны час. Усім “афганцам” і бацькам загінуўшых па традыцыі аказана матэрыяльная дапамога з раённага бюджэту.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Заўсёды рады сустрэчы ветэраны вайны ў Афганістане.

Аляксандр Русін уручае грамату Генадзію Лойку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *