Прафесія – опер

Віталій Давідоўскі і Міхаіл Сцепанькоў.

Цішыню ў кабінеце начальніка аддзялення крымінальнага вышуку РАУС парушае паведамленне па гучнай сувязі: “Група тэрмінова на выезд!”. Значыць, недзе здарылася бяда, значыць, камусьці патрэбна дапамога. Крымінальны вышук – падраздзяленне, на якое ўскладзены нялёгкія задачы, павышаныя нагрузкі і адказнасць за людскія лёсы. З дня ў дзень сямёра супрацоўнікаў аддзялення раскрываюць учыненыя і папярэджваюць новыя злачынствы. Робяць гэта паспяхова – сёлета з пачатку года раскрыта  87 працэнтаў спраў – паказчык вельмі высокі. Па выніках работы за мінулы год сталі лепшымі сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны і трэцімі ў краіне.
Але лічбы ў іх рабоце не самае галоўнае. Не менш важна, наколькі міліцыянеры дапамаглі кожнаму канкрэтнаму чалавеку. Галоўную ацэнку рабоце начальніка аддзялення маёра міліцыі Віталія Давідоўскага і яго падначаленых, як звычайна, ставяць людзі.
– Мы пастаянна пра гэта памятаем. Разумеем, што за кожнае раскрытае злачынства нам ставяць “плюс”, за промах у рабоце – “мінус”. Зразумела, сур’ёзна дапамагаюць разуменне і падтрымка насельніцтва. Апошнім часам становіцца больш тых, хто гатовы дапамагаць міліцыі, – гаворыць  Віталій Пятровіч.

Самым распаўсюджаным у нашым раёне злачынствам з’яўляюцца крадзяжы. Даходзіць да кур’ёзаў: злодзей украў маёмасць у аднаго аднавяскоўца – прадаў яе іншаму земляку, праз дзень-другі ўкраў і ў яго…

Знайсці злачынцу бывае вельмі няпроста. Адзін з галоўных момантаў работы – збор інфармацыі – цалкам залежыць ад камунікабельнасці оперупаўнаважанага.

– Грамадзяне заўжды ідуць насустрач у зборы інфармацыі і раскрыцці злачынства, калі бачаць у супрацоўніку міліцыі шчырае жаданне дапамагчы людзям і раскрыць справу, – лічыць Віталій Давідоўскі.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку цесна ўзаемадзейнічаюць з участковымі інспектарамі міліцыі, якія на сваіх участках ведаюць усё і пра ўсіх. Оперу важна ўмець пераўвасабляцца. Напрыклад, некалькі гадоў назад давялося змяніць міліцэйскую форму на адзенне чыгуначных рабочых, каб затрымаць злодзея, які пасля крадзяжу з магазіна ў Ганчарах хаваўся ў лесе.

Самы малады супрацоўнік падраздзялення лейтэнант міліцыі Генадзій Лойка служыць у райаддзеле паўтара гады. Ён многаму вучыцца ў сваіх больш вопытных калег, такіх як старшы оперупаўна-важаны маёр міліцыі Міхаіл Сцепанькоў. У 1999 годзе пасля дэмабілізацыі з арміі, дзе праходзіў службу ў батальёне міліцыі асобага прызначэння ўнутраных войск, Міхаіл цвёрда вырашыў: яго прафесія – ахова правапарадку і супрацьдзеянне злачыннасці. Пачынаў у патрульна-паставым аддзяленні, потым вучоба ў Баранавіцкай сярэдняй школе міліцыі, пасля яе заканчэння – вяртанне ў родны РАУС, служба ў крымінальным вышуку. На яго рахунку – дзясяткі раскрытых злачынстваў. Міхаіл Сцепанькоў перакананы, што яму пашанцавала знайсці сваё прызванне, справу жыцця:

– Кожны чалавек у пагонах – вайсковец, міліцыянер, супрацоўнік Следчага камітэта, ваенкамата – калега. Мы ўсе выконваем агульную задачу: стаім на ахове бяспекі краіны і яе народа, толькі кожны на сваім участку. У нас свая спецыфіка. Работа ў міліцыі патрабуе глыбокай аналітыкі, разважанняў, трэба дайсці да сутнасці кожнай з’явы, канкрэтнай сітуацыі, канкрэтнага чалавека. Гэта вельмі цікава і вельмі складана.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *