Аб’яднанне добрых спраў

Членаў “Белай Русі” немагчыма не заўважыць. На ўсіх мерапрыемствах яны выдзяляюцца фірменным колерам адзення з лагатыпам аб’яднання. Неабыякавыя і ініцыятыўныя, яны заўсёды ў гушчыні падзей.

Раённая арганізацыя “Белай Русі” за 7 гадоў свайго існавання стала па-сапраўднаму масавым і аўтарытэтным аб’яднаннем, у радах якога прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў. Сёння ў 29 пярвічках больш за 800 членаў.

Канкрэтныя справы “Белай Русі”, якія закранаюць кожную сферу жыцця, сталі яе візітоўкай. Сярод іх – падтрымка дзяцей-інвалідаў, адоранай моладзі, ушанаванне педагогаў, прапаганда здаровага ладу жыцця і іншыя. Штогод на раённым фестывалі “Сузор’е талентаў” падарункі ад “Белай Русі” атрымліваюць педагогі, якія падрыхтавалі дыпламантаў і пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў.

– Адна з самых цёплых і шчырых штогадовых акцый – “Калядны падарунак”, падчас якой на ранішніку, арганізаваным для рабят з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, хлопчыкам і дзяўчынкам уручаюцца падарункі ад раённай арганізацыі. Бачыць шчаслівыя вочы дзяцей так прыемна! – адзначае старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Леанід Калбаса.

У цэнтры заўсёднай увагі членаў “Белай Русі” – інваліды і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні юбілею Перамогі іх віншавалі са святам, а дзевяностагадовыя ўдзельнікі вайны атрымалі ў падарунак радыёпрыёмнікі з лагатыпам арганізацыі.

За кошт сродкаў аб’яднання ўстаноўлены мемарыяльны знак у парку, закладзеным у гонар 70-годдзя Перамогі ва Ураджайнай, “Белая Русь” удзельнічала і ў рэканструкцыі помніка на Кургане Славы.

Да Дня пажылога чалавека віншаванні і падарункі атрымалі стогадовыя землякі.

І гэта далёка не поўны пералік канкрэтных добрых спраў раённай арганізацыі. Члены “Белай Русі” – арганізатары і актыўныя ўдзельнікі сацыяльна важных праектаў, грамадска значных акцый, мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных, прафесійных святаў.

Для “Белай Русі” важна ведаць меркаванні і погляды людзей, іх праблемы і клопаты. Пытанні, з якімі землякі звяртаюцца ў грамадскую прыёмную арганізацыі, самыя розныя. І ні адно не застаецца без увагі.

Члены “Белай Русі” актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх палітычных кампаніях. Падчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі пярвічак, створаных у раёне, былі ў складзе ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, праводзілі пікеты, працавалі ў выбарчых камісіях, былі вылучаны ў якасці назіральнікаў.

Наперадзе выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, і, канешне, члены арганізацыі прымуць у ёй самы актыўны ўдзел.

Энергічныя, нераўнадушныя члены “Белай Русі” не спыняюцца на дасягнутым, шукаюць дзейсныя формы і метады работы, накіраваныя на развіццё раёна, вобласці, краіны.

– Будзем рады бачыць сярод членаў “Белай Русі” таленавітую, творчую моладзь з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, – падкрэслівае Леанід Калбаса.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *