Праўнукі і прадзеды

22 чэрвеня 1941 года і 22 чэрвеня 2011 года. Паміж гэтымі датамі – 70 гадоў. Нарадзілася і вырасла некалькі пакаленняў, але боль і жах першых дзён вайны не забываюцца, стогн зямлі нашай чутны да гэтай пары.

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны гаварылі пра мінулае ліхалецце дзеці – праўнукі былых воінаў. У прышкольным аздараўленчым лагеры “Вясёлка”, што працуе на базе САШ № 2 г. Ляхавічы, яшчэ на ранішняй лінейцы выхавальніца Алена Кісель прапанавала дэвіз мерапрыемства:  “Нам у спадчыну –  памяць і слава”. Затаіўшы дыханне, хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, лёс яе насельнікаў, у тым ліку і дзяцей, якія мужна пераносілі ўсе цяжкасці і нястачы. А пасля школьнікі малявалі. Малявалі тое, што ўяўлялі, пра што чулі і бачылі ў  мастацкіх фільмах і кадрах дакументальнай кінахронікі. Галоўнае, што прысутнічала літаральна ва ўсіх работах, – непакораная крэпасць. 14 дзіцячых малюнкаў прызнаны лепшымі.

А пасля была сустрэча з выкладчыкам ваеннай гісторыі Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага, што ў Санкт-Пецярбурзе, нашым земляком Алегам Беляновічам. На памяць пра сустрэчу рабяты падарылі госцю кнігу пра свой любімы  горад Ляхавічы і запрасілі разам сфатаграфавацца.

Наталля МАЦКЕВІЧ,
галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *