Сяброўкі-саперніцы працуюць на Начаўскай МТФ Ляхавіцкага раёна

Людміла Бубен

Яны працуюць на адной МТФ – Начаўскай цэнтральнай. Два лідары ў адным калектыве па-сяброўску, шчыра і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў. Людміла Бубен летась надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 7244 кілаграмы малака – лепшы паказчык у ДП “Нача”, адзін з лепшых у раёне. Аднак не толькі вытворчымі справамі насычана яе жыццё: Людміла – мама чатырох дзяцей, якіх разам з мужам стараюцца выхоўваць працавітымі, сумленнымі, адказнымі. Як толькі часу хапае ў бацькоў – працуюць жа на ферме. А ўсе чацвёра дзетак – школьнікі. Вось і мяркуйце, ці лёгка з усім справіцца…
Новы працоўны год даярка пачала паспяхова: добрыя надоі, малако ў асноўным гатунку экстра. Людміла звярае асабістыя вынікі работы з вынікамі Наталлі Дараневіч, якая працуе на раздоі кароў і “даганяе” сяброўку. Мінулагодні вынік яе работы – 7039 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, і сёлета яна ў лідарах. Мала назваць Наталлю стараннай даяркай, яна, як жартуюць сяброўкі, “рухавік” усяго калектыву. Да работы ставіцца адказна, іншым дапаможа, а то і заўвагу зробіць, калі што не так. Калі трэба навесці парадак на ферме ці на прылягаючай тэрыторыі, яна першая пакажа прыклад. Таму летам і клумбы тут зацвітаюць, – усім прыемна ў свабодную мінуту палюбавацца.
А дома Наталля – галоўны чалавек для дзвюх дачушак, якія любяць сваю маму і бяруць з яе прыклад ва ўсім, як і з бацькі, што працуе ў гаспадарцы электрыкам.
–Гэтыя аператары машыннага даення ў нас лепшыя, – расказвае намеснік дырэктара ДП ”Нача” Галіна Рамейка. – Іх адносіны да работы – усяму калектыву жывёлаводаў прыклад. Не бывае, каб не хапіла часу на вытворчыя справы, хоць і дома шмат клопатаў. Яны і дзяцей сваіх выхоўваюць такімі ж працавітымі людзьмі.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля Дараневіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *