Бяспека. Кантроль. Адказнасць

У мінулым годзе ў арганізацыях і на прадпрыемствах Ляхавіцкага раёна траўмы на вытворчасці атрымалі 12 чалавек. Адзін з іх – работнік УП “Ляхавіцкая СПМК–18 – загінуў, а 6 атрымалі цяжкія траўмы. “Цяжкія” выпадкі мелі месца ў філіяле “Кааптранс” Ляхавіцкага райпо, ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, СВК “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” і фермерскай гаспадарцы “Уладзімір плюс”. У параўнанні з 2009 годам  колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці павялічылася ў паўтара раза. І ўжо ў бягучым годзе ў раёне зафіксавана 3 выпадкі вытворчага траўматызму. Іх “далі” ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”,  УБП “Ляхавіцкая ПМК–13” і СВК “Канюхі”. Пры гэтым наступствы інцыдэнтаў, якія здарыліся на двух апошніх прадпрыемствах, кваліфікаваны як цяжкія. Сумная паралель яшчэ і ў тым, што сталі яны  вынікам падзення людзей з вышыні.

Сухая, увогуле, статыстыка набывае зусім іншы эма-цыянальны фон у прыбліжэнні, калі за кожным  выпадкам бачыць чалавека, прапусціць праз свядомасць яго  боль і перажыванні. Нягледзячы на прыярытэтнасць дзяржаўнай палітыкі і першачарговасць намаганняў абсалютнай большасці наймальнікаў у вырашэнні задач арганізацыі сістэмы захавання бяспекі людзей у працэсе выканання імі працоўных абавязкаў, вытворчы траўматызм працягвае непакоіць сваёй актуальнасцю.

Мінулы чацвер стаў на Ляхавіччыне раённым днём аховы працы. Маштабнае мерапрыемства, якое, дарэчы сказаць, упершыню адбылося год таму, прайшло з удзелам старшынь райвыканкама і райсавета дэпутатаў Дзмітрыя Бурдука і Яўгенія Юрлевіча, кіраўнікоў і інжынераў па ахове працы прадпрыемстваў і арганізацый раёна ўсіх форм уласнасці, а таксама старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сцяпана Радкаўца, намесніка начальніка Баранавіцкай міжраённай інспекцыі працы Алы Данілавай і іншых.

Маршрут мерапрыемства   пралягаў праз ТАА “Ажуруна”, ДП “Нача”, СВК “Жарабковічы”, ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, УБП “Ляхавіцкая ПМК–17” і УП “Ляхавіцкае ПМС”, дзе ў форме пленарнага пасяджэння і была пастаўлена кропка. Знаёміліся з умовамі працы і санітарна-бытавога забеспячэння работнікаў прадпрыемстваў, наведвалі кабінеты па ахове працы, засяроджвалі ўвагу на адпаведнасць тэхналагічнага абсталявання патрабаванням тэхнікі бяспекі і іншае ў гэтым сэнсе.

“Ажуруна” займаецца вытворчасцю жаночай бялізны і працуе ў кааперацыі з “Мілавіцай”. Узнікла параўнальна нядаўна і размясцілася, па сутнасці, на плошчах               непрыстасаваных памяшканняў Ляхавіцкага РКБА. Па словах дырэктара таварыства Наталлі Рулінскай, адзін толькі рамонт памяшканняў каштаваў прадпрыемству 123 мільёны рублёў. З-за чаго, у многім, “Ажуруна” не выйшла пакуль на рэнтабельнасць. Аднак, больш як паўсотні занятых тут работніц свае, па словах дырэктара, у сярэднім 880 тысяч рублёў атрымліваюць. Работа наладжана па схеме “2 праз 2”: 2 дні з 8 раніцы і да 8 вечара працуе адна брыгада, затым – іншая змена. Для першых жа 2 наступныя дні становяцца выхаднымі. Як адзначыла адна з швачак, такая арганізацыя працы для жанчыны вельмі зручная. Дарэчы, у канцы верасня “Ажуруна” збіраецца пашырыць штат сваіх работнікаў, як было заяўлена, мяркуецца дадаткова стварыць яшчэ 2 вытворчыя брыгады.

Падчас наведвання “Начы” акцэнт быў зроблены на рамонтна-механічнай майстэрні дзяржпрадпрыемства. Кабінет аховы працы, інфармацыйныя стэнды, душавыя кабіны, пакой адпачынку “засталі” функцыянальнымі і ў досыць прывабным выглядзе.

Маніторынг СВК “Жарабковічы” на прадмет адпаведнасці нормам аховы працы быў больш шырокім. Наведалі малочнатаварную ферму “Улазавічы”, сталярны цэх, некаторыя з цэхаў рамонтнай майстэрні. У прыватнасці, прагучала заўвага з нагоды адсутнасці на тэрыторыі машыннага двара гаспадаркі памяшкання для прыёму ежы. Як адзначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, “не толькі душ, пакой для прыёму ежы, але ўжо варта задумацца і аб устаноўцы ў памяшканні РММ пральнай машыны-аўтамата – для мыцця спецадзення механізатараў і работнікаў майстэрні”.

У якасці прыкладу арганізацыі месцаў для абедзеннага адпачынку і прыёму ежы маглі б служыць адпаведныя памяшканні аднаго з будаўнічых аб’ектаў Ляхавіцкай ПМК–17. Капітальныя вагончыкі, утульныя ўнутры, з неабходным наборам мэблі, з добраўпарадкаванай тэрыторыяй вакол пакінулі выдатнае ўражанне.

ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” прымаў раённы дзень аховы працы па новым адрасе – у капітальна адрамантаваным і мадэрнізаваным будынку колішняга прад-прыемства меліярацыйных сістэм.

Некаторыя віды работ лясной галіны – валка лесу, напрыклад, тралёўка – патэнцыяльна з’яўляюцца аднымі з найбольш траўманебяспечных. Таму і ўвага, якая заўжды надавалася тут пытанням арганізацыі аховы працы на вытворчасці. Адсюль і асаблівасці, і, дарэчы, не- малы кошт сродкаў інды-відуальнай аховы асобных катэгорый работнікаў. Спецыяльныя каскі, абутак і адзенне, рукавіцы і шэраг іншага. У размешчаных побач раммайстэрнях, па словах дырэктара Міхаіла Свістуна, для работнікаў створаны належныя санітарна-бытавыя ўмовы. Даводзіцца да канчатковага ладу кабінет па ахове працы.

Ляхавіцкае ПМС таксама 10 гадоў таму, у выніку рэарганізацыі двух меліярацыйных прадпрыемстваў, памяняла вытворчую базу. Дзве майстэрні – для рамонту і абслугоўвання цяжкай  – бульдозераў, экскаватараў – і колавай тэхнікі гэтым часам зусім не шматлюдныя. Рамонтны перыяд у меліяратараў наступае разам з халоднай парой года. Зараз жа ці не ўвесь вытворчы патэнцыял ПМС знаходзіцца на аб’ектах, у тым ліку, і за межамі раёна. Майстэрні ацяпляюцца, абсталяваны неабходныя санітарна-бытавыя памяшканні. Тэрыторыя вакол, а яна па словах начальніка Валерыя Богната, займае больш як 5 гектараў, знаходзіцца ў зайздросным парадку. І хоць каштавала гэта пэўных грошай – вынік таго варты.

Значныя фінансавыя ўкладанні арганізацыі ідуць і на абнаўленне асноўных фондаў: рамонт будынкаў, набыццё новай тэхнікі. Як адзначыў Валерый Богнат, яшчэ 7 гадоў таму тэхніка рухомая, скажам так, частка асноўных фондаў была зношана на 94 працэнты. Цяпер жа гэты паказчык складае ўсяго каля 24 працэнтаў.

Выступаючы на пленарным пасяджэнні, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Юруць акрэсліў сітуацыю з аховай працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах Ляхавіцкага раёна. Прывёў прыклады, выказаў меркаванні з нагоды шляхоў максімальнага ўдасканалення арганізацыі сістэмы аховы працы і іншае.

Добрай традыцыяй назвала правядзенне дня аховы працы Ала Данілава. Гэта, па яе словах, дазваляе ўбачыць недахопы ў арганізацыі сістэмы бяспечнай працы, і, наадварот, дае падказкі ў плане іх правільнага выкаранення. Спынілася на фактах: у прыватнасці, толькі адзін з усіх убачаных падчас дня аховы працы такарных станкоў поўнасцю адпавядае патрабаванням тэхнікі бяспекі.

Сцяпан Радкавец таксама выказаў пажаданне, каб правядзенне падобнага роду мерапрыемстваў стала нормай. Было адзначана, сярод іншага, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія былі наведаны, у плане арганізацыі сістэмы бяспекі працы і забеспячэння работнікаў санітарна-бытавымі ўмовамі пэўным чынам саступаюць убачанаму ў арганізацыях іншага профілю.

“Здароўе – дарагое, жыццё – бясцэннае”, – падвёў вынік Дзмітрый Бурдук. Апроч таго, старшыня райвыканкама звярнуў увагу на тры крытэрыі ў сістэме аховы працы любога з прадпрыемстваў: наймальнік абавязаны стварыць усе ўмовы для бяспечнай работы сваіх працаўнікоў; павінна быць пабудавана сістэма кантролю за выключным выкананнем правілаў і норм тэхнікі бяспекі; і, нарэшце, у кожнага работніка на любым з участкаў павінна прысутнічаць асабістае пачуццё адказнасці за скрупулёзнае іх выкананне.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *