У натхнення новыя імёны. У мінулую пятніцу ў Ляхавічах прайшоў традыцыйны раённы фестываль “Сузор’е талентаў” /фота/

Юлія Матчэня захапляецца літаратурай,   Арцём Маргаеў і Таццяна Чаранкевіч – біялогіяй, Раман Кендыш – геаграфіяй, Сямён Кулагін – гісторыяй, Ганна Барыскіна – матэматыкай, Кацярына Мацулевіч – дзюдо, Павел Новік – гандболам, Настасся Пабягайла – футболам. Кола захапленняў Ніно Квернадзе і ўвогуле надзвычай шырокае, а на першым месцы – мовазнаўства. І такіх таленавітых рабят на Ляхавіччыне шмат.

Каля 100 юных зорачак, якія інтэлектуальнымі, творчымі, спартыўнымі перамогамі ўслаўляюць сваю малую радзіму, школу, сабраліся ў мінулую пятніцу ў ГДК на традыцыйны раённы фестываль “Сузор’е талентаў”. Побач з рабятамі – любімыя настаўнікі, якія не толькі навучылі іх азам майстэрства, але і натхнілі на новыя дасягненні. Разам яны вучацца, майструюць, займаюцца даследаваннямі і вынаходніцтвамі. І вынік сумесны – поспех адоранага вучня і таленавітага настаўніка.

Вельмі хваляваліся ад вялікай увагі да іх галоўныя “віноўнікі” свята – мэтанакіраваныя інтэлектуалы і музыканты, даследчыкі і спартсмены, танцоры і турысты. Радаваліся за сваіх выхаванцаў педагогі і трэнеры, ганарыліся бацькі і сябры.

А якую выставу творчасці паказалі юныя майстры.  17 школ – 17 цудоўных, у ззянні вясёлкавых фарбаў, экспазіцый. Як ні захапляцца разьбой па дрэве вучняў Свяціцкай школы, выцінанкамі рабят з Начаўскай школы. Майстры канструявання і мадэліравання з Тальмінавіцкай школы неаднойчы здзіўлялі журы многіх конкурсаў. Вось і сёлета выратавальны карабель, зроблены Яўгеніем Страмавусам і Максімам Варанцом, – сапраўдны шэдэўр.

Свята разам з удзельнікамі фестывалю раздзялілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Зразумела, побач з выхаванцамі і калегамі была і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. “Сузор’е” адкрывае новыя імёны, талент якіх заварожвае, радуе і натхняе.

У намінацыі “З навукай у будучыню” ўшаноўвалі пераможцаў і прызёраў раённых, абласных, рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Не засталіся без увагі лепшыя спартсмены і турысты, пераможцы рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтваў, злётаў, дыпламанты ў намінацыі “Са спортам і турызмам па жыцці”. Творчыя работы юных умельцаў, як і выдатныя выступленні танцораў, спевакоў і музыкантаў, былі адзначаны на выставах, фестывалях, у тэатральных і музычных конкурсах. Лепшых з лепшых юных самадзейных артыстаў віталі і ў намінацыі “Адоранасць у творчасці”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *