Канвеер па правілах. У гаспадарках Ляхавіцкага раёна ў разгары касавіца

У многім і ад таго, як пройдзе цяперашняя касавіца, наколькі прадукцыйна папрацуюць гаспадаркі , будзе залежыць іх далейшы дабрабыт. Багатыя і збалансаваныя рацыёны статка – гэта надоі і прывагі, а ў выніку – грошы сельгаспрадпрыемстваў.
Сёлета для зімоўкі патрэбна нарыхтаваць у сярэднім па 26 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў на ўмоўную галаву БРЖ, з якіх трэцяя частка прыходзіцца на травы першага ўкосу. Пакуль у наяўнасці 2,5 цэнтнера на ўмоўную галаву. Па стане на 30 мая назапашана 297 тон сена, 16800 тон сенажу, з якіх амаль 4000 тон у рулонах. Практыка паказвае, што кармы ў рулонах, абцягнутыя плёнкай, па спажыўных якасцях значна пераўзыходзяць самы высакаякасны сянаж з траншэі. Каб стварыць такія запасы, неабходна спецыяльная тэхніка – зусім не танная. Напрыклад, у аграрным каледжы такая тэхніка ёсць, але пакуль не працуе на поўную магутнасць: тут назапашана толькі 0,47 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Каляджане чакаюць дапамогу з СВК “Ляхавіцкі” для закладкі сенажу ў траншэі.
Пакуль адстае ад сярэднераённых тэмпаў СВК “Шлях новы”. Пачалі нарыхтоўку крыху пазней з-за несвоечасовай падрыхтоўкі тэхнікі. Яе ў сельгаспрадпрыемстве, трэба сказаць, хапае – і для таго, каб на корманарыхтоўках працавала тры звяны, не паўтара, як цяпер. Гэта ўпушчэнне інжынернай і агранамічнай службаў.
На касавіцы пакуль бясспрэчны лідар ДП “Нача”: у запасе па стане на перадапошні дзень вясны – 6,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Магутная кормаўборачная тэхніка, дагледжаны травастой, кваліфікаваныя спецыялісты і механізатары, новыя тэхналогіі – арсенал, які дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы начаўскім аграрыям. У тройку лепшых таксама ўваходзяць СВК “Ляхавіцкі” і ЗАТ “Белпрампрыбор”, прычым у “Белпрампрыборы” ўвесь сянаж толькі ў рулонах.
Хто не дабраў запланаванае, трэба паспяшацца, не спадзявацца на ўраджайнасць траў другога ўкосу і кукурузу. І пры гэтым не забываць пра тэхніку бяспекі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *