Канал плюс. Паўвека ў суполцы з вадой і зямлёй

Ганаровы меліяратар машыніст экскаватара УП «Ляхавіцкае ПМС» Анатолій Цімашкевіч.

Гэтыя людзі цвёрда стаяць на зямлі. На любой: перасушанай сонцам ці ветрам, з нелаяльным рэльефам, пераўвільготненай і нават на самай сапраўднай багне. І не проста стаяць – знаходзяць пры гэтым мудрасць падставіць плячо іншым. Ці задумваліся вы, наколькі больш вузкім быў бы сёння сельскагаспадарчы клін раёна, калі б не меліярацыя і не меліяратары? А па ляхавіцкіх каардынатах, між іншым, далёка не самае “вялікае балота” ў вобласці. Тым не менш, па інфармацыі мясцовага ПМС, 22 тысячы гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў раёна ў “мінулым жыцці” з’яўляліся забалочанымі ці блізкімі да такога стану кавалкамі зямной паверхні. З 46,4 тысячы сельгасгектараў увогуле.

Сёлетняе прафесійнае свята ляхавіцкім меліяратарам дарэчы было б адзначыць у асаблівым убранні. Пад золата. Ці, як бюджэтны варыянт, пафарбаваць у жоўты свой фірменны лагатып-шасцівугольнік: 50 гадоў назад у наш раён прыйшла меліярацыя. У якасці магутнага штуршка (спачатку) і нястомнага рухавіка (пазней) прагрэсу выступіла дзяржаўная праграма меліярацыі Палесся. Гэты прыродна-пераўтваральны праект стартаваў у першай палове 60-х і сярод сабе падобных лічыцца адным з буйнейшых у савецкай практыцы. У чэрвені паўвека назад у сталіцы Палесся Пінску запрацаваў “Галоўпалессевадбуд” – магутнейшая структура, непасрэдны каардынатар усіх і ўсяго, што тычыцца асушэння палескіх балот. Ляхавіччына не Палессе: у тэрмінах і абазначэннях той праграмы раён праходзіў усяго толькі як паўночны буфер Палесся. Рэгіён быў “упісаны” ў праграму, меліярацыйная эпапея пачалася.

У верасні 1966 года ствараецца Ляхавіцкае міжраённае ўпраўленне асушальных сістэм. МУАС выконвала, як правіла, даглядныя работы на аб’ектах міжгаспадарчай меліярацыйнай сеткі. Акрамя таго, на ўпраўленне ўскладаўся шэраг каардынацыйных і арганізацыйна-распарадчых функцый: падбор аб’ектаў, планаванне аб’ёмаў работ, заключэнне падрадных дагавораў. Па сутнасці, на МУАС ляжала адказнасць за тэхнічны стан і функцыянальнасць сістэм меліярацыі не толькі нашага, але і суседніх Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў.

Паралельна з асушэннем трэндам 70-х гадоў стала таксама і арашэнне. На калгасных і саўгасных палетках усё часцей можна было сустрэць дажджавальныя сістэмы. Грувасткія, металаёмістыя, эксплуатацыйна няпростыя канструкцыі патрабавалі ўважлівага клопату, які дадатковым грузам лёг на плечы ўжо не МУАС а  МУААС. Рэбрэндзінг здарыўся ў 1975-м і стаў першым, але далёка не адзіным у чарадзе перайменаван-няў меліярацыйнай арганізацыі.

Зрэшты, змена шыльды не цягнула за сабой функцыянальную ломку. Эксплуатацыя, абслугоўванне, рамонт, пазней рэканструкцыя і будаўніцтва меліярацыйных сетак і асобных аб’ектаў былі, ёсць і будуць задачамі МУАС, МУААС, ПМС.

Няпростыя для эканомікі канец 90-х – пачатак 2000-х асаблівымі цяжкасцямі “ўзнагародзілі” прадпрыемствы, спецыялізаваныя на рознага кшталту меліярацыйных работах. Дзяржаўнае фінансаванне рамонтна-эксплуатацыйных і меліярацыйна-будаўнічых работ істотна зменшылася. Вытворчыя структуры аказаліся пастаўленымі на мяжу выжывання. Не стала выключэннем і наша на той момант ужо РУП МС “Ляхавіцкае ПМС”. Змагаліся, караскаліся. І паступова балотная жыжа пераўтваралася ва ўсё больш цвёрдую субстанцыю, можна было абаперціся, адштурхнуцца і выбрацца з багністых эканоміка-вытворчых хваль. Памятаеце прытчу пра жбан з малаком і дзвюх жабак, якія ў ім апынуліся?..

З мэтай загрузіць вытворчыя магутнасці, утрымаць калектыў прафесіяналаў Ляхавіцкае ПМС стала на шлях дыверсіфікацыі работ і паслуг. Дастаткова запатрабаваным на той час відам работ з’яўлялася і ўладкаванне сістэм ліўнёвай каналізацыі. Тэхналогію і практыку пракладкі ліўнёўкі асвоілі хутка, напрацавалі аўтарытэт, пайшлі падрады. Далей – яшчэ больш нетрадыцыйнага. Меліяратары ўзяліся за будаўніцтва палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, рэкультывацыю выпрацаваных кар’ераў, праводзілі геапластыку тэрыторый, рыхтавалі землю пад перазалужэнне, іншае.

Усё з пералічанага мае працяг і застаецца актуальным. Канешне, не ва ўрон сваім профільным абавязкам і клопатам. Складанейшы комплекс гідратэхнічных збудаванняў раёна – 1290 кіламетраў каналаў, 30 мастоў, 17 шлюзаў-рэгулятараў, 226 труб-рэгулятараў, 443 трубы-пераезды, 7 помпавых станцый, 159 кіламетраў дарог і сотні іншых тэхніка-тэхналагічных “адзінак” патрабуюць паўсядзённай пільнай і ашчаднай увагі. Зараз – як і паўвека назад.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *