Пад прыцэлам камер

Начальнік інспекцыі часовага ўтрымання Аляксандр Кендыш і міліцыянер дзяжурны Юлія Дзяшук.

Заўтра адзначаецца дзень утварэння   спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў органаў унутраных спраў

У міліцэйскім календары 16 чэрвеня пазначана як дзень утварэння спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, да якіх адносяцца і ізалятары часовага ўтрымання.
За 29 гадоў Аляксандр Кендыш у сваёй прафесіі прайшоў шлях ад сяржанта да падпалкоўніка міліцыі, ад міліцыянера-дзяжурнага ізалятара часовага ўтрымання РАУС да начальніка гэтага падраздзялення.
Летам 1987 года Аляксандр з’явіўся ў раённым аддзеле ўнутраных спраў з важкім “козырам” на руках – характарыстыкай-рэкамендацыяй ад участковага Уладзіміра Аўсея, які змог разглядзець у вясковым хлопцу рысы, неабходныя для вартавога парадку – прынцыповасць, адказнасць, надзейнасць.
І сёння, начальнік РАУС Эльдар Вільчкоўскі характарызуе Аляксандра Кендыша як выдатнага прафесіянала. Што і пацвярджае: прызнанне яго лепшым міліцыянерам Брэстчыны.
Службу супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання ніяк нельга назваць спакойнай. Як правіла, у ІЧУ ўтрымліваюцца (да 15 сутак) арыштаваныя асобы, у адносінах якіх узбуджана крымінальная справа і вядзецца следства. Ахоўны канвой падчас суда і дастаўка арыштаваных у пункт прызначэння – таксама ў абавязках супрацоўнікаў ізалятара. Частыя “пастаяльцы” тут – сямейныя скандалісты, дробныя хуліганы, абавязаныя асобы, тыя, на каго пастановай суда накладаецца адміністрацыйнае пакаранне – арышт да 15 сутак.
Сёлета за 5 месяцаў у ІЧУ пабывалі 344 чалавекі. Па словах начальніка ізалятара, 80 працэнтаў іх трапляюць сюды не ўпершыню. Камеры разлічаны на 2- 4 чалавекі. Усё па рэжыме: пад’ём у 6 гадзін раніцы, адбой у 22 гадзіны. Ёсць нават свая бібліятэка, пачытаць кнігі можна з 20 да 21 гадзіны. Вядзецца кругласутачнае відэаназіранне – уся інфармацыя выводзіцца на экран у аператыўна-дзяжурную часць райаддзела.
Штат ІЧУ налічвае сем чалавек. Тут нясуць службу вопытныя (міліцэйскі стаж больш за 20 гадоў у кожнага) міліцыянер-дзяжурны Аляксандр Ляшук і міліцыянер-вадзіцель Міхаіл Місько. Многаму ў іх вучацца навічкі, якія служаць у міліцыі першы год: Эдуард Чаранкевіч, Арцём Станіславовіч, Аляксандр Русакевіч і Юлія Дзяшук. А вопыт, на думку старэйшых калег, абавязкова прыйдзе: усяму свой час.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *