Уборка яшчэ не генеральная
Для некаторых гаспадарак раёна ўборка доўжыцца добры ўжо тыдзень. Канешне, не ў рэжыме нон-стоп і не ў поўную сілу, аднак, факт.
Рапс зараз з’яўляецца галоўным прыярытэтам. У цэлым па АПК убрана больш за палову яго намінальных раённых плошчаў. Ураджайны збор насення некалькі не дацягвае да 2 дзясяткаў цэнтнераў з гектара. Магчыма, пакуль, бо не сказаў яшчэ свайго слова традыцыйна ўраджайны СВК “Ляхавіцкі”. А ў не менш ураджайных “Жарабковічаў” “рапсодыя” толькі-толькі стартавала. Першыя і, верагодна, не самыя лепшыя 2 дзясяткі абмалочаных гектараў далі амаль па 30 цэнтнераў кожны.
У ліку прадпрыемстваў раёна, дзе нязжатых рапсавых палос ужо не засталося, значыцца СВК “Дарава”, вынікі работы якога досыць аптымістычныя. Кожны з 88 рапсавых гектараў аказаўся шчодрым на больш як 22 цэнтнеры насення. Гэта з’яўляецца трэцім вынікам у раёне і здаецца зусім нядрэнным для ў значнай ступені “горнай” гаспадаркі. Іменна па ўзвышаных месцах, як ведаем, найбольш жорстка прай-шлася сёлета спякота пачатку чэрвеня.
“Дарава” вядзе і абмалот зерневых: трыцікале, у прыватнасці, з далейшым яго плюшчэннем і закладкай на захоўванне.
Як адзначыў старшыня сельгаскааператыва Уладзімір Пятроўскі, на гэтыя мэты пускаюць зерне з адноснай вільготнасцю не менш як 25 працэнтаў. За пару дзён работы такім чынам было падрыхтавана каля 50 тон зерня. У сезонных планах гаспадаркі, па словах старшыні, закансерваваць 120–130 тон зерневых шматкоў. Дарэчы будзе
адзначыць факт: іменна СВК “Дарава” некалькі год таму стаў пачынальнікам гэтай справы ў раёне. Зараз плюшчэннем зерня займаюцца многія сельгасарганізацыі Ляхавіччыны. Сярод іх ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ДП “Нача”, СВК “Шлях новы”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”. І па ста- тыстыцы ўчарашняга дня, раённыя закладкі плюшчанага зерня наблізіліся да 600 тон.
У “Дараве” працэс плюшчэння арганізаваны кампактна, з выкарыстаннем адмысловага кансерванта, непасрэдна ля жывёлагадоўчай фермы. Прамое кіраўніцтва работамі ажыццяўляе памочнік начальніка вытворчага ўчастка Аляксей Садоўскі. Сярод яго часовых падначаленых Мікалай Гарбаты і Антон Махнач – мясцовыя жыхары, пенсіянеры. “Кожны год прыходзяць нам на дапамогу, добрыя людзі, дысцыплінаваныя і адказныя работнікі”, – дае характарыстыкі Уладзімір Пятроўскі.
У раёне вядзецца і церабленне льну. У першую чаргу гаворка ідзе пра льнозавод, дзе выцераблена ўжо трэць неабходных плошчаў. Абазначылі ўдзел у работах таксама райаграсэрвіс і льнонасенстанцыя.
Іван КАВАЛЕНКА

